Дзіцячы фальклор
Гэтыя высновы гарманічна праецыруюцца на працэс знаёмства дзіцяці з творамі дзіцячай літаратуры з дапамогай бацькоў і настаўнікаў. Бо прыгожае пісьменства для дзяцей спрыяе, акрвмя іншага, выхаванню ў іх пачуцця суперажывання іншаму чалавеку. А гэта ў сваю чаргу нараджае і спачуванне, і спагаду, і сурадасць у адносінах да іншых людзей. Дзіцячая літаратура з яе маральнымі арыентацыямі… Читать ещё >
Дзіцячы фальклор (реферат, курсовая, диплом, контрольная)
Змест
1. Уступ. Сувязь літаратуры з фальклорам
2. Вытокі дзіцячага фальклору
3. Жанры дзіцячага фальклору а) калыханкі
б) забаўлянкі і пацешкі
в) песні
г) заклічкі
д) лічылкі
е) дражнілкі
ж) прыгаворы з) гульні
і) загадкі. Асноўныя ідэйна-тэматычныя групы загадак к) народныя казкі
жанравыя асаблівасці
4. Педагагічна-выхаваўчая роля дзіцячага фальклору Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Уступ. Сувязь літаратуры з фальклорам Мастацкая літаратура выконвае важную ролю ў жыцці асобы, у яе адносінах да свету. Перажываючы разам з героямі твораў пэўныя жыццёвыя сітуацыі, маленькі чытач набывае сацыяльны і эстэтычны вопыт. Даверлівыя ж адносіны дзіцяці да кнігі адкрываюць перад настаўнікам шырокія магчымасці фарміравання асноў светаўспрымання падрастаючага пакалення.
У шматвяковай гісторыі развіцця беларускай літаратуры фальклорныя ўплывы і традыцыі займаюць асаблівае месца. На працягу многіх стагоддзяў вусная паэзія з’яўлялася адзіным носьбітам і выразнікам ідэйна-мастацкага вопыту шырокіх народных мас. Гэтая універсальнасць сацыяльна-эстэтычных і мастацкіх функцый фальклору ў сваю чаргу не магла не адбіцца на багацці і разнастайнасці яго жанрава-стылістычных і выяўленчых форм, непарыўна звязаных з зараджэннем і фарміраваннем мастацкай літаратуры.
Зразумела, што на першапачатковым этапе старажытнарускай пісьменнасці ўзаемадзеянне гэтае носіць найчасцей стыхійны характар, абумоўлены анімістычным успрыманнем рэчаіснасці. Так, у «Аповесці мінулых гадоў» асвятленне шматлікіх гістарычных падзей падаецца ў традыцыях старажытнага гераічнага эпасу, тут шырока выкарыстаны легендарныя сюжэты (заснваванне Барысава, расказ пра Воўчы Хвост, смерць вешчага Алега і інш.), народныя прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы.
Аднак у пазнейшыя гады гэта плённая сувязь літаратуры з народнымі вытокамі прыкметна звужаецца, набываючы своеасаблівыя, часта даволі апасродкаваныя формы і адзнакі.
У пачатку 19 ст. пад уплывам еўрапейскага, асабліва славянскага рамантызму сувязі фальклору з літаратурай прыкметна актывізуюцца, набываючы адзнакі завершанасці і інтэнсіўнасці. У беларускай паэзіі гэтага новага перыяду хсталёўваецца своеасаблівы рамантычна-этнаграфічны напрамак, які ўвабраў у сябе некаторыя характэрныя адзнакі славянскага перадрамантызму з яго культам «усяго народнага», ідэалізацыяй сялянскага побыту, звычаяў, этычных асноў і інш.
У творчасці так званых польска-беларускіх пісьменнікаў - яны ж і першыя збіральнікі і папулярызатары беларускага фальклору (Я.Баршчэўскі, Я. Чачот, А. Рыпінскі і інш.) — народныя матывы выкарыстоўваюцца пераважна х дыдактычных мэтах, у мэтах маральнага выхавання прыгонных сялян, павышэння культуры іх побыту, паводзін, адносін да працы, сям'і, і інш.
Сваё далейшае развіццё гэтыя захапленні знайшлі ў паэзіі В.І. Дуніна-Марцінкевіча і яго сучаснікаў у 40 — 50-я г. г. 19 ст.
У далейшым рэалістычныя прынцыпы выкарыстання фальклорных традыцый непарыўна звязаны з дзейнасцю К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, Ф. Тапчэўскага, М. Косіч і іншых беларускіх пісьменнікаў другой палавіны 19 ст. На гэтым этапе новы сацыяльна-эстэтычны змест набывае сама катэгорыя народнасці літаратуры.
У перыяд узмацнення рамантычных тэндэнцый (1910 — 1913 г. г.) на аснове народна-гераічных традыцый у беларускай паэзіі ўпершыню зараджаецца эпічны вобраз самаахвярнага змагара за народную справу. У параўнаннні з фальклорнымі вобраз гэты значна пераасэнсаваны і ўзбагачаны — яму ўласцівы рысы рэвалюцыйнай мэтанакіраванасці, актыўнасці, глыбокай гкманістычнай акрыленасці. Трансфармацыя народных асноў набывае ў іх характар выключна арганічны, маштабны і паслядоўны. Цэнтральныя вобразы героіка-рамантычных паэм Я. Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я. Коласа («Сымон-музыка»), М. Багдановіча («Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь») сталі манументальным увасабленнем лепшых нацыянальных рыс беларускага народа, яго вольналюбівых ідэалаў і надзей. Вось чаму традыцыйныя вобразы «народных заступнікаў» у сваім літаратурным развіцці набываюць жывыя рысы свайго часу, сваёй рэвалюцыйнай эпохі, выяўляючы найбольш істотныя рысы новага пакалення барацьбітоў за волю.
Фарміраванне новых творчых асноў у беларускай савецкай літаратуры непарыўна звязана з імёнамі Я. Купалы і Я.Коласа.
Плённы ўплыў аказвалі фальклорныя традыцыі і на станаўленне беларускай драматургіі 20-х г. г. Апіраючыся на вопыт дакастрычніцкага перыяду («Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Модны шляхцюк» К. Каганца, «Паўлінка» і «Прымакі» Я. Купалы), У. Галубок, Л. Родзевіч, М. Чарот і іншыя паспяхова распрацоўвалі жанр бытавой камедыі і вадэвіля. На аснове народных легенд і паданняў у гэтыя гады зараджаецца фальклорна-рамантычная драма, даволі блізкая па структуры да традыцый народнага тэатра ці батлейкі («На Купалле» М. Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» Е. Міровіча, «Вяселле» В. Гарбацэвіча і інш.).
У лепшых творах пасляваеннага дзесяцігоддзя дасягненні беларускіх пісьменнікаў у галіне мастацкага фалькларызму былі не толькі прадоўжаны, але і паглыблены.
Несумненна, што дзіцячая мастацкая літаратура — гэта частка агульналітаратурнага працэсу. Тым не менш, яна мае свае асаблівасці, без ведання якіх немагчыма дасягнуць паразумення паміж настаўнікам і вучнем.
Важная асаблівасць дзіцячай літаратуры — яе сувязь з педагогікай і псіхалогіяй. В. Вітка падкрэсліваў, што не можа быць дзіцячым пісьменнікам аўтар, які ў самой душы сваёй не з’яўляецца педагогам. Хвалюючыя словы пра прызванне і абавязак дзіцячага пісьменніка выказала А. Васілевіч: «Дзіцячы пісьменнік… Яму патрэбна сапраўдная адвага і, несумненна, вялікі талент. Бо, абраўшы сабе гэтае высокае званне, ён вымушаны як бы перад усім светам пацвердзіць: „Я пішу для дзяцей і тым самым бяру на сябе адказнасць быць іх настаўнікам і правадніком у Краіну Нязведанага…“ Правадніком! А хто не ведае, як многа патрабуецца ад правадніка?»
Вядомы псіхолаг М.С. Мухіна адзначае: «Слухаючы казкі і гісторыі, якія чытае настаўнік, успрымаючы з’явы прыроды, разглядаючы ілюстрацыі да кніжак і арыентуючыся на эмацыйныя адносіны настаўніка да таго, што разбіраецца на ўроку, дзіця засвойвае не толькі інфармацыю, але і яе ацэнку дарослым. Яно вучыцца эмацыйна-каштоўнасным адносінам да акаляючага свету. Настаўнік рознымі сродкамі вучыць дзіця пачуццям цудоўнага, камічнага і інш., і дзіця праз знешняе перайманне альбо ўнутранае глыбіннае пранікненне ў з’яву адкрывае для сябе палітру новых чалавечых эмоцый і пачуццяў».
Гэтыя высновы гарманічна праецыруюцца на працэс знаёмства дзіцяці з творамі дзіцячай літаратуры з дапамогай бацькоў і настаўнікаў. Бо прыгожае пісьменства для дзяцей спрыяе, акрвмя іншага, выхаванню ў іх пачуцця суперажывання іншаму чалавеку. А гэта ў сваю чаргу нараджае і спачуванне, і спагаду, і сурадасць у адносінах да іншых людзей. Дзіцячая літаратура з яе маральнымі арыентацыямі на спрадвечныя агульначалавечыя каштоўнасці здольная ствараць падмурак трывалых духоўных адносін у грамадстве. Ва ўмовах, калі перавага аддаецца тэхнічным носьбітам інфармацыі, задача бацькоў, выхавацеляў, настаўнікаў - умела данесці маральны скарб дзіцячай літаратуры, зафіксаваны ў мастацкім слове, да свядомасці дзіцяці, асоба якога толькі фарміруецца. Бо працэс успрыняцця літаратурнага мастацкага слова, вобраза, сюжэта спрыяе паступоваму нараджэнню станоўчых эмоцый, перажыванняў,
маральных арыентацый у свядомасці дзіцяці. І такая паступовасць, якая замацоўваецца шэрагам сітуацый, здольная спрыяць фарміраванню трывалых маральных якасцей асобы.
Такім чынам, шматвяковая сувязь беларускай літаратуры з вусна-паэтычнай творчасцю стала жывою і плённай традыцыяй, своеасаблівай тыпалагічнай заканамернасцю гістарычнага развіцця нашай нацыянальнай культуры, надзейнай гарантыяй ад чужародных уплываў, невычэрпнай крыніцай паглыблення яе народнасці.
2. Вытокі дзіцячага фальклору Вусная народная творчасць — першааснова любой нацыянальнай літаратуры, у тым ліку і дзіцячай. У мінулым на беларусі ва ўмовах жорсткага нацыянальнага ўціску і нізкага ўзроўню адукаванасці насельніцтва фальклор меў значна большае значэнне, чым у іншых краінах. Гэта была тая галіна духоўнага жыцця народа, якую дзяржава не магла ўзяць пад кантроль. Менавіта ў рэчышчы вуснай народнай творчасці стагоддзямі развівалася, шліфавалася і ўдасканальвалася роднае слова. У песнях, легендах, казках і паданнях беларусы выказвалі свае запаветныя мары і памкненні. Фальклорныя творы як найдаражэйшая духоўная спадчына беражліва перадаваліся ад пакалення да другога.
З даўніх часоў вусна-паэтычная творчасць на Беларусі спрыяла выхаванню высокіх грамадскіх ідэалаў, здаровых маральных прынцыпаў і мастацкага густу народа. Такую ж функцыю выконваў і дзіцячы фальклор (дарэчы, тэрмін «дзіцячы фальклор» узнік толькі ў пачатку 20 ст. ім пачалі называць тую частку вусна-паэтычнай творчасці, якая адпавядае інтарэсам і запатрабаванням дзяцей рознага ўзросту). Як адзначае даследчыца дзіцячага фальклору Т. В. Зуева: «Дзіцячы фальклор — спецыфічная галіна мастацкай творчасці, якая мае, у адрозненне ад фальклору дарослых, сваю паэтыку, свае формы бытавання і сваіх носьбітаў. Агульная родавая прыкмета дзіцячага фальклору — суаднясенне мастацкага тэксту з гульнёй"11 Зуева Т. В. Детский фольклор/ Т.В. Зуева// Литературная энциклопедия терминов и понятий/ под ред. А. Н. Николюкина. М., 2000. С. 223.
Вядомая даследчыца фальклору Г. А. Барташэвіч адзначае: «Хаця першыя ўзоры дзіцячага фальклору былі запісаны яшчэ ў пачатку 19 ст., сам тэрмін «дзіцячы фальклор» не ўжываўся ў фалькларыстыцы. Творы, якія збіральнікі называлі «дзіцячымі песнямі», «калыханкамі», «пацешкамі» і г. д., змяшчаліся ў фальклорных зборніках побач з абрадавай паэзіяй, часцей за ўсё далучаліся да радзінных, хрэсьбінных песень.
Тэрмін «дзіцячы фальклор» вельмі шырокі. Ён аб’ядноўвае ўсе віды вуснай народнай паэзіі, створанай дарослымі для дзяцей, і творчасць саміх дзяцей. Сюды ж уваходзяць і тыя творы, якія хаця і ствараліся для дарослых, але з цягам часу перайшлі ў разрад творчасці для дзяцей". 22 Барташэвіч Г. А. Дзіцячы фальклор/ склад. Г. А. Барташэвіч, В.І. Ялатаў. Мінск, 1972. С.8
Паводле вызначэння Т. В. Зуевай, «у сучаснай навуцы пра дзіцячы фальклор абазначыліся новыя праблемныя аспекты: дзіцячы фальклор і ўнутраны свет асобы дзіцяці, якая развіваецца; дзіцячы фальклор як рэгулятар сацыяльных паводзін дзіцяці ў дзіцячым калектыве. Дзіцячы фальклор — частка народнай педагогікі». 33 Зуева Т. В. Детский фольклор/ Т.В. Зуева// Литературная энциклопедия терминов и понятий/ под ред. А. Н. Николюкина, М., 2000. С. 223.
Узнік дзіцячы фальклор, як і ўся вусна-паэтычная творчасць, у старажытныя часы, калі чалавек навучыўся працаваць, гаварыць, свядома радавацца, нудзіцца, ставіць пэўныя мэты, клапаціцца пра выхаванне дзяцей у адпаведнасці з тагачаснымі нормамі чалавечых узаемаадносін. У далейшым у фальклорных творах фіксуецца выхаваўчы вопыт народа; педагагічны талент бліскуча выявіўся ў шматлікіх калыханках, пацешках, пястушках, загадках, вершах, песнях, казках і інш.
Зразумела, што самыя раннія вусна-паэтычныя творы для дзяцей не дайшлі да нас: з часам адны з іх непазнавальна змяніліся, а некаторыя зусім зніклі, саступіўшы месца новым. Аднак у творах больш позняга паходжання можна выявіць такія адзнакі, якія сведчаць пра старажытнае ўзнікненне арыгінальных жанраў дзіцячага фальклору. Няма, напрыклад, ніякага сумнення адносна вельмі даўняга паходжання калыханак.
Фальклор для дзяцей — гэта складаная сукупнасць жанраў, розных па сваёй прыродзе, часе ўзнікнення, практычнай функцыянальнай прызначанасці і мастацкім афармленні. Уяўляючы сабой адносна самастойную сістэму, дзіцячы фальклор знаходзіцца ў цеснай сувязі наогул з народнай творчасцю, узаемадзейнічае з рознымі жанрамі дарослага фальклору, разам з якім ён не толькі выконвае функцыю выхавання, перадачы шматвяковага вопыту і выпрацаваных за доўгі час поглядаў і маральна-этычных норм, а з’яўляецца адным з носьбітаў сацыяльнай пераемнасці, якая забяспечвае ўзнаўленне этнасу. Менавіта сацыяльныя функцыі дзіцячага фальклору — пазнавальная, выхаваўчая, эстэтычная, камунікатыўная — не толькі аб’ядноўваюць у адзіную сістэму ўсе яго жанры, але з’яўляюцца тым фактарам, які яднае дзіцячы фальклор з усёй вусна-паэтычнай творчасцю народа, робіць яго важнай састаўной часткай усёй духоўнай культуры народа.
Дзіцячы фальклор належыць да той галіны народнай творчасці, дзе ў значнай ступені захаваліся старажытныя пласты. Відаць, гэта можна тлумачыць асаблівасцямі дзіцячай псіхалогіі.
Вучоныя, якія займаюцца праблемамі ранніх форм мастацтва, справядліва суадносяць дзіцячую псіхалогію, дзіцячае ўспрыманне свету са згубленымі чалавецтвам формамі сінкрэтычнага мыслення. Мы можам меркаваць аб блізкасці мастацкага ўспрымання рэальнасці на ранніх ступенях развіцця чалавецтва і таго, што ў змененым выглядзе нейкімі асновамі захоўваецца ў свеце дзіцячых уяўленняў, яго сувязей з прыродай, якія адрозніваюцца непасрэднасцю і ўтылітарнасцю. Магчыма, іменна таму і захаваліся ў дзіцячым фальклоры многія старажытныя формы і тая прастата, з якой адкрываецца перад дзіцём навакольны свет. Адносная стабільнасць дзіцячага светаўспрымання на працягу доўгага часу магла стаць адной з прычын захавання ў дзіцячым фальклоры рэштак старажытнасці, якія ў «дарослым» фальклоры «адтаргаліся» з-за несумяшчальнасці з новым бачаннем свету.
Рудыменты старажытных форм фальклору ўплывалі і на агульную жанравую структуру дзіцячага фальклору, і на асобныя яго жанры, нават асобныя творы. Але гэта не значыць, што можна атаясамліваць дзіцячыфальклор з раннімі формамі вусна-паэтычнай творчасці. Акрамя старажытнай асновы, у ім увасоблены шматвяковы педагагічны і паэтычны вопыт народных мас. І гэта адыграла немалаважную ролю ў фарміраванні тых дыдактыка-паэтычных прынцыпаў, якія складаюць адну са спецыфічных рыс дзіцячага фальклору. Сам дзіцячы фальклор з’яўляецца адным з адгалінаванняў усяго педагагічнага працэсу і садзейнічае фарміраванню светапогляду дзяцей, авалоданню пэўнымі навыкамі, ведамі.
Фальклорныя творы адлюстроўвалі жыццё, настроі, думкі і спадзяванні шырокіх мас, былі выразнікам іх сацыяльных, маральна-этычных, эстэтычна-мастацкіх поглядаў. І ў наш час гэтыя творы з’яўляюцца не толькі каштоўнай спадчынай, але і важнай часткай сучаснай духоўнай культуры, таму што многія з іх актыўна жывуць у народзе, адпавядаюць яго густам, прыносяць мастацкую асалоду.
З маленства людзі захапляюцца дзівосным светам народнай песні і казкі. З песні-калыханкі маці пачынаецца іх знаёмства з фальклорам, цікавасць да яго паступова пашыраецца. Дзеці патрабуюць казак, загадак, гульняў, у час якіх выкарыстоўваюць лічылкі, дразнілкі, скарагаворкі і іншыя жанры вуснай паэзіі. Не зніжаецца цікавасць да фальклору і ў вучнёўскія гады.
Перш за ўсё незвычайнасць зместу фальклору вабіць дзяцей. У дзіцячых песнях актыўнымі дзеючымі вобразамі паўстаюць кот, сабачка, верабейка, сарока, якім надаюцца чалавечыя здольнасці. Яшчэ ў большай ступені персаніфікацыя характэрна для казак пра жывёл. Па сутнасці і ў жывёльным эпасе адлюстроўваюцца ўзаемааносіны людзей. Дзеці вучацца распазнаваць дабро і зло, праўду і крыўду, справядлівасць і жорсткасць на яркіх вобразах, увасобленых і ў жывёлах, і ў людзях, і ў розных пачварах, страшыдлах чарадзейных казак, а таксама ў сутыкненні паміж прыгнечанымі і прыгнятальнікамі ў бытавых казках. Народ заўсёды спачуваў бедным і слабым, несправядліва пакрыўджаным. І гэта адбілася ў фальклорных творах: як правіла, у сутычках перамагаюць слабейшыя, але сумленныя героі, караюцца жорсткія крыўдзіцелі, прыгнятальнікі. Барацьбітам з антычалавечымі сіламі дапамагаюць цудоўныя памочнікі, дзівосныя рэчы (у чарадзейных казках). Часам жа героям бытавых казак удаецца пакараць ворагаў дзякуючы сваёй мудрасці, кемлівасці, спрытнасці.
За час свайго бытавання творы дзіцячага фальклору мяняліся, як мянялася само жыццё, погляды людзей, іх эстэтычныя, педагагічныя патрабаванні. Эвалюцыі падвяргаліся і самі творы дзіцячага фальклору, і жанравы склад яго. Актыўнасць і прадуктыўнасць розных жанраў дзіцячага фальклору таксама не застаецца нязменнай.
Межы дзіцячага фальклору, як і сам тэрмін «дзіцячы фальклор», даволі шырокія і не заўсёды выразныя. Звычайна тут аб’ядноўваюцца ўсе віды вуснай народнай паэзіі, створанай дарослымі для дзяцей, і творчасць саміх дзяцей. Сюды ж уваходзяць і творы з рэпертуару дарослых, што перайшлі потым у разрад творчасці для дзяцей.
Матэрыял дзіцячага фальклору разнастайны і па практычнай функцыянальнай прызначанасці, па спосабе выканання, па асаблівасцях паэтыкі, па ўзроставай прыналежнасці, праяўленні ў ім гульнёвых пачаткаў. У залежнасці ад гэтага можна падзяліць увесь дзіцячы фальклор на некалькі масіваў па складальніках фальклору: творы дарослых для дзяцей і творчасць дзяцей; па наяўнасці гульнёвых пачаткаў - гульнёвы і негульнёвы; па асаблівасцях арганізацыі тэксту — песенны, вершаваны і апавядальны; у апошні ўваходзяць казкі, так званыя страшылкі і г. д. Але ўсе гэтыя спосабы падзелу вельмі ўмоўныя, хісткія. Так, у рэпертуары дзяцей можна знайсці шмат твораў, у якіх адсутнічаюць элементы драматызаванай гульні, але яны насычаны элементамі слоўнай гульні. Гэта так званыя слоўныя гульні. Умоўнасць падзелу на гульнёвы і негульнёвы фальклор тым больш наглядная, што гульня ў самым шырокім сэнсе — гэта асноўная форма дзейнасці дзяцей, змест іх жыцця. Або казкі. Як правіла, фалькларысты разглядаюць казкі як жанр у агульнай плыні фальклору, а ў дачыненні да дзіцячага — толькі казкі вершаваныя, так званыя «дакучныя» казачкі. Вельмі цяжка таксама падзяліць жанр загадак на дзіцячыя і разлічаныя на дарослую аўдыторыю. Сучасная тэндэнцыя пераходу загадак, скорагаворак у рэпертуар дзяцей замацоўвае іх за дзіцячым фальклорам.
У дзіцячым фальклоры вылучаюцца наступныя жанры: калыханкі, забаўлянкі, дзіцячыя песні, заклічкі, прыгаворкі, дражнілкі, лічылкі, жараб’ёвыя загавары, гульні, маўчанкі, скорагаворкі, казкі, загадкі, прыпеўкі, дзіцячыя анекдоты. Апошнім часам вылучаюцца ў асобны жанр «страшылкі» — апавяданні пра страшныя падзеі.
3. Жанры дзіцячага фальклору а) калыханкі
Калыханкі ўяўляюць сабой песні, якія выконваюцца маці або нянькаю ля калыскі дзіцяці, каб хутчэй супакоіць яго, прымусіць спаць. Паўсядзённая патрэба ў калыханках прадвызначыла іх жыццёвасць і актыўнае бытаванне, захаванасць да нашага часу.
Калыханкі разлічаны на не зусім звычайнага слухача (спачатку дзіця, якое нават не разумее слоў, пазней істота, для якой самая простая рэч — адкрыццё). Гэта акалічнасць абумовіла і форму песні, перш за ўсё мелодыю і рытм, а таксама даступнасць зместу, прастату кампазіцыі, займальнасць.
Па сваім паходжанні калыханкі належаць да аднаго з песенных жанраў. Рускія даследчыкі дзіцячага фальклору падкрэсліваюць даўнасць саміх тэрмінаў такога роду твораў і бачаць у гэтым адзін з доказаў старажытнасці калыханак.
Народны тэрмін рускіх калыханак — байкі - паходзіць ад старажытнарускага дзеяслова баяць, што абазначае гаварыць, сказываць, шаптаць. Відаць, ад гэтага дзеяслова паходзіць і прыпеў да многіх калыханак усходніх славян баю, бай, баюшкі і тая міфічная асоба бай, што ходзіць па сцяне з лапцікамі для сябе і сваіх дзяцей. У беларусаў байкамі сталі называць творы іншага характару, якія не маюць нічога агульнага з калыханкамі, але ўспамінанні аб тым, што некалі калыханкі баялі, захаваліся ў некаторых нашых песнях.
Трэба катка ў хату ўзяці,
Каб пеў баінькі дзіцяці. 11 Дзіцячы фальклор/ Склад. Г. А. Барташэвіч і В.І. Ялатаў. Мн., 1972. № 93. Усе прыклады даюцца па гэтым выданні
У калыханках мы часта знаходзім успамінанні пра сон, дрымоту як пра нейкія адухоўленыя істоты, якія могуць прыйсці да чалавека. Нянька або сама кліча іх, або просіць ката прывесці дрымоту да дзіцяці. У іншых песнях сон-дрымота — нешта асязальнае, што можна прынесці ў кошыку, можна прадаваць або так раздаваць.
Ходзіць каток па сяле,
Носіць дзяцей сон ў кашале.
Ходзіць каток па капусце,
Носіць сон у белай хусце,
Бабы катка злапалі,
Сон для дзетак забралі. (№ 17)
Многія даследчыкі ўказваюць на сувязь калыханак з замовамі, што праяўляецца ў некаторых агульных матывах:
Пайдзі, коця, на вулку, А дзіця ў люльку.
На ката варкота, А на дзіця дрымота.
На ката безгалоўе, А на дзіця здароўе, На ката ўсё ліха, А ты, дзіця, спі ціха. (№ 33)
Калыханкі знаёмяць дзіця з навакольным светам, расказваюць пра хатніх жывёл, птушак, розных звяроў, іх прыгоды і ўчынкі.
Галоўным персанажам пераважнай большасці калыханак з’яўляецца кот. Ён можа быць дзеючай асобай або проста ўспамінаецца ў песнях. Дарэчы, усе песні гэтага характару ў народзе часцей не называюцца калыханкамі. Укладаючы дзіця спаць, маці спявае яму ката (хаця ў песні можа ісці размова пра гулі, зайчыка і інш.):
Баю, баю, дзіця калышу!
Красныя пані, спявайце «ката». (№ 55)
Кот быў амаль у кожнай сялянскай хаце. Гэта першая жывая істота, з якой знаёммілася дзіця. Даследчыкі ўсходнеславянскага фальклору адзначаюць сувязь калыханак пра ката з існаваўшымі меркаваннямі, быццам мурлыканне ката забяспечвае дзіцяці спакойны сон. Існаваў нават звычай перш чым пакласці ўпершыню дзіця ў калыску, класці туды ката, каб дзіцяці добра спалася.
У калыханках кот — жаданы госць у хаце, ён памочнік жанчыны, яго клічуць закалыхаць, дапамагчы прыспаць дзіця:
Прыйдзі, прыйдзі, коця,
Маня спаці хоча.
Хоча, хоча да не спіць,
Трэба яе прысыпіць. (№ 45)
Коціка спакушаюць цёплай хаткай («наша хата цяпленькая, наша Маня маленькая»), яму абяцаюць добрую плату за яго работу:
Дам кусочак піражка
І кушынчык малачка. (№ 182)
Калыханкі абяцаюць кату і больш сур’ёзную плату, каб задобрыць яго і надалей:
Ціха, коце, не тужы, Яшчэ з гадок паслужы.
Куплю табе боты Слуцкае работы.
Хоць не дарагія ;
Па тры залатыя.
Шыты боты штыхам, Насі, коце, з ліхам, Чаравічкі бабром.
Насі, дзіця, з дабром. (№ 78)
Часта ў калыханках кот пакутуе ад няўдзячлівасці людзей, якія пагражаюць перабіць яму лапкі за тое, што не ўсыпіў надта капрызнае дзіця, перападае яму і ад бабкі або кухара, што самі злізалі смятанку і звалілі віну на ката. Яго беспадстаўна абвінавачваюць і ў крадзяжы ніцей.
Калыханкі падкрэсліваюць клапатлівыя адносіны ката да дзіцяці. Кот у клыханках акрамя таго, шьо наклікае дрымоту, аказвае дзіцяці і розныя іншыя паслугі. Ён бегае на таржок «купіць Юрку піражок» або на вулку «купіць Юрыку булку». Пасылаюць яго і па больш сур’ёзныя рэчы:
А брысь, коцік, за мора, Прынясі Машы здарошя. (№ 89)
У беларускіх калыханках кот удзельнічае ў хатняй рабоце, дапамагае гаспадару і гаспадыні і прасці, і ткаць, і малаціць. Такія творы усім сваім зместам цесна звязаны з жыццём беларускага селяніна:
Ой, лелю, лелю, Праў кот кудзелю…(№ 91)
Яго засылалі малаціць, «лапкамі заграбаць, хвосцікам замятаць. Вельмі тактоўна, ненавязліва, праз учынкі ката або іншых жывых істот прывіваюцца дзецям прасцейшыя навыкі паводзін:
Не лезь, каток, на калодку, Разаб’еш галоўку.
Будзе галоўка балець
І некаму будзе жалець. (№ 55)
Побач з катом у калыханках любімымі персанажамі з’яўляюцца птушкі - куры, з якімі даводзіцца дзіцяці знаёміцца вельмі рана, і галубы, або гулі, вулі.
Ааа, ааа, люлі,
Прыляцелі куры,
Селі на варотах У чырвоных ботах.
Сталі куркі сакатаць ;
Трэба куркам есці даць.
Пасыпем ім грэчкі,
Каб няслі яечкі.
Куры грэчкі не ядуць
І яечак не нясуць.
Сталі куркі сакатаць ;
А што куркам есці даць?
Пасыпем гароху, Хай ядуць патроху.
І гароху не ядуць,
І яечак не нясуць.
Злазьце, куркі, вы з варот Ды ідзіце ў агарод, Бо дзіцяці трэба спаць, А мне яго калыхаць.
А вы, куркі, — гультаі,
Дык хадзіце па рвллі. (№ 261)
У народнай творчасці голуб — сімвал чысціні, лагоднасці. Нядзіўна, што ў калыханках на галубоў ускладаецца роля апекуноў дзіцяці.Гэтая ж роля адводзіцца і курвам. Як і кот, гэтыя птушкі запрашаліся дапамагаць няньцы дзіця гадаваць, забаўляць яго, на іх ускладаўся абавязак карміць яго — «няхай дзетку пташкі прыгатовяць кашкі», яны ў калыханках гадуюць дзіця «малачком і салодзенькім піражком». Гулі і куры ў калыханках часта прылятаюць з рознымі падарункамі для малых. То яны прынясуць Іванку «красныя чабоцікі па самыя жывоцікі», то прывядуць «каня варанога, быка палавога, цялушку рабушку дзіцяці на юшку», і «пухову падушку», і «шчасліву гадзінку».
З іншых жывёл і звяроў успамінаюцца ў калыханках бычок, заінька шэранькі, які, як і каток, носіць у белай хустцы сон, волікі, што дапамагаюць мамцы ў гаспадарчых справах. У некаторых песнях яны зусім не дзейнічаюць, іх успамінанне чыста фармальнае.
Пра старажытнае паходжанне калыханак сведчаць і міфічныя вобразы, якія сустракаюцца ў гэтых песнях. У адной з калыханак фальклорнага зборніка Е. Раманава, уключанага ў кнігу «Дзіцячы фальклор», згадваюцца вобразы варкоты, дрымоты: «А ты, коця, не вурчы, А Рыгорка спі-маўчы. На коціка варкота, на Рыгорку сон-дрымота» Такія вобразы ёсць і іншых калыханках, напрыклад: «На каточка варката, на дзіцятка дрымата. Прыдзі, каток, начаваць, Дзіцятачка калыхаць. На каточка варката, На дзіцятка дрымата. Засні, засні, ціха спі». Варкота, сон-дрымота, безумоўна, такія ж старажытныя міфічныя вобразы, як Сон, Дрымота, Угамон, што сустракаюцца ў рускім і ўкраінскім фальклоры. Паводле ўяўлення першабытных людзей, Варкота, Угамон, Дрымота і іншыя былі жывымі істотамі, якія дзейнічалі, рухаліся, дапамагаючы або, наадварот, перашкаджаючы дзіцяці хутчэй заснуць.
Некаторыя калыханкі не столькі прысвечаны дзецям, колькі адлюстроўваюць навакольнае жыццё, пачуцці маці. Сюды належаць скаргі маці, што дзіця ёй звязала рукі: «За табою, дзіцятка, мне гульба прапала. Мне гульба прапала, гуляць волі не стала». Тут і шмат гумарыстычных твораў. У некаторых творах праступаюць сацыяльныя матывы. Многія паэты выкарыстоўвалі форму калыханак у сваёй творчасці. Варта прыгадаць творы Ф. Багушэвічак, Я. Купалы. Калыханкі літаратурнага паходжання ўваходзілі ў быт, у народнай інтэрпрэтацыі бытавалі побач з традыцыйнымі.
Рэалістычныя замалёўкі, звязаныя з бытам сялян, іх жыццём, мы знаходзім у многіх традыцыйных калыханках. У адных праца і жыццё селяніна паказваюцца праз дзеянні хатніх жывёл, другія непасрэдна малююць заняткі сялянкі:
Люлі-люлічкі,
Сяду, а я прасці
І дзіця калыхаці. (№ 11)
Побач з замацаванымі традыцыяй тыповымі калыханкамі спяваюцца ля калыскі і іншыя песні, якія набываюць характар калыханак дзякуючы манатонна-рытмічнай мелодыі і ўжыванню прыпева «люлі-люлюшкі», «баю-бай».
Форма і мастацкія асаблівасці калыханак абумоўлены іх прызначэннем — супакойваць дзіця манатонным напевам, размераным рытмам. Усе яны вельмі простыя па кампазіцыі, з выразным рытмам і надзвычай багатай рыфмай. Рытм калыханак перадае само пагойдванне калыскі. Часам сюжэт у калыханках толькі намячаецца, няма поўнага яго раскрыцця і завяршэння. Як і ў іншых творах для дзяцей, у калыханках выразна адчуваецца апавядальнасць. Многія з іх нясуць зусім канкрэтную інфармацыю, неабходную і цікавую для дзіцяці. Шматлікія калыханкі расказваюць дзіцяці аб учынках ката, малююць яго знешнасць. Уласціва і форма дыялога (песні пра чатырох волікаў; «Зайчыку, шэранькі, дзе ты бываў?» і інш.).
Для калыханак надзвычай характэрна рыфма. Вялікі знаўца дзіцячай псіхалогіі, творчасці дзяцей і літаратуры для іх К.І. Чукоўскі звяртаў увагу на тое, што дзеці найбольш любяць і найбольш даступны для іх сумежныя рыфмы. Яны не любяць, каб рыфмаваныя радкі стаялі далёка адзін ад другога, гэта абцяжарвае ўспрыманне. У калыханках парныя рыфмы найбольш распаўсюджаныя:
Што выведу нітачку ;
Камару на світачку, Астануцца кончыкі ;
Камару на штончыкі. (№ 11)
У многіх калыханках абавязковая ўнутраная рыфма.
Сталі куры сакатаць, Трэба курам чаго даць.
Ці ячменю жменю, Ці жыта карыта, Ці бобу каробу. (№ 207)
Надзвычайная напеўнасць, пяшчотнасць у калыханках ствараецца паўтарэннем асобных слоў, гукаў, ужываннем слоў з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі. Не апошняе месца ў калыханках належыць і гукаперайманню. Бадай што самымі распаўсюджанымі паўторамі ў калыханках з’яўляюцца алітэрацыі і асанансы. Напрыклад, алітэрацыі з асновай на л надаюць твору музычнае гучанне, ствараюць атмасферу незвычайнай пяшчотнасці, ласкавасці: Люлі-люлі-люленькі, прыляцелі гуленькі, селі яны ў люленькі. Гукавая сіметрыя, гукавыя паўторы неяк па-асобаму вылучаюць словы, засяроджваюць на іх увагу, а гэта ў песнях для дзяцей адугрывае яшчэ і пазнавальную ролю. У калыханках назіраюцца паўторы асобных слоў. Службовых часцін мовы, цэлых моўных канструкцый.
У калыханках звяртае на сябе ўвагу вельмі тонкае алчуванне асаблівасцей дзіцячай псіхалогіі, светаўспрыманне дзяцей з іх павышанай эмацыянальнасцю, абмежаванай магчымасцю ўспрыняцця ўсёй глыбіні з’яў жыцця, няўстойлівасцю ўвагі. Калыханкі расказваюць аб тых рэчах, што даступны дзіцячаму разуменню. Як і ў казках, жывёлы і рэчы персаніфікуюцца, дзейнічаюць і размаўляюць, як людзі, уступаюць у розныя ўзаемаадносіны. Фантастыка калыханак адрозніваецца ад казачнай. У калыханках няма нічога пачварнага, жудаснага. Але якімі б фантастычнымі ні былі апісанні ў песнях, яны заўсёды цесна звязаны з жыццём, з рэальнасцю. Адной з характэрных рыс калыханак з’яўляецца тонкая іронія, гумар.
Для рытмічнай структуры калыханак найбольш характэрны харэй з усечанай або поўнай чацвёртай стапой, зрэдку сустракаецца ямб. Калыханкі з’яўляюцца той школай, праз якую дзіця спасцігае першапачаткова асаблівасці паэтычнай і музычнай мовы.
Калыханкі не толькі даюць багаты матэрыял для развіцця фантазіі маленькіх дзяцей, але і вучаць іх вобразна мысліць і гаварыць, спрыяюць узнікненню адчування рытму, музыкальнасці тэксту.
Звычайна у народных калыханках не гаворыцца пра гора і пра трагічнае. Ігэта невыпадкова: тонкі і ўдумлівы выхавацель — народ — разумеў, што песня пра жудаснае і страшнае можа запалохаць дзіця, зрабіць змрочным яго настрой. Складальнікі песень-калыханак хацелі, каб дзеці адчувалі сябе ў атмасферы прыязнасці і пяшчоты, таму пераважная большасць беларускіх народных калыханак вызначаецца мяккасцю гучання, яны светлыя і пяшчотныя; іх складальнікі паклапаціліся пра тое, каб напоўніць дзіцячыя сэрцы спакоем і лагодай, каб дапамагчы ім хутчэй і салодка заснуць.
Народ дбаў пра выхаванне ў дзяцей бадзёрасці, аптымізму. Творы беларускага дзіцячага фальклору былі разлічаны на тое, каб замацоўваць і ўзбагачаць падараваную дзецям самой прыродай здольнасць успрымаць жыццё ярка і светла.
б) забаўлянкі і пацешкі
Пачынаючы з самых першых элементарных рухаў, усе дзеянні дзіцяці суправаджаюцца песенькамі, т.зв. пацешкамі або забаўлянкамі, забащкамі. Імі дарослыя суцяшаюць дзіця, калі яно плача, забаўляюць, з іх дапамогаю прывучаюць да просценькіх гульняў. Многа радасці прыносяць маленькім дзецям забаўлянкі, своеасаблівымі формамі якіх з’яўляюцца пястушкі і пацешкі.
Пястушкі - вершаваныя радкі, якімі дарослыя суправаджаюць першыя рухі дзяцей: Кую-кую ножку!
Паеду ў дарожку Малы-невялічкі
На Валюшкіну ножку.
Кую-кую другую,
Паеду ў даўгую.
Дарожка — даўгая,
А ножка малая.
Альбо: Коў-коў ножку!
Паеду ў дарожку.
Трэба каня падкаваць,
Штоб далёка начаваць.
Рытмічна прамаўляючы гэты тэкст, дарослы лёгенька пабівае дзіця па пятцы, а потым казыча яго падэшву. Бадзёры вершык і адпаведныя дзеянні дарослага выклікаюць у дзіцяці радасны настрой: яно гучна смяецца, весела, энергічна б’е ручкамі і ножкамі.
Забаўлянкі не аддзельны ад гульні з пальцамі, з ручкамі, ножкамі дзіцяці, яны ж суправаджаюць і розныя рухі, якія робіць дзіця само або з дапамогаю дарослых: гушканне, качанне на назе, пацягванне ручак, першыя крокі і г. д. Часам выконваюцца і без пэўных рухаў, калі трэба супакоіць дзіця, якое плача, або рассмяшыць яго. Тыповая тады забаўлянка — «не плач, куплю калач» і г. д.
Уздзеянне забаўлянак зусім процілеглае таму, што аказваюць на дзіця калыханкі. Яны павінны весяліць, забаўляць дзіця, узбуджаць яго, рабіць бадзёрым. Таму і форма іх розніцца ад напеўных манатонных калыханак. Гэта хутчэй не песні, а вершаваныя шматрадкоўі з хуткім рытмам, жартаўліва-гумарыстычным зместам; яны не спяваюцца, а прыгаворваюцца, вымаўляюцца ў рытме пэўнага дзеяння, рухаў, якія пры гэтым выконваюцца. У забаўлянках, як і ў песнях-калыхынках, яскрава праяўляецца імправізацыя.
Чыкі, чыкі, сарока Прыляцела здалёка,
Села ў пана на таку, Меле крупы на муку.
А пан кажа: «Засяку!
У мяне шабля пры баку".
«Хоць і шабля пры баку, Ад цябе я ўцяку!»
Вельмі ўмоўна можна выдзеліць асобныя групы забаўлянак: забаўлянкі пры гульні з пальцамі і ручкамі дзіцяці; забаўлянкі пры гульні з ножкамі; забаўлянкі, якія суправаджаюць казытанне, пагладжванне і г. д.; нарэшце, забаўлянкі, з якімі дзеці гушкаюцца на назе дарослага, імітуючы язду на кані.
Найбольш пашыранымі і вядомымі пры гульні з ручкамі з’яўляюцца забаўлянкі «Лады, лады, ладкі». Спачатку дарослыя бяруць дзіця за далонькі і ў такт песеньцы пляскаюць імі. Па часе дзіця само пачынае гэта рабіць пры першых жа словах забаўлянкі.
Лады, дады, ладкі,
Паедзем да бабкі,
Паедзем да бабкі
Па цёплую шапку, Па новыя боты Харошай работы, Па цёпленькі кажушок, Па кілбаску ў мяшок.
Ладачкі, ладачкі,
Паедзем да бабачкі,
Будзем есці кашку, Будзем піць там бражку.
Бабка наша міла, Прынясе нам сыра.
Прынясе кілбаскі
І смачнага мяска.
А пвсля на ўцеху Прынясе арэхаў.
Пасля на дарожку Прынясе гарошку.
Коніку — саломы, Каб завёз дадому.
Акрамя ладушак аб прыемным гасцяванні ў бабкі, сустракаюцца песенькі з жартоўным зіестам аб тым, як «паповы рабятачкі гарох малацілі, цапы паламалі», песенькі аб бабках, якія пабіліся «за камочак цеста ды пасярод места» і інш. Усе яны пачынаюцца з традыцыйнага зачыну «Лады, лады». Не менш вядомая забаўлянка «Сарока-варона», калі «варылі кашу» на дзіцячай далоньцы і дзялілі яе кожнаму пальчыку. Тут не толькі пацешлівы сэнс, але і пачаткі народнай педагогікі. Дзіцяці ўнушаецца думка, у даступнай для яго ўзросту форме, аб шкоднасці гультайства. «Сарока» абдзяляе кашкай таго, хто «круп не драў, вады не насіў, дзяжы не мясіў».
Сарока-варона кашку варыла, На прыпечку студзіла, Качаргой мяшала, Памялом давала.
Гэтаму дала, гэтаму дала, Гэтаму дала і гэтаму дала, А гэтаму не дала.
Бо гэты мал ;
Круп не драў,
Вады не насіў,
Цеста не мясіў.
Цешаць дзіця і гульнёй з ножкамі. Пры гэтым пальцамі лёгенька стукаюць па ступні або пятачцы — «куюць» ножку.
Дзіця бадаюць і казычуць «казой» — пальцамі рукі, пастаўленымі як рожкі.
Ідзе куза рагатая ;
Сядзіць дзіця пузатае.
Каго нападзе, таго забадзе, Будыш, будыш, будыш!
Лашчаць дзіця, пагладжваюць яго, пры гэтым звычайна прыгаворвалі «Ласачку»: «Ласачка, ласачка, дзе была?» — «Была ў пана караля». Пры гушканні дзіцяці верхам на назе прыгаворваюць больш энергічныя, хуткія забаўлянкі.
в) песні
Значнае месца ў дзіцячым фальклоры займаюць песні. Яны ўключаюць у сябе творы рознага характару. Многія з іх раней уваходзілі ў рэпертуар дарослых, і збіральнікі фальклору адны і тыя ж тэксты адносяць то да дзіцячых, то да бяседных або гумарыстычных. Сапраўды, дзіцячыя песні складаюць не толькі творы, прызначаныя спецыяльна для дзяцей. Многія песні дарослых даўно ўжо перайшлі ў дзіцячы рэпертуар, на што звярталі ўвагу фалькларысты.
З песень для дзяцей можна вылучыць вялікую групу твораў, сюжэты якіх звязаны з жывёльным светам. Большасць з іх мае алегарычны характар, але знешнія якасці, учынкі і павадкі звяроў у іх падмечаны вельмі тонка і захапляюць дзіцячую фантазію.
Характэрнай рысай песень з’яўляецца таксама незвычайнасць дзеянняў, у іх адлюстраваных, відавочная неадпаведнасць уяўленням аб навакольным свеце. Гэта так званыя небыліцы. Песні з парушэннем устаноўленага стану рэчаў распаўсюджаны ў фальклоры многіх народаў і карыстаюцца нязменнай папулярнасцю ў дзяцей. К.І. Чукоўскі, які спецыяльна займаўся вывучэннем сутнасці небыліц, іх уздзеяння на слухача, прыйшоў да слушных вывадаў, што гэта свайго роду гульня ў перавернуты свет цікава дзецям, якія ўжо знаёмы з сапраўдным станам рэчаў. Яна дапамагае ім канчаткова зацвердзіцца ў пэўных вывадах, добра арыентавацца ў рэальных з’явах. І калі ў песні пра жаніцьбу вераб’я маладая мурашачка надзяляецца якасцямі вялікай жывёлы, гэта і ўспрымаецца як камічнае, таму што дзеці ўжо добра засвоілі сапраўдныя ўзаемаадносіны рэчаў.
Такі ж прыём і ў песнях пра смерць камара або мухі, дзе гэтым нязначным падзеям надаецца сэнс сусветнай катастрофы. Некаторыя песні-небыліцы першымі радкамі папярэджваюць слухача, што расказ у іх вядзецца пра заведама немагчымыя рэчы. Яны вельмі блізкія да казак-небыліц, змест іх часта звязаны з незвычайным падарожжам на неба пры дапамозе розных рэчаў.
Найбольш пашыраныя ў песнях для дзяцей сюжэты пра жаніцьбу і смерць камара; пра вошку, што парылася ў лазні і з палка звалілася; пра непаслухмяных казла, казу, песні пра сіўку-варонку, пра сойку, дзятла і інш.
Вельмі папулярныя сярод дзяцей песні без канца, якія называюцца дакучнымі. «Сакрэт» іх бясконцасці ў пабудове: апошнія радкі патрабуюць паўтарэння ўсяго тэксту з самага пачатку («Як жыў журавок і з журавачкай», «Ссдзеў я на пні» і інш.
Дзіцячыя песні, таксама як калыханкі і забаўлянкі, характарызуюцца канкрэтнасцю малюнкаў і мастацкіх вобразаў, займальнасцю, дынамічнасцю сюжэтаў.
г) заклічкі;
Цалкам перайшлі ў дзіцячы фальклор і песні-заклічкі - кароткія прыгаворы, звернутыя да сонца, дажджу, насякомых, птушак, раслін:
Божая кароўка! Ці будзе заўтра пагодка?
Калі будзе, ляці ў поле, А не будзе, сядзі дома!
Заклічкі - кароценькія прыгаворы або песні, якія звернуты да сонца, дажджу, насякомых, птушак, раслін. Паколькі ў старажытнасці адбывалася адухаўленне прыродных з’яў, то, як адзначае Г. А. Барташэвіч, заклічкам у той час надаваўся магічны сэнс.
Праз многія заклічкі адбываецца зварот да сонца як да крыніцы дабрабыту («Свяці, свяці, сонейка…»), да дажджу, які пазбавіць ад засухі («Зубі, зубі, дождж, На бабіну рож, На дзедаву плеш, Дзецям на кулеш». Такія заклічкі з цягам часу сталі неад’емнай часткай гульняў дзяцей, якія, назіраючы, напрыклад, за перажываннямі дарослых з-за засушлівага лета, пераносілі іх занепакоенасць у свой дзіцячы свет («Ідзі, ідзі, дожджыку, Звару табе боршчыку. Пастаўлю пад елкаю, Накрыю талеркаю, Сама пакаштую, Цябе пачастую»).
І ў цяперашні час дзеці, асабліва ў вёсцы, даволі часта, убачыўшы на траве, зямлі, раслінах божую кароўку, альбо заклікаюць яе ляцець на неба, альбо пытаюцца аб надвар'і заўтрашняга дня. «Божая кароўка, Ты ляці на небка, Там твае дзеткі Кушаюць катлеткі. Усім даюць, А табе не даюць».
Заклічкі пра божую кароўку выконваюць яшчэ і выхаваўчую функцыю. З даўніх часоў лічыцца для дзіцяці небяспечным пакрыўдзіць гэтае Божае стварэнне, бо яго аберагае Неба.
д) лічылкі;
Да гульнёвага фальклору адносяцца лічылкі. Гэта невялікія вершаваныя гумарыстычнага характару творы, з дапамогаю якіх вызначаецца чарговасць у гульні, выбіраюцца дзеючыя асобы або вядучыя. Калі гульня патрабуе падзелу ўсіх удзельнікаў на групы, часцей робіцца гэта пры дапамозе жараб’ёвак, якія ўяўляюць сабой рыфмаваныя прыгаворы. Двое ўдзельнікаў згаворваюцца, хто кім будзе, а потым усе выбіраюць па чарзе адзін з названых прадметаў.
Важную ролю ў лічылках адыгрывае рытм. Ён вызначае правільнасць пераліку. Скандзіраванае вымаўленне лічылкі суправаджаецца рухамі, указаннем на кожнага ўдзельніка, якое паўтараецца раўнамерна, строга рытмічна. Сваю назву такія творы атрымалі, відаць, па той прычыне, што вядучае месца ў іх займае лічэнне. У некаторых лічылках лічэнне праходзіць праз увесь змест. На кожную лічбу даецца рыфмаваная фраза. «Раз, два, — булдава, тры, чатыры — пачапілі».
Шмат лічылак пачынаецца з простага адліку, напрыклад, да пяці (вядомая лічылка пра зайчыка, які выйшаў пагуляць), да любой лічбы, нават да дзесяці (дзесяць — выплыў ясны месяц; дзесяць — цар хацеў мяне павесіць і інш.). Пералік тут — зачын, пасля яго разгортваецца невялічкі сюжэт. Некаторыя лічылкі, самі не даючы пераліку, патрабуюць яго ў адказе на пытанне (у лічылцы пра зламанае кола ў канцы пытанне: «Колькі нада гваздзей, кгавары паскарэй»). Такія песенькі, заснаваныя на лічбах, вучоныя адносяць да старажытных часоў. Англійскія даследчыкі на багацейшым матэрыяле творчасці розных народаў прыйшлі да вываду, што якраз гэтыя песні адлюстравалі тыя ступені, якія прайшло чалавецтва, перш чым навучылася лічыць.
Аб даўнасці лічылак сведчаць факты іншасказанняў у пералічэнні, што звязана з забабоннасцю нашых продкаў, якія верылі, што прамы пералік можа пашкодзіць справе, і таму прыдумвалі розныя формы, каб неяк завуаліраваць сапраўдны сэнс і мэту пераліку. Частае ўспамінанне ў лічылках князя, цара і г. д., захаванне ў канцоўках слова крэст, што азначала ў мінулым завяршэнне справы, таксама пацвярджаюць меркаванне аб старадаўнім іх паходжанні. Па часе лічылкі трацілі сваё сур’ёзнае значэнне, ператвараліся ў звычайную гульню і перайшлі цалкам у дзіцячы рэпертуар.
У гульні лічылка мае сілу закона, яна прадухіляе магчымасць самавольства або злоўжывання сілаю. Якога б зместу ні былі лічылкі, часта яны заканчваюцца ўказаннем на таго, хьто або выбывае з гульні, або становіцца вядучым. Гэта ўказанне вар'іруецца:
Радзівон, выйдзі вон!
Нам капеечка не нада, А табе жмурыцца нада. (№ 829)
Прызначэнне, функцыя лічылкі абумоўлівае асаблівасці яе зместу, кампазіцыі. Усе лічылкі можна падзяліць на дзве групы па наяўнасці або адсутнасці ў іх сюжэтнага стрыжня: сюжэтныя і бессюжэтныя. Гэта або невялікі закончаны сюжэт («Ішоў жаўнер із бальніцы»), або толькі намёк на здарэнне — і нечаканая канцоўка:
Апанас, Апанас, Твая жонка у нас.
Увалілась у квас. ;
Лаві сем год нас! (№ 909)
У якасці лічылак ужываюцца і проста кароценькія песенькі тады абранне вядучага адбываецца па яе апошнім слове.
Многія лічылкі пакідаюць уражанне выпадковага спалучэння слоў яны не маюць зразумелага для нас сэнсу. Тлумачыцца гэта рознымі прычынамі. Адны з лічылак маглі перайсці з фальклору іншага народа і таму без перакладу трацяць сэнс; у некаторых скажэнне тлумачыцца іх працяглым бытаваннем: тое што было зразумела ў час узнікнення, губляе зараз свой сэнс.
Нарэшце, сама спецыфіка лічылак у сучасных умовах апраўдвае іх уяўную бяссэнсавасць. Гэта зараз толькі дзіцячая сфера фальклору, а дзеці, як вядома, здольны ўсё ператварыць у гульню.
Першапачаткова перайшоўшы ад дарослых у дзіцячае карыстанне, лічылкі ў значнай меры папоўніліся творчасцю саміх дзяцей. Вядомы лічылкі кніжныя, што перайшлі ў рэпертуар дзяцей з вядомых вершаў і песень. Лічылкі адчуваюць на сабе ўплыў новага часу. Тэматыка іх папаўняецца гарадскімі матывамі, яны ўзбагачаюцца лексікай, звязанай з тэхнізацыяй, новымі з’явамі і падзеямі.
е) дражнілкі;
Да дзіцячай калектыўнай творчасці адносяцца і дражнілкі. Гэта невялікія вершаваныя творы у якіх высмейваецца «супраціўнік». Дражнілкі могуць накіроўваць сваю сатыру на імя чалавека, нейкія яго своеасаблівыя якасці (рыжы колер валасоў, кульганне, злосны характар, выхвалянне і г. д.). Гэта свайго роду самасцварджэнне. Высмейваючы іншага, дзеці з дапамогаю дражнілак як бы сцвярджаюць уласную годнасць, перавагу над тым, каго крытыкуюць.
У такіх дражнілках абыгрываецца імя «супраціўніка» («Андрэй-верабей На кадушцы сядзеў. Усіх жаб пераеў, Адну не даеў. І жывот забалеў», рысы яго знешнасці («Сівы, па чым слівы? Як па рублю — дык куплю, Як па пяць — дык хай яны згараць»)
дзіцячы фальклор забаўлянка лічылка ж) прыгаворы
Прыгаворы — невялікія вершы, якімі дзеці суправаджаюць свае дзеянні: збіранне грыбоў, іканне купанне і інш. Існуюць прыгаворы пры купанні, калі скачуць на адной назе, каб выліць ваду з вуха. Ёсць прыгаворы, песенькі пры збіранні грыбоў(«Грыбок, выстаў лабок: Я цябе пацалую». Альбо: «Ехала ікаўка На сівой кабыле Кабыла пала, Ікаўка прапала»), у час пасьбы жывёлы. Як і наогул у творах для дзяцей, у іх багацейшая рыфма, чоткі, дакладны рытм:
Нашы каровачкі
Каля дубровачкі,
Нашы авечкі
Каля рэчкі,
Нашы свіначкі
Каля асіначкі
Нашы козачкі
Каля лозачкі (№ 530)
з) гульні;
Уласна гульні займаюць вялікае месца ў жыцці дзяцей. Гэта асноўная форма іх дзейнасці, змест жыцця. Без гульні не мысліцца дзяцінства. Пытаннямі дзіцячай гульні, яе паходжання займаліся многія даследчыкі дзіцячай псіхалогіі. Дзіцячыя гульні, іх паходжанне нельга разглядаць у адрыве ад творчай дзейнасці дарослых.
Беларускія гульні, як і наогул гульні ўсходніх славян, цесна звязаны з земляробчай дзейнасцю чалавека, з бытам і жыццём сялянства. Аб гэтым сведчаць самі назвы гульняў: «Коршун», «Ваўкі і авечкі», «Воўк і гусі», карагод «Заінька», «Мак» і інш. Многія гульні заснаваны на перайманні рухаў дзеянняў пры пэўных сельскагаспадарчых работах («Проса», «Мак» і інш.). Некалі яны мелі магічныя, культавыя функцыі, якія з цягам часу страчваліся, м таму гульні і карагоды паступова гублялі цесную сувязь з пэўнымі славеснымі формамі і матывамі і папаўняліся новымі. Адбываўся адрыў прыгавораў ад гульні і перанясенне іх у іншыя гульні.
Дзіцячыя беларускія гульні можна падзяліць на два разрады: гульні як мастацка-драматычнае дзеянне і гульні як сродак фізічнага выхавання. У першую групу ўключаюцца ўсе гульні, якія тым ці іншым чынам звязаны з слоўнай афарбоўкай. У сваю чаргу сярод гульняў першай групы можна вылучыць асобныя падраздзелы:
гульні, дзе слоўныя прыгаворы маюць характар імправізацыі (яны не абавязковае правіла, а толькі жаданне або здольнасць удзельніка гульні; у кошкі-мышкі можна гуляць без выкрыкаў);
гульні, у якіх слоўныя формулы з’яўляюцца сігналам для нейкага дзеяння (пачатку або завяршэння яго) і замацоўваюцца за гэтымі гульнямі («Залатыя варата», «Гарэлыш» і інш.);
гульні са строгім размеркаваннем роляў і адпаведнымі слоўнымі прыгаворамі. Да іх можна аднесці шматлікія варыянты гульні ў ваўка і авечак, у каршуна, ваўка і гусей, у краскі, у рэпку і г. д.
і нарэшце карагодныя гулбні, г. зн. такія, дзе мы бачым спалучэнне не толькі са словамі, але і з мелодыяй, танцам.
і) загадкі. Асноўныя ідэйна-тэматычныя групы загадак Загадка — твор вуснай народнай паэзіі, у якім у іншасказальнай, вобразнай форме падаецца апісанне прадмета або з’явы на аснове падабенства блізкасці якасцей паміж утоеным прадметам і тым, які яго замяняе: Сам драўляны, а галава жалезная (малаток); Коціцца барыльца, ні дна, ні рыльца (яйка); Чорная свінка мае тры спінкі (грэчка); Ляжыць грушка ў чырвоным кажушку, хто яе ўкусіць той плакаць мусіць (цыбуля); Ні ўзгорачкі, ні дзянца, поўна бочачка вінца (яйка); Чырвонае цельца, каменнае сэрца, віннае на смак, а завецца як? (вішня); Сіняя дзяружка ўвесь свет накрыла (неба).
Жанравая спецыфіка загадкі ў тым, што змест яе зашыфраваны: прадметы і з’явы, пра якія гаворыцца ў творы, не называюцца сваімі назвамі, а падаюцца ў іншасказальнай форме: У дзвюх матак па пяць хлапчанятак, але ў кожнага сынка адно імя (пальцы); Сядзіць дзед у сто кажухоў адзет. Хто яго распранае, трй слёзы пралівае (цыбуля).
Думкі ў загадках выказваюцца ўмоўнаю моваю, таму разгадванне загадак — гэта рэальнае ўзнаўленне ўтоенага за метафарычнымі вобразамі сэнсу, карціны, прадмета, з’явы і інш. Працэс разгадвання — справа нялёгкая, бо ад разгадчыка патрабуюцца шырокія веды ў самых розных галінах чалавечага жыцця і вытворчай дзейнасці, акаляючай прыроды, ён павінен валодаць глыбока развітым лагічным мысленнем, кемлівасцю, назіральнасцю і, галоўнае, дарам паэтычнага ўспрыняцця свету. Бо той, хто разгадвае, рашае найскладанейшую задачу па пераадольванні алагічнага бар’ера, створанага парадаксальнай пастаноўкай пытання: Само голае, а за пазухай сарочка (свечка); Зранку ходзіць на чатырох нагах, удзень — на дзвюх, а ўвечары — на трох (чалавек у розным узросце).
Камуфліруючы думку мудрагелістым пытаннем, многія загадкі на першы погляд здаюцца абсурднымі, недарэчнымі і ставяць таго, хто разгадвае, з самага пачатку на ілжывы шлях пошуку ісціны, правацыруюць яго. Разгадаць загадку — значыць праявіць цвярозы розум, абмінуць каварна падрыхтаваныя пасткі, замаскіраваныя яміны. Іншымі словамі, не паддацца на лавушкі. Не выпадкова таму загадку называюць хітрым жанрам.
Загадкі - адзін з самых старадаўніх жанраў вуснай народнай творчасці. Пытанне аб іх паходжанні далёка не вырашана. Адсутнасць верагодных звестак аб развіцці вусна-паэтычнай творчасці ў старажытны перыяд не дазваляе вучоным прыйсці да адзінай думкі ў вырашэнні пытання, калі і як узнік гэты спецыфічны фальклорны жанр.
Паводле адной з папулярных гіпотэз, узнікненне загадак звязана з тайнай мовай старажытных людзей, якія акаляючую прыроду атаясамлівалі з сабой, надзяляючы яе чалавечымі якасцямі - здольнасцю думаць, адчуваць, праяўляць волю. Старажытны чалавек верыў, што расліны і жывёлы разумеюць яго мову. Здабываючы ежу ў час палявання, рыбнай лоўлі, у час збору грыбоў, ягад, арэхаў, птушыных яек, ён у многіх выпадках поспех справы імкнуўся забяспечыць з дапамогай таямнічага слова. Імкненне ўздзейнічаць на прыроду хітрым словам, утаіць ад яе сапраўдныя намеры і выклікала ў людзей патрэбу ў стварэнні ўмоўнай мовы.
Такім чынам, першапачатковыя вытокі загадкі ляжаць у працоўнай дзейнасці нашых далёкіх продкаў. Гэта — адна акалічнасць, што абумоўлівала фарміраванне загадкі як жанру.
Загадкі заўсёды былі не толькі сродкам выпрабавання разумовых здольнасцей (такая форма іншасказання выкарыстоўвалася, напрыклад, у пасольскай справе, вясельных абрадах), але і спрыялі развіццю вобразнага мыслення, інтэлектуальнай вынаходлівасці чалавека. Гэтая функцыя не згубіла свайго значэння і зараз, калі загадк, страціўшы сваё шырокае грамадскае значэнне, сталі сродкам забавы і пацехі для дзяцей. Яны садзейнічаюць развіццю назіральнасці, фарміраванню абстрактнага, аналітычнага, вобразнага мыслення. Спрабуючы знайсці адгадку, дзеці, гуляючы, нязмушана вучацца праводзіць параўнанні паміж відавочнай прыкметай прадмета ці з’явы і вобразным іх азначэннем.
Напрыклад, каб разгадаць загадку: Ляжыць пад ганкам, хвост абаранкам, дзіця мусіць звярнуцца да вызначэнняў, параўнанняў, супастаўленняў. Прычым гэты працэс можа развівацца ў залежнасці ад асаблівасцей мыслення дзіцяці ў двух напрамках: 1) лагічным, 2) вобразным. Сэнс першага з іх у наступным: а) вызначэнне апорных для адкадкі слоў (ляжыць пад ганкам); б) высвятленне, што азначае гэты выраз (=хтось пастаянна знаходзіцца каля хаты); в) высвятленне таго, хто пастаянна ляжыць каля хаты (=хтосьці, хто мае хвост, =жывёла), г) высвятленне сэнсу вобраза хвост абаранкам (=мае закругленую форму); д) высвятленне, у каго з хатніх жывёл хвост абаранкам (=у сабакі). Сутнасць другога у наступным: а) асэнсаванне значэння вобраза хвост абаранкам (= мае закругленую форму); б) праекцыя сэнсу вобраза хвост абаранкам на вонкавыя прыкметы вядомых дзіцяці жывёл (=сабака); в) праекцыя магчымай адгадкі на кантэкст першай часткі загадкі (= сабака можа ляжаць каля ганка хаты).
Пададзеныя вышэй алгарытмы ў кантэксце працэсу разгадвання — гэта вельмі хуткія формы мысліцельных дзеянняў, бо адна з умоў загадкі - хуткасць знаходжання адгадкі. У рэчаіснасці яны (алгарытмы) могуць быць і іншымі. Але падобны парадак адгадвання павінен выбудоўваць для сябе выхавацель (настаўнік) пры падрыхтоўцы да заняткаў (гульняў), на якіх будуць выкарыстоўвацца загадкі. І гэтыя алгарытмы, калі выхаванцы не змогуць хутка (альбо ўвогуле) знайсці адказ на загадку, дапамогуць выхавацелю (настаўніку) эфектыўна павесці дзяцей па шляху альбо лагічнага, альбо вобразнага разгадвання загадкі. Гэта ў сваю чаргу спрыяе фарміраванню лагічнага, вобразнага мыслення дзіцяці.