Помощь в написании студенческих работ
Антистрессовый сервис

Антонімія як спосаб арганізацыі беларускіх прыказак

КурсоваяПомощь в написанииУзнать стоимостьмоей работы

Найбольш вялікі ў колькасных адносінах і прадстаўнічы клас («ядро» антаніміі беларускай мовы) утвараюць антонімы, якія рэалізуюць кантрарную (лац. contarius — супрацьлеглы) пазіцыю. Ім уласцівы градуальныя апазіцыі, кампаненты якіх характарызуюцца рознай ступенню ці градацыяй адной і той жа прыметы. Кантрарная супрацьлегласць выражаецца відавымі паняццямі «X» і «Y», паміж якімі магчыма трэцяе… Читать ещё >

Антонімія як спосаб арганізацыі беларускіх прыказак (реферат, курсовая, диплом, контрольная)

Курсавая праца Антанімія як спосаб арганізацыі беларускіх прыказак Мінск, 2012

ЗМЕСТ

Уводзіны

1. Паняцце антаніміі

2. Тыпы антонімаў у беларускіх прыказках

3. Стылістычныя і функцыянальныя патэнцыі антонімаў у беларускіх прыказках Заключэнне Спіс літаратуры Дадатак

УВОДЗІНЫ

прыказка антанімічный лексічныя стылістычныя Прыказкі карэнным чынам адрозніваюцца ад усіх іншых фальклорных жанраў. Ужо тое, што прыказка не складаецца ў маўленні, а ўзнаўляецца ў памяці як гатовы слоўны комплекс, дазваляе ставіць яе ў адзін рад з такімі моўнымі адзінкамі, як слова, фразеалагізм, састаўны тэрмін, крылаты выраз. Прыказкі, у адрозненне ад іншых жанраў фальклору, ніколі не выконваюцца, не спяваюцца, як, напрыклад, народныя песні ці прыпеўкі, не расказваюцца, як казкі, анекдоты ці гумарэскі, не прапануюцца для разгадвання, як загадкі, — словам, самастойна не бытуюць, а, выкліканыя канкрэтнай жыццёвай з’явай, у патрэбны момант устаўляюцца ў маўленне як афарыстычнае выказванне, праверанае вопытам многіх пакаленняў.

Прыказка як разнавіднасць тэксту ўяўляе сабой сэнсава аб’яднаную паслядоўнасць знакавых адзінак, асноўнымі прыкметамі якой з’яўляюцца звязнасць і цэласнасць [14, 11]. Паняцце звязнасці арыентуецца на структурную арганізацыю тэксту, а паняцце цэласнасці - на яго зместавую арганізацыю. Такім чынам, прыказка мае пэўнае моўнае выражэнне, што знаходзіць лагічнае адлюстраванне ў формуле «план зместу і план выражэння».

Прыказкі вызначаюцца багатым асацыятыўным зместам, таму адны і тыя ж творы выкарыстоўваюцца ў розных жыццёвых сітуацыях. Гэтаму спрыяе іх мастацкая дасканаласць, якая праяўляецца і ў кампазіцыі, і ў вобразнасці, і ў рытміцы, і ў рыфмоўцы. У стварэнні надзвычай ёмістых і яркіх мастацкіх вобразаў народ трапна ўжывае сінтаксічны паралелізм, антытэзу.

Даволі шырокае функцыянаванне антонімаў з’яўляецца прыкметнай адзнакай беларускіх прыказак, што абумоўлена багаццем і разнастайнасцю лексічнага складу мовы, яе каларытам і вобразнасцю. Вельмі часта ў прыказках выкарыстоўваецца цікавы мастацкі прыём, заснаваны на лексічнай антаніміі, што робіць выказванні асабліва выразнымі, экспрэсіўнымі.

На сённяшні дзень у айчынным мовазнаўстве не існуе поўнага ўяўлення аб выкарыстанні і функцыянаванні антонімаў у прыказках, якія пакуль што не былі аб’ектам спецыяльнага вывучэння. Таму дадзеная праца прысвечана аналізу антанімічных пар, засведчаных у беларускіх прыказках.

Мэты і задачы даследавання:

— вывучыць мову літаратуры па выбранай тэме;

— прааналізаваць спецыфіку прыказак;

— вывесці ролю і функцыі лексічнай антаніміі ў беларускіх прыказках.

Дадатак змяшчае спіс выкарыстаных у працы прыказак з антанімічнымі парамі ў алфавітным парадку.

Крыніцамі для аналізу беларускіх прыказак з’яўляюцца парэміялагічныя слоўнікі - працы А. Аксамітава, У. Лазоўскага, І. і Р. Шкрабы, Ф. Янкоўскага, І. Лепешава і М. Якалцэвіч [2, 5, 8, 15, 16].

1. ??? ??????

Антонімы (ад грэч. anti — супраць, onyma — імя) — гэта словы з супрацьлеглымі значэннямі. Яны ўяўляюць сабою прасцейшыя слоўныя аб’яднанні, кожнае з якіх складаецца толькі з дзвюх адзінак. Супрацьпастаўленыя ў значэннях, такія адзінкі ўтвараюць антанімічную пару. З’ява парнага супрацьпастаўлення значэнняў слоў называецца лексічнай антаніміяй [5, 3]. Праблема антаніміі - шматаблічная: яна даследуецца не толькі ў лінгвістыцы, але і ў філасофіі і логіцы. Яе асновай ў лінгвістыцы з’яўляецца супрацьлегласць значэнняў слоў, якія выражаюць супрацьлеглыя паняцці. Толькі тады словы лічацца антонімамі, гэта значыць супрацьлеглымі па значэнню, калі яны называюць паняцці, звязаныя паміж сабою. Так, легкі і цяжкі з’яўляюцца антонімамі, таму што выражаюць супрацьлеглыя, але звязаныя паміж сабою паняцці малога, нязначнага цяжару і вялікага, значнага цяжару. Словы блізкі і далёкі з’яўляюцца таксама антонімамі, таму што выражаюць супрацьлеглыя, але звязаныя паміж сабою паняцці нязначнай адлегласці і значнай адлегласці. Аналагічна лічацца антонімамі назвы супрацьлеглых, але звязаных паміж сабою паняццяў гарачы і халодны (з высокай тэмпературай і з нізкай тэмпературай); дзейнасць і бяздзейнасць (актыўнасць і пасіўнасць); маладосць і старасць (стан, уласцівы маладому чалавечаму арганізму, і стан, уласцівы старому чалавечаму арганізму) і пад.

Лексічная антанімія — з’ява шматпланавая. У яе саставе вычляняюцца наступныя класы антонімаў, для кожнага з якіх характэрны спецыфічныя асаблівасці супрацьпастаўлення значэнняў слоў:

1) антонімы, якія з’яўляюцца крайнімі супрацьлеглымі пунктамі ў сістэме аднародных паняццяў (якасці, стану, каардынацыйнага і часавага супалажэння) і тым самым дапускаюць магчымасць узнаўлення між імі новых антанімічных пар з меншай ступенню супрацьлеглаці значэнняў, а таксама сярэдняга члена, адносна якога супрацьпастаўленыя ў значэннях словы размяшчаюцца сіметрычна: малады — маладаваты — сталы — стараваты — стары, лёгкі - легкаваты — звычайны — цяжкаваты — цяжкі, перад — сярэдзіна — зад, верх — сярэдзіна — ніз, будучы — цяперашні - мінулы, учора — сёння — заўтра. Сярэдні член можа замыкаць антанімічную пару ці адкрываць новую, і ў такіх выпадках, асабліва ў антонімах з часавым супалажэннем, магчыма дваякае, а то і траякае супрацьпастаўленне. Так, на базе пары з сярэднім членам учора — сёння — заўтра дапускаюцца яшчэ супрацьпастаўленні ўчора — сёння і сёння — заўтра;

2) антонімы, значэнне аднаго з якіх цалкам узаемаадмаўляе значэнне другога: відушчы — сляпы, вільготны — сухі, жанаты — халасты, жывы — мёртвы, жыццё — смерць, праўда — хлусня, праўдзівы — хлуслівы, цалкам — ураздроб. Адмаўленне любога члена кожнай такой пары дае значэнне супрацьлеглага яму члена: калі не відушчы, то сляпы, калі не сляпы, то відушчы; калі не жанаты, то халасты, калі халасты, то не жанаты. Магчымасць узнаўлення ў рамках гэтых пар новых антанімічных пар са змешанай ступенню супрацьлегласці, як і сярэдняга члена, — выключана;

3) антонімы, якія выражаюць супрацьлеглую накіраванасць дзеянняў, а таксама некаторых супрацьлеглых па значэнню ўласцівасцей і прыкмет: загрузіць — выгрузіць, зашрубаваць — адшрубаваць, жаніцца — разводзіцца, лажыцца — уставаць; мабілізацыя — дэмабілізацыя, павышэнне — паніжэнне, падыход — адыход, хітрасць — контрхітрасць; дзяржаўны — антыдзяржаўны, наступальны — контрнаступальны.

Разнавіднасцю гэтага класа з’яўляюцца антонімы-канверсівы (ад лац. conversiф — ператварэнне): выйграць — прайграць, даць — узяць, здабыць — страціць. Для існавання такіх антонімаў абавязковы два суб’екты-ўтваральнікі дзеяння, кожны з якіх выконвае супрацьлеглую функцыю. Сапраўды, нельга каму-небудзь выйграць што-небудзь, пакуль хто-небудзь іншы не прайграе адпаведнае. Аналагічна немагчыма каму-небудзь уручыць што-небудзь іншаму, пакуль такі іншы не возьме ўручаемага. Такім чынам, гаворка фактычна ідзе пра розныя грані аднаго і таго ж дзеяння, працэсу, у дадзеным выпадку: выйгрышу — пройгрышу чаго-небудзь, дачы — узяцця чаго-небудзь.

Паводле структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя.

У рознакаранёвых антонімах значэнне супрацьлегласці выражаецца іх семантыкай. Па гэтай прычыне іх называюць яшчэ семантычнымі: дабро — зло, левы — правы, сухі - мокры, рана — позна, смех — плач, сыты — галодны, ціша — бура, яўны — тайны. Некаторыя рознакаранёвыя антонімы могуць утрымліваць у сваім складзе розныя прэфіксы, дзякуючы якім іх антанімічнасць узрастае: засушыць — вымачыць, надзімацца — западаць, намакаць — прасыхаць, павялічыць — зменшыць, павысіць — панізіць, падкурчыць — выпрастаць.

У аднакаранёвых антонімах супрацьлегласць выражаецца толькі прэфіксамі, таму іх называюць граматычнымі або прэфіксальнымі. Пры гэтым прэфіксы незалежна ад суадносін з часцінамі мовы супрацьпастаўляемых у значэннях слоў могуць далучацца як да кожнага з іх (дажынкі - зажынкі, даход — расход, закаціць — выкаціць, замкнуць — адамкнуць, стыкоўка — расстыкоўка, узысці - зайсці, уключаць — выключаць, ускочыць — саскочыць, усходні - заходні), так і толькі да аднаго з двух (літасцівы — бязлітасны, быццё — небыццё, гукаць — адгуквацца, давер’е — недавер’е, дзейнасць — бяздзейнасць, легальны — нелегальны, магчымы — немагчымы, пагода — непагадзь). Неабходна памятаць, што антонімам з прэфіксам нез’яўляецца толькі такое слова, якое выступае носьбітам новага значэння, новага паняцця: воля — няволя, кемлівы — някемлівы, кепска — някепска, ласка — няласка, шчасце — няшчасце. Калі ж гэтая ўмова парушаецца, то тады ў наяўнасці толькі адмаўленне пэўнай якасці, стану, дзеяння і пад.: мелкі - не мелкі, хворы — не хворы, ныраць — не ныраць, працаваць — не працаваць.

Лексічныя антонімы характэрны для прыметнікаў, назоўнікаў, дзеясловаў, прыслоўяў.

Найчасцей супрацьпастаўляюцца ў значэннях якасныя прыметнікі, таму што любая якасць можа быць супрацьпастаўлена паводле яе меншай ці большай ступені: высокі - нізкі, гарачы — халодны, добры — кепскі, мелкі - глыбокі, радасны — сумны, разумны — дурны, рэдкі - густы, тонкі - тоўсты, шчуплы — мажны. Адносныя і прыналежныя прыметнікі супрацьпастаўляюцца ў значэннях, як правіла, пры наяўнасці канкрэтнага назоўніка: мірны — ваенны час, разведвальнае — контрразведвальнае падраздзяленне, фізічная — душэўная прыгажосць, халасты — жанаты чалавек.

Сярод антонімаў-назоўнікаў выдзяляюцца дзве асноўныя разнавіднасці. Першая з іх — гэта тыя, якія супрацьпастаўлены ў значэннях паводле апрадмечанай якасці, другая — гэта супрацьпастаўленні ў значэннях паводле апрадмечанага дзеяння. Пары з апрадмечанай якасцю, будучы ўтворанымі ад адпаведных прыметнікаў, адлюстроўваюць антанімію апошніх: багацце — беднасць, блізарукасць — дальназоркасць, гарачыня — холад, глыбіня — мель, маленства — старасць, мацак — слабак, мяккасць — мулкасць, смеласць — баязлівасць, сіла — слабасць. Пары з апрадмечаным дзеяннем, будучы ўтворанымі ад адпаведных дзеясловаў, таксама адлюстроўваюць антанімію апошніх: загадка — адгадка, набытак — страта, наступленне — адступленне, падыход — адыход, прыбыццё — адпраўленне, прыліў - адліў, спуск — пад’ём, стварэнне — разбурэнне, удых — выдых, усход — захад.

Сярод антонімаў-дзеясловаў таксама выдзяляюцца дзве асноўныя разнавіднасці. Першая з іх — гэта аднакаранёвыя антонімы, якія, з аднаго боку, уяўляюць сабою супрацьпастаўленні ў значэннях аднакаранёвых прэфіксальных дзеясловаў (аб'яднаць — раз’яднаць, выйграць — прайграць, закрыць — адкрыць, наступаць — адступаць, падключыць — адключыць, прывесці - адвесці, прыехаць — ад’ехаць, прыйсці - адысці); з другога ж — супрацьпастаўленні ў значэннях аднакаранёвых беспрэфіксальных і прэфіксальных дзеясловаў (вітацца — развітвацца, ныраць — вынырваць). Другая разнавіднасць — гэта рознакаранёвыя антонімы: любіць — ненавідзець, назначаць — звальняць, нараджацца — паміраць, павысіцца — панізіцца, пачаць — канчаць, смяяцца — плакаць, сустрэцца — расстацца, хваліць — ганіць. Антонімы-прыслоўі адлюстроўваюць антанімічнасць сваіх першаасноў - прыметнікаў (багата — бедна, высока — нізка, налева — направа, смела — боязна, тонка — тоўста), назоўнікаў (зверху — знізу, зімой — летам, ноччу — днём, раніцай — вечарам), дзеясловаў (паказваючыся — хаваючыся, расплюшчваючы — заплюшчваючы, расхвальваючы — ганячы, пачынаючы — канчаючы). Прыслоўі супрацьпастаўляюцца ў значэннях, як правіла, пры наяўнасці канкрэтнага дзеяслова: багата — бедна жыць, зверху — знізу размяшчацца, паказваючыся — хаваючыся перамяшчацца.

Антонімы выкарыстоўваюцца як яркі выразны сродак у мастацкім маўленні, яны дапамагаюць кантрасна адлюстраваць жыццё, больш рэльефна выявіць асацыяцыі, стварыць на аснове супярэчнасцей цэльны вобраз.

2. ??? ??? ? ??? ???

Прыказкі і іншыя народныя афарыстычныя выразы ўзніклі ў глыбокай старажытнасці, і іх найбагацейшы фонд зноў і зноў папаўняецца. Гэтыя фальклорныя жанры актыўна жывуць і зараз і працягваюць выконваць сваю асноўную камунікатыўную функцыю. У іх народ увасобіў свае думкі ў высокамастацкай форме. У беларусаў прыказкі карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Яны яскрава адлюстравалі багаты працоўны і жыццёвы вопыт народа, яго мудрасць, псіхалогію і светапогляд, маральна-эстэтычныя ідэалы.

Пры аналізе прыказак з іх семантычнага боку відаць, што гэта далёка не аднатыпныя моўныя адзінкі. Тут выразна вылучаюцца 3 групы [7, 21].

У першую групу ўваходзяць прыказкі алегарычнага характару, г. зн. у іх гаворыцца пра адно, а маецца на ўвазе зусім іншае. Так, у прыказцы Груган гругану вока не выдзеўбе зусім не пра гругана і невыдзёўбванне вока ідзе размова; сэнс прыказкі - людзі, звязаныя якімі-небудзь агульнымі, звычайна карыслівымі, інтарэсамі, дзейнічаюць заадно і не здрадзяць, не зробяць кепскага адзін аднаму. Сэнс прыказкі Яблык ад яблыні недалёка падае — свае недахопы ці станоўчыя рысы дзеці пераймаюць ад бацькоў. Яшчэ некалькі прыказак гэтай групы: Кашы маслам не сапсуеш, Адальюцца воўку авечыя слёзкі, Баба з воза — каню лягчэй, Бяздоннай бочкі не напоўніш, Дыму без агню не бывае, Клін клінам выбіваюць, Пад ляжачы камень вада не цячэ.

Другая група аб’ядноўвае прыказкі, у якіх няма поўнага пераасэнсавання ўсіх кампанентаў. Частка слоў такіх прыказак захоўвае сваё літаральнае значэнне. Да прыкладу, у прыказцы Не такі чорт страшны, як яго малююць іншасказальны сэнс маюць толькі кампаненты чорт і малююць; агульнае значэнне прыказкі - не так страшна на самой справе, як здаецца. Або возьмем прыказку Стары вол баразны не сапсуе. У ёй таксама не ўсе кампаненты атрымалі метафарычнае асэнсаванне, таму яе змест перадаецца з выкарыстаннем гэтых непераасэнсаваных слоў: стары, вопытны чалавек не сапсуе таго, за што бярэцца. Захоўвае сваё літаральнае значэнне і слова вучыць у прыказцы Яйцо курыцу вучыць, яна абазначае «малады, нявопытны вучыць старэйшага, вопытнага».

Ёсць і трэцяя група прыказак. Яны наогул ужываюцца толькі ў прамым значэнні і не патрабуюць тлумачэння. Агульны сэнс амаль кожнай такой прыказкі вынікае з прамых значэнняў яе слоў-кампанентаў, напрыклад: Брат любіць сястру багатую, а мужык жонку здаровую; Век жыві - век вучыся; Вучыцца ніколі не позна; Госць госця ненавідзіць, а гаспадар абодвух; Госцю двойчы рады: калі ён прыязджае і калі ад’язджае; Добра ўсё ўмець, ды не ўсё рабіць; Кожнаму сваё дзіця міла.

Адна з найважнейшых тэм прыказак — выкрыццё сацыяльнай няроўнасці: з аднаго боку, жыццё багатых у раскошы, з другога — гаротнае, паўгалоднае існаванне беднякоў: «Чыя сіла — за мяжой ніва, а чыя не сіла — на сваім полі чужая ніва».

У афарыстычных творах эпохі феадалізму выразна адбілася тэма прыгоннага жыцця, паказана стаўленне народа да паноў і іх паслугачоў: «Хоць ростам пан і невялік, ды рука ў яго з пудавік». Народ дасціпна высмейваў паразітызм, звычаі і норавы паноў: «Пан што багацее, то дурнее», «Калі пан смяецца — мужык плача», «Паны балююць, а мужыкі гаруюць». У некаторых прыказках адбіліся язычніцкія ўяўленні пра сусвет, прыроду, чалавека, расліны, жывёл. У старажытнасці многія з такіх прыказак маглі выконваць утылітарна-практычныя функцыі. У іх адлюстроўваліся найбольш характэрныя з’явы пэўнага часу (эпохі) — жыццё, праца, быт, культура, думкі і пачуцці народа.

Сацыяльная няроўнасць у грамадстве падкрэсліваецца таксама прыёмам кантрасту: «Пакуль з багатага пух, дык з беднага дух», «Калі памрэ беднячок, дык ідзе і поп і дзячок, а калі памрэ багаты — дык ідуць па тры з хаты».

Дасціпна выказвае народ свае думкі пра шчасце, лёс і долю, дабро і зло, праўду і крыўду, пра стаўленне да людзей, выхаванне дзяцей: «Старога паважай, малога павучай», «Разумны дурному ўступіць павінен».

Як і ў іншых фальклорных жанрах, у прыказках адлюстраваўся народны каляндар, паводле якога селянін прытрымліваўся тэрмінаў розных палявых работ: «Ілля жніво пачынае, а лета канчае», «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку».

У многіх прыказках адлюстравалася так званая народная метэаралогія: «Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай».

Даволі шырокае функцыянаванне антонімаў з’яўляецца прыкметнай адзнакай беларускіх прыказак, што абумоўлена багаццем і разнастайнасцю лексічнага складу мовы, яе каларытам і вобразнасцю.

Вылучаюцца тры асаблівасці, пры якіх антанімічныя словы ўступаюць у адносіны апазіцыі: градуальнасць / неградуальнасць; адпаведнасць адной з’яве ці працэсу (аднаму дэнатату) / адпаведнасць розным дэнататам і скіраванасць / нескіраванасць дзеяння ці з’явы. У адпаведнасці з тыпам супрацьлегласці, які выражаюць антонімы, вылучаюцца кантрарныя, кампліментарныя, вектарныя антонімы і антонімы-канверсівы.

Найбольш вялікі ў колькасных адносінах і прадстаўнічы клас («ядро» антаніміі беларускай мовы) утвараюць антонімы, якія рэалізуюць кантрарную (лац. contarius — супрацьлеглы) пазіцыю. Ім уласцівы градуальныя апазіцыі, кампаненты якіх характарызуюцца рознай ступенню ці градацыяй адной і той жа прыметы. Кантрарная супрацьлегласць выражаецца відавымі паняццямі «X» і «Y», паміж якімі магчыма трэцяе, сярэдняе «Z», і якія не толькі ўзаемаадмаўляюцца, але і напаўняюць адзін аднаго сваім «станоўчым» зместам. У прыказках гэта антонімы, якія выражаюць якасную супрацьлегласць, напрыклад, характарыстыкі колеру (На чорнай зямлі белы пірог расце; Рукі белыя, ды душа чорная), вагі (Лёгка кінуць, цяжка падняць), памеру (Вялікага дуба з малым карэннем не бывае; Да пекла вароты шырокія, а да неба вузкія; Ад маленькага сабакі вялікі брэх бывае), часу (Хвалі мяне сёння, а я цябе заўтра; Трэба ўлетку назбіраць, каб узімку было што каштаваць), адлегласці (Далей паложыш — бліжэй возьмеш), якасці (Старое дзярэцца — на новае спадзяецца; Не тады, калі салодка, а тады, калі горка, прыяцель патрэбен; Добрыя ўчынкі доўга помняцца, а ліхія ніколі не забудуцца), спосабу дзеяння (Ідзі хутка — бяду здагоніш, ідзі павольна — цябе здагоніць) і г. д.

Параўнальна меншую групу ўтвараюць антонімы, якія выражаюць дадатковасць, — кампліментарныя (лац. complementum — дапаўненне). Яна аб’ядноўвае антонімы, значэнне аднаго з якіх цалкам адмаўляе значэнне другога, напрыклад: Ні жывы, ні ўмерлы; І жыў - не любіла, і памёр — не тужыла; Не бойся таго, хто крычыць, а бойся таго, хто маўчыць; Лепш адзін прыяцель, як дзесяць ворагаў; І Бога ашукае, і ў чорта адхопіць; Анёлам ляцеў, а чортам сеў; Сляпы не ўбачыць, а відушчы не заўважыць. Гэта група антонімаў характарызуецца ярка выражанай палярнасцю супрацьлеглых кампанентаў. Пэўная з’ява, прадметы могуць знаходзіцца толькі ў адным са станаў, прычым прамежкавай якасці быць не можа. Напрыклад: І чорта ашукае, і Богу не дадасць. Два супрацьлеглыя паняцці, паміж якімі сярэдняга няма: або Бог, або чорт. Для параўнання возьмем антанімічную пару гарачы — халодны, прамежкавы стан для якой — цёплы. Таксама выдзяляецца група антонімаў, якія выяўляюць супрацьлеглую накіраванасць дзеянняў, якасцяў і прымет — вектарныя (лац. vector — напрамак, скіраваны адрэзак) антонімы. Гэты клас антонімаў заснаваны на лагічна супрацьлеглых паняццях, напрыклад: Адна галавешка і ў печы не гарыць, а дзве і ў полі не тухнуць; Дзе паклаў, там і вазьмі; Добры пачатак — блізкі канчатак; Ад зямлі адарваўся і да неба не дастаў; Дзе сядаць, там уставаць.

Як асобную групу можна вылучыць так званыя антонімы-канверсівы (лац. conversio — ператварэнне, змяненне), якія апісваюць адну і тую ж сітуацыю з пункту гледжання розных удзельнікаў: За што прадавалі, за тое і купіў; Таргаваць таргавалі, а купляць не куплялі; Бацькаўшчыну не купляюць і не прадаюць; Даводзіцца знайсці, даводзіцца і згубіць; Такі зяць, што ні даць, ні ўзяць. Абсалютная большасць антонімаў, засведчаных у беларускіх парэміях, паводле семантычна-граматычных і стылістычных асаблівасцяў суадносіцца з пэўнымі часцінамі мовы. Сярод прыметнікавых антонімаў прадуктыўным класам з’яўляюцца якасныя прыметнікі, якія найчасцей абазначаюць: уласцівасці і якасці, што ўспрымаюцца органамі пачуццяў (Пакаштаваўшы салодкага, не захочаш горкага; Хлеб бывае траякі: чорны, белы і ніякі), уласцівасці характару, асаблівасці псіхічнага складу чалавека, выражаюць агульную ацэнку (Кепскія песні лепш за добрыя слёзы; Няма нічога тайнага, каб не стала яўным). Супрацьпастаўляцца могуць і прыналежныя прыметнікі (Матчын кулак вучыць, а мачышын сушыць), але ў мове беларускіх прыказак яны сустракаюцца рэдка. Адносныя прыметнікі тыпу драўляны, аўсяны, сярэбраны антонімаў не маюць, бо абазначаюць пастаянную, нязменную прымету прадмета праз яго адносіны да іншых прадметаў. Вялікую групу (каля 200 адзінак) у прыказках утвараюць пары, дзе супастаўляюцца прыметнікавыя антонімы, якія абазначаюць якасную характарыстыку са значэннем ацэнкі і меры якасці: Вялікая кабыла, ды малая сіла; Вялікі целам, ды малы дзелам; Вялікая дзірка, ды малая накрыўка; Вялікага дуба з малым карэннем не бывае і інш.

3. ???? ??? ???? ???? ??? ???

Стылістычныя функцыі антонімаў у прыказках шматлікія і разнастайныя. Адны з іх, паводле вызначэння І. Я. Лепешава, «прыродныя», унутрана ўласцівыя самім антонімам як лексічнай адзінцы мовы, другія — індывідуальна-аўтарскія, калі можна так сказаць у дачыненні да народнай творчасці, выконваюцца толькі ў межах канкрэтнай прыказкі. Першыя можна назваць функцыямі ўзуальнага характару, а другія — функцыямі аказіянальнага характару [8, 89].

Функцыі ўзуальнага характару — гэта агульныя, пастаянныя функцыі, якія рэалізуюцца ў любым кантэксце. Яны абумоўлены ўласцівасцямі саміх антонімаў - слоў з процілеглым значэннем. Сярод іх вылучаюцца:

— намінатыўная функцыя;

— ацэначная функцыя;

— эмацыянальная функцыя;

— экспрэсіўная функцыя;

— функцыя «лакалізацыі» маўлення;

— функцыя вобразнага выказвання.

Антонімы, як і любое ўтварэнне мовы, характарызуюцца намінатыўнай функцыяй, бо ўсе адзінкі маўлення перш за ўсё служаць сродкам абазначэння рэчаіснасці: Гушчу паеў, а юшку — на гурт; Калі Бога малюеш, пра чорта не думай.

Функцыя «лакалізацыі» маўлення заключаецца ў тым, што антонімы, паводле слоў К. Крапівы, перадаюць «найбольшую канцэнтрацыю думкі пры найменшай затраце слоўнікавага матэрыялу» [4, 386]. Супрацьпастаўленне, выражанае словамі-антонімамі, не толькі надае выказванню лаканічнасць, ёмістасць, але яно дапамагае больш выразна, дакладна перадаць пэўнае суджэнне, ацэнку. Так, каб апісаць безвыходнае або складанае становішча, у якое трапляе чалавек у выніку неабдуманых учынкаў або збегу абставін, не трэба многа гаварыць. Варта толькі прыгадаць прыказку «Трапіў у нерат — ні ўзад, ні ўперад», дзе антанімічныя прыслоўі месца перадаюць безвыходнасць сітуацыі, надаюць выказванню ўніверсальнасць.

Вельмі часта антонімы здольны ствараць канкрэтныя, наглядна-пачуццёвыя ўяўленні аб тых ці іншых з’явах рэчаіснасці, выступаць вобразнай назвай асобы, прадмета, дзеяння, стану, спосабу дзеяння, часу і г. д. У гэтым і выяўляецца функцыя вобразнага выказвання антонімаў, што надае прыказцы метафарычнасць, паўпразрыстасць сэнсу: Сёрбай юшку, на дне гушча. Безумоўна, сэнс гэтага выказвання не вызначаецца заклікам ці прапановай даесці страву. У прыказцы сцвярджаецца думка аб тым, што, перш чым дасягнуць самага лепшага, важнага, карыснага, трэба перажыць менш прыемнае.

Ацэначная функцыя антонімаў заключаецца ў іх магчымасці даваць станоўчую або адмоўную ацэнку тым ці іншым з’явам рэчаіснасці. Гэта функцыя ўласціва многім антонімам розных структурных тыпаў. Асабліва акрэсленая адзнака праяўляецца ў прыметнікавых і прыслоўных антонімах: Аднаму густа, а другому пуста; Вялікая галава, ды пустая; Лепш кепска ехаць, як добра ісці.

Даволі часта сустракаюцца прыказкі, пабудаваныя на супрацьпастаўленай ацэначнай характарыстыцы, калі адна з рыс характару ці з’яў рэчаіснасці ўсхваляецца, а другая — асуджаецца: Ранняя птушачка крылкі цярэбіць, а позняя вочкі працірае. Відавочна, у прыказцы асуджаецца гультайства і марудлівасць, а ўшаноўваецца працавітасць.

Даючы пэўным праявам жыцця і чалавечай натуры станоўчую ці адмоўную ацэнку, прыказкі выражаюць і адначасова выклікаюць розныя пачуцці, таму істотнымі элементамі сэнсавай структуры значнай часткі прыказак, пабудаваных на супрацьпастаўленні, з’яўляецца эмацыянальнасць, і адпаведна, экспрэсіўнасць. Так, пачуўшы прыказку «З вялікай хмары малы дождж бывае», мы таксама адчуваем шкадаванне ад неадпаведнаці паміж абяцаным, абвешчаным і дасягнутым. А колькі экспрэсіі ў словах «Дома і салома ядома, а на чужыне і гарачы тук стыне». На пэўны філасафічны, разважлівы лад навозіць прыказка «Учора» не дагоніш, ад «заўтра» не ўцячэш. Таму ўсе прыказкі з ацэначным значэннем адначасова з’яўляюцца і яркім сродкам моўнай выразнасці (экспрэсіўнасці).

Такім чынам, адначасовае выкананне шматлікіх функцый антонімамі - вось у чым сутнасць і стылістычная значнасць прыказак, пабудаваных на проціпастаўленні. Такая з’ява мае назву поліфункцыянальнасці.

Функцыі аказіянальнага характару, у адрозненне ад разгледжаных, — гэта прыватныя стылістычныя функцыі антонімаў, здольныя рэалізавацца толькі ў спецыяльна арганізаваным кантэксце, у дадзеным выпадку, у парэміялагічных адзінках. З другога боку, яны як бы працяг «прыродных» функцый, бо рэалізуюць у маўленні стылістычны патэнцыял антонімаў. Да функцый аказіянальнага характару адносяцца:

— функцыя стварэння гумару і сатыры;

— функцыя стварэння іроніі, самаіроніі і сарказму;

— функцыя стварэння кантрасту і парадаксальнасці;

— функцыя стварэння антытэзы і аксюмарана.

Функцыя стварэння гумару і сатыры ў значнай ступені абумоўлена — ўнутранай прыродай сутнасці лексічнай антаніміі. Пры дапамозе разнастайных проціпастаўленняў прыказкі даволі часта ўжываюцца ў мастацкіх творах для выражэння сатырычна-насмешлівых адносін аўтара да персанажа або адносін аднаго персанажа да другога, напрыклад: Хлеба — каб трошку, а да хлеба — каб множку.

Сатыры і гумару як дзвюм асноўным формам выяўлення камічнага ўласцівы разнастайныя адценні. Смех можа быць вясёлым, добразычлівым і гнеўным, з’едлівым. Таму да гэтай функцыі далучаецца функцыя стварэння іроніі і самаіроніі. Так, у прыказцы «Ні сыты ні голадзен, ні стары ні моладзен» адлюстроўваецца высмейванне беспрынцыповасці, бязлікасці. А ў прыказцы «Бачыш, дружа, як гарую: з аднае вясёлае карчмы ў другую» — выразнае адценне самаіроніі: жывецца так, што няма падставы наракаць на сваё становішча. Функцыя стварэння кантрасту і парадаксальнасці антонімаў значна пашырана ў прыказках: Дзе шчырая праца — там густа, а дзе лянота — там пуста; Знайшоў - узрадаваўся, згубіў - не плакаў.

Дадаткова функцыя кантраснасці можа быць выражана ў розных стылістычных мэтах:

— для абазначэння пэўнай мяжы выяўлення якасці, уласцівасці, адносін, дзеяння: Дурань недабачыць, а разумны не скажа; Бяда і радасць ходзяць побач;

— для актуалізацыі выказвання або ўзмацнення вобраза, уражання, павучання: Не адкладвай на заўтра, што паспееш зрабіць сёння; Язык у разумнага ў галаве, а ў дурнога — на зубах;

— для прызнання прамежкавай якасці, уласцівасці: Ні рыба ні мяса; Ні да бога ні да чорта; Ні ўзад ні ўперад;

— для вылучэння адной прыкметы, з’явы, дзеі за кошт проціпастаўлення другой: Вялікая галава, ды пустая; Малы жук, ды вялікі гук.

Акрамя таго, выкарыстанне ў прыказках антонімаў дапамагае адлюстраваць парадаксальныя (часцей толькі на першы погляд) і ў той жа час звычайныя з’явы прыроды, жыцця, чалавечых узаемаадносін: З маленькага зернятка вырастае вялікае дрэва; Ляцеў, як анёл, а ўпаў - як чорт.

Аднак не заўсёды антонімы выкарыстоўваюцца ў мэтах супрацьпастаўлення. Часам палярныя паводле лексічнага значэння словы характарызуюць прадмет або з’яву з аднаго боку, з мэтай узмацніць думку, уразіць, дасягнуць найбольшага выніку: Садзі сады і ў маладосці і ў старасці; Гаспадар ні сцюжы, ні спёкі не баіцца. У пазначаных прыказках пры дапамозе антонімаў выражаецца значэнне далучальнасці, а не проціпастаўлення, што падкрэсліваецца нават сінтаксічна, пры дапамозе далучальных злучнікаў і - і ці размеркавальных ні - ні.

Значная колькасць антонімаў, змешчаных у адным кантэксце, утварае такую стылістычную фігуру, якая ў мовазнаўчых крыніцах называецца антытэзай (ад грэч. antithesis — супрацьпалажэнне). Гэты прыём дазваляе прыказцы падкрэсліць несумяшчальнасць з’яў, наяўнасць дыяметральна супрацьлеглых прымет, раскрыць дыялектычную супрацьлегласць наваколля, а таксама служыць сродкам кантраснай характарыстыкі: Часам шэпчуць — далёка чуваць, а крычаць — не чуюць. Звычайна пры аналізе стылістычных функцый антонімаў побач з антытэзай называюць аксюмаран (ад грэч. oxymoron — дасціпна-недарэчнае) — такая стылістычная фігура, калі ў адным спалучэнні аказваюцца два супрацьлеглыя, несумяшчальныя паняцці. У прыказках аксюмаран выкарыстоўваецца даволі рэдка: Лепей благі мір, чым добрая сварка.

Такім чынам, можна сведчыць, што стылістычныя і функцыянальныя патэнцыі антонімаў у беларускіх прыказках даволі разнастайныя, што абумоўлена самой прыроднай сутнасцю з’явы лексічнай антаніміі. Прыказка — найкарацейшы з фальклорных жанраў, таму сродкі мастацкага выяўлення ў ёй павінны быць надзвычай сціслымі, эканомнымі. Антонімы дазваляюць прыказкам, як разнавіднасці малога фальклорнага жанру, літаральна некалькімі словамі паказаць цэлую з’яву, яны (прыказкі) набываюць такія характарыстыкі, як сцісласць, лаканічнасць, трапнасць і выразнасць, што робіць іх высокамастацкімі творамі з вялікім практычным і выхаваўчым зместам.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Прыказкі - залаты фонд народнай мовы — узбагачаюць літаратурную мову новымі паняццямі, шматграннай сінаніміяй фразеалагічных выразаў, якія адыгрываюць вялікую ролю ў стылістыцы.

Дзякуючы гэтым невычарпальным сродкам народнай мудрасці літаратурная мова робіцца больш гібкай, адточанай і выразнай. Антонімы выкарыстоўваюцца як яркі выразны сродак у мове прыказак, яны дапамагаюць кантрасна адлюстраваць жыццё, больш рэльефна выявіць асацыяцыі, стварыць на аснове супярэчнасцей цэльны вобраз.

Аналіз лексічнага матэрыялу дазваляе выявіць значную разнастайнасць антонімаў, засведчаных у беларускіх прыказках.

Сярод асноўных класаў антонімаў вылучаюцца кантрарныя, кампліментарныя, вектарныя антонімы і антонімы-канверсівы.

У колькасных адносінах кантрарная антанімія, у склад якой уваходзіць мноства прыметнікавых антанімічных пар, значна пераважае ў параўнанні з іншымі семантычнымі тыпамі антонімаў.

Стылістычныя функцыі антонімаў у прыказках шматлікія і разнастайныя. Функцыі узуальнага характару: намінатыўная, ацэначная, эмацыянальная, экспрэсіўная, функцыя «лакалізацыі» маўлення, функцыя вобразнага выказвання.

Да функцый аказіянальнага характару адносяцца функцыя стварэння гумару і сатыры, функцыя стварэння іроніі, самаіроніі і сарказму, функцыя стварэння кантрасту і парадаксальнасці, функцыя стварэння антытэзы і аксюмарана.

Даволі шырокае функцыянаванне антонімаў з’яўляецца прыкметнай адзнакай беларускіх прыказак, што абумоўлена багаццем і разнастайнасцю лексічнага складу мовы, яе каларытам і вобразнасцю.

Вельмі часта ў прыказках выкарыстоўваецца цікавы мастацкі прыём, заснаваны на лексічнай антаніміі, што робіць выказванні асабліва выразнымі, экспрэсіўнымі. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што антанімія надае прыказкам такія характарыстыкі, як эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць, з мэтай узмацніць думку, уразіць, што робіць іх высокамастацкімі творамі з вялікім практычным і выхаваўчым зместам.

СПІС ЛІТАРАТУРЫ

1. Аксамітаў, А. С. Лексіка беларускіх прыказак ХІХ ст. у сувязі з агульнай праблемай фразеалогіі / Рэд. П. Ф. Глебка. — Мн.: АН БССР, 1958.

2. Аксамітаў, А. С. Прыказкі і прымаўкі: тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак з архіваў, кафедральных збораў, рэдкіх выданняў 19 і 20 стст. / А. С. Аксамітаў. — Мн.: Беларуская навука, 2000.

3. Анталогія беларускай народнай прыказкі, прымаўкі і выслоўя / Уклад. і аўт. прадм. А. С. Фядосік. — Мн.: Ураджай, 2002.

4. Крапіва, К. Беларускія прыказкі / К. Крапіва. — Мн.: Маст. літ., 1997.

5. Лазоўскі, У. М. Слоўнік антонімаў беларускай мовы: Канкрэтныя выпадкі ўжывання / У. М. Лазоўскі. — Мн.: Універсітэцкае, 1994.

6. Лаўрэль, Я. М. Тэкст: тэорыя і практыка / Я. М. Лаўрэль. — Мн.: Нар. асвета, 2004.

7. Лепешаў, І. Я. Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства / І. Я. Лепешаў. — Гродна: ГрДУ, 2006.

8. Лепешаў, І. Я. Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы / І. Я. Лепешаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1984.

9. Лепешаў, І. Я. Слоўнік беларускіх прыказак / І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч. — Мн.: Бел. навука, 2002.

10. Лепешаў, І. Я. У слоўнікавую скарбонку: навучальны дапам. / І. Я. Лепешаў. — Гродна: ГрДУ, 1999.

11. Літвінава, В. А. Стылістычныя і функцыянальныя магчымасці антонімаў у беларускіх прыказках і прымаўках // Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час: зборнік навук. артыкулаў. Вып.2 / М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны [і інш.]; рэд.кал.: А.А.Станкевіч (гал.рэд) [і інш.]. — Гомель: ГДУ ім.Ф.Скарыны, 2009 .

12. Літвінава, В. А. Тыпы антонімаў паводле семантыкі ў беларускіх прыказках // Веснік Мазырскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна: навуковы часопіс / заснавальнік: Установа адукацыі «Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна». — 2011. — № 4.

13. Ляшчынская, В. А. Тэкст на ўроках беларускай мовы / В. А. Ляшчынская. — Гомель: ГДУ, 2008.

14. Старасценка, Т. Я. Лексіка-стылістычныя сродкі рэалізацыі кантрасту / Т. Я. Старасценка. — Мн., 2001.

15. Старасценка, Т. Я. Стылістыка тэксту / Т. Я. Старасценка. — Мн.: БДПУ, 2007.

16. Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: беларускія прыказкі і прымаўкі. — Мн.: Маст. літ., 1987.

17. Янкоўскі, Ф. М. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / Ф. М. Янкоўскі. — Мн.: Беларуская навука, 2004.

ДАДАТАК

Ад добрага чалавека хлеб смачнейшы, чым пірог ад дрэннага.

Ад зямлі адарваўся і да неба не дастаў.

Ад маленькага сабакі вялікі брэх бывае.

Адна галавешка і ў печы не гарыць, а дзве і ў полі не тухнуць.

Аднаму густа, а другому пуста.

Анёлам ляцеў, а чортам сеў.

Бацькаўшчыну не купляюць і не прадаюць.

Бяда і радасць ходзяць побач.

Вялікага дуба з малым карэннем не бывае.

Вялікая галава, ды пустая.

Вялікая дзірка, ды малая накрыўка.

Вялікая кабыла, ды малая сіла.

Вялікі целам, ды малы дзелам.

Гаспадар ні сцюжы, ні спёкі не баіцца.

Госць госця ненавідзіць, а гаспадар абодвух.

Госцю двойчы рады: калі ён прыязджае і калі ад’язджае.

Гушчу паеў, а юшку — на гурт.

Да пекла вароты шырокія, а да неба вузкія.

Даводзіцца знайсці, даводзіцца і згубіць.

Далей паложыш — бліжэй возьмеш.

Дзе паклаў, там і вазьмі.

Дзе сядаць, там уставаць.

Дзе шчырая праца — там густа, а дзе лянота — там пуста.

Добрая жонка — дома рай, злая — хоць ты цягу дай.

Добры пачатак — блізкі канчатак.

Добрыя ўчынкі доўга помняцца, а ліхія ніколі не забудуцца.

Дома і салома ядома, а на чужыне і гарачы тук стыне.

Дурань недабачыць, а разумны не скажа.

З вялікай хмары малы дождж бывае.

З маленькага зернятка вырастае вялікае дрэва.

За што прадавалі, за тое і купіў.

Знайшоў - узрадаваўся, згубіў - не плакаў.

І Бога ашукае, і ў чорта адхопіць.

І жыў - не любіла, і памёр — не тужыла.

І чорта ашукае, і Богу не дадасць.

Ідзі хутка — бяду здагоніш, ідзі павольна — цябе здагоніць.

Ілля жніво пачынае, а лета канчае.

Калі Бога малюеш, пра чорта не думай.

Калі памрэ беднячок, дык ідзе і поп і дзячок, а калі памрэ багаты — дык ідуць па тры з хаты.

Калі пан смяецца — мужык плача.

Кепскія песні лепш за добрыя слёзы.

Лёгка кінуць, цяжка падняць.

Лепей благі мір, чым добрая сварка.

Лепш адзін прыяцель, як дзесяць ворагаў.

Лепш кепска ехаць, як добра ісці.

Ляцеў, як анёл, а ўпаў - як чорт.

Малы жук, ды вялікі гук.

Матчын кулак вучыць, а мачышын сушыць.

На чорнай зямлі белы пірог расце.

Не адкладвай на заўтра, што паспееш зрабіць сёння.

Не бойся таго, хто крычыць, а бойся таго, хто маўчыць.

Не тады, калі салодка, а тады, калі горка, прыяцель патрэбен.

Ні да бога ні да чорта.

Ні жывы, ні ўмерлы.

Ні рыба ні мяса.

Ні сыты ні голадзен, ні стары ні моладзен.

Ні ўзад ні ўперад.

Няма нічога тайнага, каб не стала яўным.

Пакаштаваўшы салодкага, не захочаш горкага.

Пакуль з багатага пух, дык з беднага дух.

Паны балююць, а мужыкі гаруюць.

Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку.

Разумны дурному ўступіць павінен.

Ранняя птушачка крылкі цярэбіць, а позняя вочкі працірае.

Рукі белыя, ды душа чорная.

Садзі сады і ў маладосці і ў старасці.

Сёрбай юшку, на дне гушча.

Сляпы не ўбачыць, а відушчы не заўважыць.

Старога паважай, малога павучай.

Старое дзярэцца — на новае спадзяецца.

Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай.

Такі зяць, што ні даць, ні ўзяць.

Таргаваць таргавалі, а купляць не куплялі.

Трапіў у нерат — ні ўзад, ні ўперад.

Трэба ўлетку назбіраць, каб узімку было што каштаваць.

«Учора» не дагоніш, ад «заўтра» не ўцячэш.

Хвалі мяне сёння, а я цябе заўтра.

Хлеб бывае траякі: чорны, белы і ніякі.

Хлеба — каб трошку, а да хлеба — каб множку.

Часам шэпчуць — далёка чуваць, а крычаць — не чуюць.

Чыя сіла — за мяжой ніва, а чыя не сіла — на сваім полі чужая ніва.

Язык у разумнага ў галаве, а ў дурнога — на зубах.

Показать весь текст
Заполнить форму текущей работой