Помощь в написании студенческих работ
Антистрессовый сервис

Размоўная лексіка ў публіцыстычным тэксце

КурсоваяПомощь в написанииУзнать стоимостьмоей работы

Усе працэсы, якія апісаны вышэй, з’яўляюцца вынікам развіцця цывілізацыі на сучасным этапе. Ва ўмовах постіндустрыяльнага грамадства (яго таксама называюць інфармацыйным грамадствам) роля інфармацыі бесперапынна ўзрастае. Неабходна адзначыць, что значная частка ў інфармацыйным патоку належыць друкаваным выданням: газетам, часопісам, кнігам, і інш. З мэтаю выдзялення найбольш карыснага матэрыялу… Читать ещё >

Размоўная лексіка ў публіцыстычным тэксце (реферат, курсовая, диплом, контрольная)

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь УА «МДУ імя А.А. Куляшова»

КУРСАВАЯ РАБОТА

РАЗМОЎНАЯ ЛЕКСІКА Ў ПУБЛІЦЫСТЫЧНЫМ ТЭКСЦЕ

КРУКОЎСКАЯ ЮЛІЯ АЛЕГАЎНА Навуковы кіраўнік:

дацэнт Ячмянёва Ірына Мікалаеўна Магілёў 2011

РЭФЕРАТ

Аб’ём працы: 26 старонак

Ключавыя словы: публіцыстычны твор, размоўная лексіка, газета, беларуская мова, прастамоўныя выразы, экспрэсія, маўленне, словы і выразы, стыль.

Аб’ект даследавання: размоўная лексіка сучаснай літаратурнай мовы ў публіцыстычных тэкстах.

Прадмет даследавання: размоўная лексіка сучаснай літаратурнай мовы ў публіцыстычных тэкстах друкаваных СМІ.

Мэты даследавання: удакладніць матывацыю выкарыстання размоўнай лексікі ў публіцыстычным тэксце, а таксама прааналізаваць размоўную лексіку. Якую выкарыстоўваюць сродкі масавай інфармацыі ў сваіх тэкстах.

Задача даследавання: паказаць месца і ролю размоўных слоў у тэкстах публіцыстычнага стылю.

У працэсе даследавання выкарыстоўваюцца наступныя метады: матад лінгвістычнага аналізу, а таксама агульнавядомыя: назіранне, параўнанне, класіфікацыя, даследаванне мовы перыядычных выданняў.

Актуальнасць даследавання: у рабоце разглядаюцца пытанні аб асноўных характарыстыках размоўнай лексікі і яе ўжыванні ў публіцыстычных тэкстах. Таксама вырашаюцца пытанні матываванасці і нематываванасці выкарыстання элементаў размоўнай лексікі ў сродках масавай інфармацыі.

ЗМЕСТ УВОДЗІНЫ ГЛАВА I. ПАНЯЦЦЕ РАЗМОЎНАЙ ЛЕКСІКІ І ЯЕ АСАБЛІВАСЦІ

1.1 УЗАЕМАСУВЯЗЬ ЛІТАРАТУРНАЙ МОВЫ І РАЗМОЎНАГА МАЎЛЕННЯ

1.2 АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ГУТАРКОВАГА (РАЗМОЎНАГА) СТЫЛЮ ГЛАВА ІІ. РАЗМОЎНАЯ ЛЕКСІКА Ў ПУБЛІЦЫСТЫЧНЫХ ТЭКСТАХ

2.1 АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ТЭКСТАЎ ПУБЛІЦЫСТЫЧНАГА СТЫЛЮ

2.2 СТЫЛІСТЫЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ВЫКАРЫСТАННЯ РАЗМОЎНАЙ ЛЕКСІКІ Ў ТЭКСТАХ ДРУКАВАНЫХ ВЫДАННЯЎ

ЗАКЛЮЧЭННЕ СПІС ВЫКАРАСТАНЫХ КРЫНІЦ

УВОДЗІНЫ Беларуская мова, якая з’яўляецца аб’ектам вывучэння навукі пра мову, складаецца з некалькіх разнавіднасцей. Ролю базіснай часткі мовы як адзінай знакавай сістэмы камунікацыі і перадачы інфармацыі выкарыстоўвае беларуская літаратурная мова, якая з’яўляецца найвышэйшай узорнай формай нацыянальнай мовы. Гэты тып мовы складаўся паслядоўна, марудна, ён і зараз знаходзіцца на ступені бесперапыннага развіцця. На яго развіццё аказваюць уплыў пісьменнікі, паэты, журналісты, і іншыя майстры слова, якія ствараюць новыя літаратурныя нормы.

Усе працэсы, якія апісаны вышэй, з’яўляюцца вынікам развіцця цывілізацыі на сучасным этапе. Ва ўмовах постіндустрыяльнага грамадства (яго таксама называюць інфармацыйным грамадствам) роля інфармацыі бесперапынна ўзрастае. Неабходна адзначыць, что значная частка ў інфармацыйным патоку належыць друкаваным выданням: газетам, часопісам, кнігам, і інш. З мэтаю выдзялення найбольш карыснага матэрыялу з агульнай масы, прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі даводзіцца выкарыстоўваць розныя прыёмы экспрэсіі. Атрымліваецца гэта часта за кошт парушэння стылістычнага адзінства тэкста або за кошт выкарыстання размоўнай лексікі, прастамоўных слоў, жарганізмаў, аргатызмаў, экзатызмаў і слэнгавых паняццяў. Любы артыкул у газеце прадстаўляе сабой аўтарскі тэкст, які адлюстроўвае аўтарскую пазіцыю на тую падзею, пра якую ідзе гаворка. Для такіх матэрыялаў характэрная пэўная ацэначнасць, стылістычная афарбоўка слоў. У складзе ацэначнай лексікі публіцыстычных тэкстаў галоўную ролю адыгрывае экспрэсія. Да яе адносяцца словы, якія ўзмацняюць выразнасць пісьмовага маўлення. Неабходна адзначыць, што значная частка лексікі стылістычна нейтральная, гэта значыць можа ужывацца ў любых відах вуснага і пісьмовага маўлення. Пры гэтым яна не надае мове ніякіх стылістычных адценняў. Аднак пры ўжыванні пэўных слоў нельга не ўлічваць іх прыналежнасць да таго ці іншага стылю маўлення. У сучаснай беларускай мове даследчыкі выдзяляюць кніжны і размоўны тыпы. Кніжны тып уключае ў сябе навуковы, публіцыстычны, афіцыйна-справавы, канфесіянальны стылі. Носьбітамі публіцыстычнага стылю з’яўляюцца газеты, часопісы, і іншыя друкаваныя перыядычныя выданні.

«Вусная разнавіднасць сучаснай беларускай літаратурнай мовы дасканала не вывучаная ў сучасным беларускім мовазнаўстве. Часцей за ўсё яна атаясамліваецца з жывой, штодзённа-бытавой мовай беларускага народа, у якой пераважае ці дыялектнае, ці прастамоўнае, ці змешанае беларуска-рускае або беларуска-польскае маўленне» (3, с. 155).

Праблему ўжывання размоўнай лексікі вывучалі многія даследчыкі. Сярод іх — М. Я. Цікоцкі, А. А. Каўрус, А. К. Юрэвіч, М. В. Абабурка, М. Н. Кожына, А. Ціхановіч, і інш. Але, нягледзячы на гэта, праблема выкарыстання элементаў размоўнай лексікі ў публіцыстыцы застаецца недастаткова вывучанай.

Тэма курсавой работы — «Размоўная лексіка ў публіцыстычным тэксце».

Актуальнасць разглядаемай тэмы абумоўлена наступнымі акалічнасцямі:

1. Інфармацыйна-аналітычная частка грамадска-палітычных газет прысвечана ў асноўным палітыцы і эканоміцы, у выніку чаго з’яўляецца цікавай не толькі для простых чытачоў, але і для палітолагаў, грамадствазнаўцаў, эканамістаў.

2. Зараз грамадства ўсё болей і болей хвалюе пытанне пра тое, якой моваю павінны карыстацца сродкі масавай інфармацыі - афіцыйнай ці размоўнай. І наколькі дапушчальным з’яўляецца выкарыстанне размоўнай лексікі ў публіцыстычных тэкстах.

Аб’ектам даследавання ў рабоце з’яўляецца размоўная лексіка ў тэкстах друкаваных СМІ.

Прадметам курсавой работы з’яўляецца аналіз матывацыі і ступені апраўданасці выкарыстання размоўных і прастамоўных слоў у публіцыстычных тэкстах на прыкладах беларускіх перыядычных друкаваных і недрукаваных СМІ.

Глава I. ПАНЯЦЦЕ РАЗМОЎНАЙ ЛЕКСІКІ І ЯЕ АСАБЛІВАСЦІ

1.1 Узаемасувязь літаратурнай мовы і размоўнага маўлення Праблема пранікнавення элементаў размоўнай лексікі ў сучасную літаратурную мову хвалюе многіх навукоўцаў. Пэўны «бум» у колькасці публікацый на гэты конт прыйшоўся на васьмідзесятыя гады дваццатага стагоддзя. Гэта было абумоўлена тымі сацыяльнымі і палітычнымі падзеямі, на якія рэагавала мова. У той час адбывалася «перабудова» існуючага ўкладу. Памякчэнне цэнзуры паўплывала на стылістычныя характарыстыкі газетных артыкулаў.

Размоўная лексіка — асаблівая функцыянальная разнавіднасць літаратурнай мовы. Калі мова мастацкай літаратуры і функцыянальныя стылі маюць адзіную кадыфікаваную аснову, то размоўная лексіка супрацьпастаўляецца ім як некадыфікаваная сфера камунікацыі. Кадыфікацыя — гэта фіксаванне ў розных слоўніках і граматыцы тых норм і правілаў, якія павінны назірацца пры стварэнні кадыфікаваных функцыянальных разнастайнасцей. Нормы і правілы размоўных камунікацый не фіксуюцца.

Доўгі час лічылася, што размаўляюць так ці прыкладна так, як і пішуць. Толькі ў 60-я гг. ХХ стагоддзя, калі ўзнікла магчымасць фіксаваць размову з дапамогаю магнітафонаў і гэтае маўленне ў поўным аб’ёме апынулася ў полі зроку мовазнаўцаў, было выяўлена, што для лінгвістычнага пераасэнсоўвання размоўнай лексікі існуючыя кадыфікацыі не зусім падыходзяць.

Размоўная лексіка як асаблівая функцыянальная разнавіднасць мовы, а суадносна і як асаблівы аб’ект лінгвістычнага даследавання характарызуецца трыма экстралінгвістычнымі, знешнімі ў адносінах да мовы, прыкметамі.

Важнейшай прыкметаю размоўнай лексікі з’яўляецца яе непадрыхтаванасць. Калі пры стварэнні амаль такіх простых пісьмовых тэкстаў, як, напрыклад, сяброўскі прыватны ліст, не гаворачы ўжо пра складаныя тэксты тыпу навуковай працы, кожнае выказванне прадумваецца, многія «складаныя» тэксты пішуцца спачатку ў чарнавым варыянце, то спантанны тэкст не патрабуе такога рода аперацый. Спантаннае стварэнне размоўнага тэкста растлумачвае, чаму ні лінгвісты, ні тым больш простыя носьбіты мовы не заўважалі яго вялікіх адрозненняў ад кадыфіцыраваных тэкстаў: моўныя размоўныя асаблівасці і не ўсведамляюцца, не фіксуюцца ў свядомасці ў адрозненьні ад кадыфіцыраваных моўных паказчыкаў.

Другая адметная прыкмета размоўнай лексікі заключаецца ў тым, што такое маўленне мае месца існаваць толькт пры неафіцыйных зносінах паміж людзьмі, якія вядуць гаворку.

І, нарэшце, трэццяй прыкметай размоўнай лексікі з’яўляецца тое, што яна можа рэалізавацца толькі пры непасрэдным удзеле асоб, якія вядуць размову. Такі ўдзел тых, хто вядзе гаворку ў самім працэсе камунікацыі пры дыялагічных зносінах.

Асаблівую ролю ў размоўных зносінах адыгрывае прагматычны фактар. Прагматыка — гэта такія ўмовы зносін, якія ўключаюць у сябе пэўныя характарыстыкі адрасанта (той, які гаворыць або піша), адрасата (таго, які слухае ці чытае) і сітуацыі, якія ўплываюць на моўную структуру камунікацыі.

Як ужо было сказана, спантаннасць маўлення, яго вялікія адрозненні ад кадыфікаванага маўлення вядуць да таго, што так ці інакш зафіксаваныя на пісьме размоўныя тэксты пакідаюць у носьбітаў мовы ўражанне нейкай хаатычнасці, многае ў такіх тэкстах успрымаецца як моўная нядбайнасць або наогул як памылка. Адбываецца гэта таму, што гутарковае маўленне ацэньваецца з пазіцый кадыфіцыраваных прадпісанняў. На самой жа справе яно мае свае нормы, якія не могуць і не павінны ацэньвацца як ненарматыўныя. Гутарковыя асаблівасці рэгулярна, паслядоўна праяўляюць сабе ў маўленні носьбітаў мовы, якія бездакорна валодаюць кадыфіцыраванымі нормамі і ўсімі кадыфіцыраванымі функцыянальнымі разнастайнасцямі літаратурнай мовы.

«Непасрэднасць вуснага маўлення абумоўліваецца тым, что яно адбываецца без папярэдняй падрыхтоўкі, загадзя не абдумваецца, а ствараецца як быццам „на хаду“, экспромтам. Гэтым тлумачацца шматлікія адхіленні ў ім ад літаратурных норм ужывання слоў і выразаў, жарганізмаў: у сінтаксічных канструкцыях магчымы рознага плана кантамінацыі» [2, с. 167].

1.2 Агульная характарыстыка гутарковага (размоўнага) стылю У сувязі з тым, што размоўны стыль абслугоўвае вузкае кола ўдзельнікаў зносін, ён характарызуецца спецыфічнай лексікай і своеасаблівым сінтаксічным ладам. Тут шырока ўжываюцца словы прастамоўныя, дыялектныя, нават жаргонныя і лаянкавыя. У размоўным стылі, напрыклад, можна сустрэць словы абрындаць, вобмаль, віжаваць, гадаванец, глюга, дамоўка, жытка; агульнаўжывальнымі для выражэння гэтых жа паняццяў з’яўляюцца словы апэцкаць, мала, сачыць, выхаванец, дзюба, труна, жыццё [2, с. 168].

Размоўнаму стылю ўласцівы, як правіла, простыя няпоўныя, эліптычныя сказы; са складаных сказаў тут ужываюцца складаназлучаныя, бяззлучнікавыя, без адасобленых зваротаў і шматступеннай залежнасці; рэдка выкарыстоўваюцца дзеепрыметныя і дзеепрыслоўныя словазлучэнні. Усё гэта надае размоўнаму стылю непасрэднасць, эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць, — усе тыя характарыстыкі, якія і адрозніцаюць размоўны стыль ад іншых стыляў беларускай мовы.

«Шырока распаўсюджаны ў размоўным стылі так званыя далучальныя і парцэляваныя канструкцыі, якія актыўна пранікаюць і ў пісьмовае маўленне — у мову прэсы і мастацкай літаратуры. Сутнасць парцэляцыі заключаецца ў тым, что да асноўнага сказа дадаюцца новыя сказы або асобныя члены сказа, што стварае ўражанне паступовага, нарастаючага развіцця думкі, уражанне непасрэднасці маўлення, калі фраза складваецца як бы „на хаду“, без папярэдняга абдумвання».

«Гутарковы (размоўны) стыль сучаснай беларускай літаратурнай мовы ўбірае ў сябе ўсе важнейшыя асаблівасці народнай гутарковай мовы (гутарковага маўлення беларусаў) — варыянты вымаўлення тых ці іншых гукаў або іх спалучэнняў; гутарковыя словы і выразы, уключаючы нават прастамоўную лексіку і фразеалогію; эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначныя марфемы; розныя наватворы, зніжаныя сінонімы, аказіяналізмы, усечаныя словаформы; простыя, парцэлявыныя, эліптычныя, бяззлучнікавыя і іншыя бінарныя ці дэфармаваныя канструкцыі» [3, с. 155].

Гутарковасць выказванням (тэкстам) у значнай ступені надае ўжыванне выклічнікаў, часціц, дзеяслоўных форм са значэннем імгненнасці дзеяння тыпу бразь, плясь, хлоп, пырсь, шусь, і г. д., узаемадзеянне ладавых ці часавых форм дзеяслова і інш.

«Асноўнымі жанрамі гутарковага стылю з’яўляюцца: гутарка (дзвюх ці болей асоб; жывыя дыялогі і палілогі ў пераважнай большасці), бяседа (вясельная, застольная) з спантаннымі выступленнямі ці тостамі; самі тосты, калі яны толькі што прыдуманыя і ўслед прагавораныя, гэта значыць абнародаваныя; ліставанне (звычайнае, інтымнае, толькі не афіцыйнае); дзённікі-успаміны або дзённікі-расповеды (звычайна ад адной асобы); некаторыя інтэрв'ю (як гаворыцца, з чыстага ліста), што выходзяць у прамым эфіры, і інш.

Гутарковы (размоўны) стыль істотна ўплывае на іншыя стылі, пераважна на мастацкі і публіцыстычны. Як ужо адзначалася, і навукова-папулярныя тэксты, і рытарычна-публіцыстычныя выказванні не могуць быць без элементаў штодзённа-бытавога маўлення, асабліва рознай інтанацыі, пытальных, пабуджальных, пытальна-клічных і пабуджальна-клічных сказаў (выказваньняў, мікратэкстаў, інтэкстаў, фрагментаў). Навуковыя ці публіцыстычныя даклады, лекцыі, дыскусіі не абыходзяцца без элементаў жывога, гутарковага маўлення, размоўнай лексікі, а гэта значыць і гутарковага (размоўнага) стылю, які пануе ў ім" [3, с. 156].

Асноўнымі прыкметамі тэкстаў гутарковага стылю з’яўляюцца наступныя:

1. Шырокая варыянтнасць на ўсіх маўленчых узроўнях: мора па калена/па калені/па каленкі;

2. Грубаватыя, зніжаныя словы ці выразы: выскаляцца і скаліць зубы, вылупіць вочы;

3. Сцяжэнні: не вячэрняя газета, а вячорка; не мабільны тэлефон, а мабільнік і інш;

4. Субстантывацыя: не дзяўчына ў зяленым адзенні, а (тая, што) у зяленым;

5. Формы клічнага склону або ўстарэлыя тыпу чалавеку і чалавеча, або новыя тыпу мам!, Каць!, Вань!, або такія: дзеду і дзеда;

6. Дзеясловы могуць мець як усечаную форму накшалт выбер, вынесь, так і поўную змёрзнуў, прыліпнуў;

7. Поліпрыставачнасць, якая дасягаецца ці паўтарэньнем прэфікса: папаездзіў, ці нагрувашчваннем розных: панавыкалупваў, панаехалі, панавыпрошваў і г. д.;

8. Лічэбнікі: 50, 60, 70, 80 могуць мець форму підзісят, шэісят, семісят, восімісят і інш.;

9. Ступені якасці прыметнікаў ці прыслоўяў могуць выражацца як пры дапамозе прыставак: завысокі, самы найвышэйшы, так і шляхам паўтору: далёка-далёка, высока-высока;

10. Ужыванне «двайных» дзеясловаў тыпу пойдзем выйдзем, раскажу пакажу…

11. Выкарыстанне займеннікаў з залежнымі словамі замест звычайных назоўнікаў: Пайдзі купі чым падлогу падмесьці замест Пайдзі купі венік

12. Постпазіцыйнае становішча прыметнікаў, займеннікаў-прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў: — Дайце, калі ласка, два сырочкі плаўленыя…

13. Прэпазіцыйнае становішча інфармацыйна значымых элементаў выказвання, сказа: — Плошча Незалежнасьці… Выходзьце, калі ласка!..

14. Канструкцыі з плеанастычным дзейнікам: Жыццё — яно цікавае…, з далучэньнем і парцэляцыяй: Той мужчына… У жоўтым пінжаку…

15. Словы-сказы і выклічнікі: Ага, так, не, ой, ах, дальбог (далібог), эх і інш.

Увогуле роля размоўнага стылю для развіцця літаратурнай мовы вельмі вялікая. Пранікненне элементаў размоўнай лексікі ў кніжныя стылі - гэта адзін з асноўных, агульных працэсаў развіцця літаратурнай мовы. «Можна сказаць, — пісаў Л. У. Шчэрба, — што ўсе змены, якія потым выяўляюцца ў літаратурнай мове, куюцца і збіраюцца ў кузні размоўнага маўлення». Гэта асабліва характэрна для беларускай літаратурнай мовы, якая ўзнікла на аснове жывога народнага маўлення і ўвесь час папаўняе свае скарбніцы з гэтых невычэрпных крыніц [2, с. 170].

Такім чынам, размоўная лексіка — адна з паўнапраўных літаратурных разнастайнасцей мовы, а не нейкае моўнае стварэнне, якое стаіць, як здаецца некаторым носьбітам мовы, на бакавіне літаратурнага маўлення ці наогул за яго мяжою.

ГЛАВА ІІ. РАЗМОЎНАЯ ЛЕКСІКА Ў ПУБЛІЦЫСТЫЧНЫХ ТЭКСТАХ

2.1 Агульная характарыстыка тэкстаў публіцыстычнага стылю

Публіцыстыка (ад лат. Publicus — грамадскі). 1. Літаратура па грамадска-палітычным пытанням. 2. Жанр, стыль, характэрныя асаблівасці такой літаратуры. 3. Пісьменніцкая дзейнасць па грамадска-палітычным пытанням [13, с. 829].

Публіцыстычны стыль абслугоўвае грамадскія адносіны: палітычныя, эканамічныя, культурныя, і інш.

З публіцыстычным стылем мы сустракаемся, калі чытаем газеты і грамадска-палітычныя часопісы, калі слухаем радыё і праглядаем інфармацыйныя тэлевізійныя перадачы.

Своеасаблівасць газетна-публіцыстычнага стылю вызначаецца ў першую чаргу спецыфікай публіцыстычнай формы адлюстравання рэчаіснасці, якая спалучае сістэму разгорнутых доказаў, што дзейнічаюць на розум чытачоў і слухачоў строгай лагічнасцю думкі і на іх пачуцці - эмацыянальнасцю выкладу. У публіцыстычным стылі спалучаюцца, такім чынам, дзве важнейшыя функцыі мовы — інфармацыйная і ўздзейнічаючая.

Тэматычны дыяпазон публіцыстыкі вельмі шырокі, ён вызначаецца таксама багаццем жанравых форм адлюстравання рэчаіснасці. Вылучаюцца тры катэгорыі публіцыстычных жанраў:

1. Інфармацыйныя (заметка, рэпартаж, справаздача, інтэрв'ю, хроніка, агляд);

2. Аналітычныя (артыкул, карэспандэнцыя, каментарый, рэцэнзія, агляд);

3. Мастацка-публіцыстычныя (нарыс, эсэ, фельетон, памфлет).

Галоўныя асаблівасці публіцыстычнага стылю найбольш ярка праяўляюцца ў мове газеты — аднаго з важнейшых і старэйшых сродкаў масавай інфармацыі. Публіцыстыка заклікана актыўна ўмешвацца ў жыццё, ствараць грамадскую думку, пераконваць, агітаваць. Таму выкарыстанне моўных сродкаў у газеце вызначаецца ў значнай меры іх сацыяльна-ацэначнымі якасцямі і магчымасцямі з пункту гледжаньня эфектыўнага і мэтанакіраванага ўздзеяння на масавую аўдыторыю.

Адсюль можна зрабіць вывад аб тым, што сацыяльная ацэначнасць моўных сродкаў выступае адной з галоўных асаблівасцей газетна-публіцыстычнага стылю. Яна праяўляецца на ўсіх узроўнях мовы, але найбольш адкрыта і выразна ў лексіцы [2, с 183−184].

Сярод ацэначных лексіка-фразеалагічных сродкаў можна сустрэць гутаркова-прастамоўныя словы і выразы (прыхватызацыя, тусоўка, круты, мачыць і інш).

Рэсурсы ацэначных сродкаў публіцыстыкі багатыя і разнастайныя. Акрамя ўласна ацэначнай лексікі і фразеалогіі ў функцыі ацэнкі выкарыстоўваюцца разнастайныя лексічныя разрады: гутарковая лексіка, кніжныя высокія словы, архаізмы, спецыяльная лексіка ў пераносным значэнні і інш. Актыўна выкарыстоўваюцца ў газетна-публіцыстычным маўленні і разнастайныя словаўтваральныя і граматычныя сродкі з экспрэсіўна-ацэначнай афарбоўкай: гутарковыя канструкцыі (далучальныя, сегментаваныя), розныя эмацыянальна-ацэначныя тыпы сказаў, і г. д. [2, с. 186].

У сувязі з тым, што публіцыстычнае маўленне, асабліва газетнае, часопіснае, кінарадыётэлевізійнае, звёрнута да шматлікай аўдыторыі, яно павінна быць агульназразумелым, правільным, дакладным, дарэчным, разнастайным, чыстым і выразным [3, с. 81].

З той прычыны, што прамоўніцкі стыль маўлення супадае з публіцыстычна-прамоўніцкім падстылем, падзел сродкаў на гутарковыя і кніжныя надзвычай умоўны, бо тут вельмі вялікае значэнне надаецца інтанацыі, так званаму поўнаму і няпоўнаму стылю вымаўлення гукаў і гукавых спалучэнняў. А калі весці гаворку пра ўрачыстасць, узнёсласць, пафаснасць маўлення ці адваротныя, супрацьлеглыя з’явы — зніжанасць, пагарда, сарказм, іронія і г. д., то шматлікія гутарковыя і прастамоўныя выказванні ці нават асобныя словы і выразы набываюць адценне не толькі грубасці, але лаянкавасці ці вульгарнасці [3, с. 82].

2.2 Стылістычныя асаблівасці выкарыстання размоўнай лексікі ў тэкстах друкаваных выданняў

размоўны публіцыстычны тэкст беларускі

На дадзены момант моўнае аблічча таго ці іншага выдання дастаткова жорства вызначае канцэпцыя, якая прадстаўлена альбо ў выглядзе рэдакцыйнага дакумента, дзе сфармуляваны ў тым ліку і патрабаванні да тэкстаў, альбо ў выглядзе нейкіх прадстаўленняў рэдакцыі аб тым, як павінен выглядаць ідэальны тэкст для пэўнай газеты ці часопіса.

Увогуле канцэпцыя выдання ўлічвае: ідэалогію выдання (яго прыхільнасць да той ці іншай палітычнай, эканамічнай, рэлігійнай, культурнай напраўленасці), тып выдання (галоўныя задачы, асаблівасці аўдыторыі, перыядычнасць), тэматыку і змест, структуру выдання (прынцыпы размяшчэння матэрыялаў, графічнае аблічча), структуру рэдакцыі (яе склад, аўтараў, асаблівасці планавання і арганізацыйныя моманты). Па Э. А. Лазаравай, канцэпцыя дапаўняецца экспрэсіўна-стылістычнай мадэлью выдання, якая ўключае ў сабе наступныя параметры: жанравая мадэль (напрыклад, у газеце «Народный доктор» наўрад ці можна знайсці рэпартаж), структурныя прыкметы (характарыстыкі будовы паласы, падборкі асобнага тэксту, асаблівасці загаловачнага комплексу), стыль выдання (у тым ліку дыстанцыя зносін з чытачом), сістэма выкарыстанных экспрэсіўных сродкаў.

Падзяленне выданняў на якасныя і масавыя таксама знаходзіць рэалізацыю не толькі на зместавым узроўні, але і ў моўным абліччы. У масавых выданнях актыўна выкарыстоўваюцца сродкі, якія дапамагаюць усталяваць кантакт, жаргон (жаргонныя словы бяруць у двукоссі, тым самым даючы зразумець чытачу, што слова знаходзіцца за мяжою літаратурнай нормы) і прастамоўі, якія выкарыстоўваюцца для усталявання кантакту, інтэнсіўна выкарыстоўваюцца трансфармаваныя фразеалагізмы, каламбуры і прыёмы падманутага чакання ў загалоўках. У цэлым трэба адзначыць актыўнае ўжыванне элементаў размоўнасці, што звязана з усталяваннем пэўнай дыстанцыі зносін з чытачом: як правіла, гэтыя зносіны з’яўляюцца фамільярнымі, зваротак да чытача на «ты» дамініруе [34, 35].

Якаснае выданне пазбягае фамільярнасці, а жаргонам і размоўнымі канструкцыямі карыстаецца для стварэння адзнакі, увогуле аддаюць перавагу іранічна-адхілены тон. У загалоўках «Коммерсанта», напрыклад, забаронена выкарыстоўваць клічнікі, пытальнікі і шматкроп’я.

На стылёвую своеасаблівасць і якасць таго ці іншага СМІ ўплывае нават і такі экстралінгвістычны фактар як бюджэт выдання. Якасць тэкстаў у бедных і багатых выданнях істотна адрозніваецца: там, дзе ёсць магчымасць мець у штаце літаратурнага рэдактара і сплочваць грошы добрым аўтарам, мова чысцей, а тэксты лепей.

Стылёвай асаблівасцю, якая была заўседы характэрная для мовы СМІ, можна лічыць інтэрстылёвае таніраванне — уключэнне ў моўную тканіну журналісцкага тэкста элементаў іншага стылю. Аднак у кожную эпоху гэтая асаблівасць мае спецыфічныя адрозненні, у якіх адлюстроўваецца характар часу.

Умяшанне ў журналісцкі тэкст знешніх, іншастылёвых кампанентаў, якія істотна пашыраюць асартымент лексічных адзінак, якія традыцыйна выкарыстоўвае ў сваіх матэрыялах прэса, з’яўляецца асаблівасцю і сучаснага моўнага аблічча тэкста СМІ. ««Лавіна», «экспансія», «шквал» — так вобразна вызначаюць даследчыкі тэндэнцыю, звязаную з актывізацыяй выкарыстання ў публічным маўленні размоўных, прастамоўных, жаргонных, запазычаных лексічных адзінах, тэндэнцыю, якая актуальная не толькі для сферы масавай камунікацыі, але і для іншых сфер зносін. Апісваючы моўныя прыарытэты сваіх сучаснікаў, В. Г. Кастамараў указаў, што найбольш рэльефна новыя моўныя прыарытэты ілюструюцца стылістычнымі з’явамі. «Стыль сённяшніх зносін, — адзначае навуковец, — характарызуецца размытасцю межаў паміж рознымі камунікатыўнымі сферамі, нівеліроўкай тыпаў маўлення, у тым ліку і афіцыйнага».

Прычыны фенамена, які мы бачым, маюць, перад усім экстралінгвістычную прыроду: перамены ў грамадска-палітычным жыцці, у выніку якіх пачалася пераарыентацыя эканомікі, далучэнне да публічнай палітыкі розных з пунку гледжання адукацыйнага ўзроўня колаў насельніцтва, змяненьне зносін да многіх гістарычных падзей, адкрытасць для міжнародных кантактаў, зняццё табу з тэм, якія раней было забаронена асвятляць ў сродках масавай інфармацыі, іншы ўзровень навукі і тэхнікі, інфармацыйныя працэсы, да якіх далучаюцца шырокія колы насельніцтва. Усё гэта прывяло да змяненьняў у семіясферы і да пераструктурыялізацыі яе кампанентаў.

Прэса, чуткая да ўсяго новага, адрэагавала на новую моўную практыку: прыняла яе спосабы намінацыі і стала каналам, які трансліруе і тыражыруе іх. Пры гэтым характар іннавацыйных працэсаў, якія адбываюцца ўнутры газетна-публіцыстычнага стылю, з’яўляецца адначасова і канструктыўным, і дэструктыўным. Канструктыўным — таму што, вызваляючыся ад ідэалагем савецкага перыяда, мова СМІ набывае дэмакратычнасць дзякуючы разнастайнасці стылістычных рэгістраў, якія фарміруюць яго сёння. Дэструктыўным — таму што неапрацаванае ў канкрэтнай тэкставай сітуацыі, кінутае «чужое» слова парушае нормы культуры маўлення і ў выніку прыводзіць да камунікатыўных страт.

Экспансія жарганізмаў, асабліва звязаных з крымінальнай сферай, і звяртанне да іх без ацэнкі іх адпаведнасці розным нормам (моўным, этычным, эстэтычным), без спецыяльнай, матываванай задачамі паведамлення апрацоўкі парушае культуру маўлення і зніжае маральны ўзровень абмеркавання грамадска важных тэм у СМІ. Як адзначаюць даследчыкі, «засілле крымінальнага жаргона, з дапамогаю якога ў масавай камунікацыі апісваецца не толькі прэступнае асяроддзе, але і афіцыйная палітыка і эканоміка, сігналізуе аб тым, што з’явілася яшчэ адна сур’ёзная праблема, якая ўстала за гады постсавецкіх палітычных і эканамічных рэформ, — у гэты раз праблеме не маральна-этычнага, а кагнітыўнага плана (пазнавальнага і практычнага)». Гэта звязана з тым, што «шляхам упадаблення палітычна-эканамічных рэалій і лідэраў крымінальнага свету яго „паханам“ складваецца спецыфічная крымінальная карціна свету, якая апісваецца пры дапамозе шырокай сукупнасці метафарычных выразаў („крыша“, „разборкі“, „наезды“ і інш.), якая прадстаўляе сабой уплывовы фрагмент целаснай карціны свету…»

Яркай прыметаю сучаснага жыцця сталі новыя з’явы, не звязаныя сваімі каранямі з нацыянальнай глебаю, але яны інтэнсіўна пранікаюць у наша ўжыванне і аказваюць уплыў на стыль жыцця. Для намінацыі гэтых з’яў выкарыстоўваецца іншамоўная лексіка, якая выбудоўвае іерархічныя зносіны з беларускімі варыянтамі, якія спрабуюць абу выцесніць яе, або ўступіць з імі ў сінанімічныя адносіны. Такім чынам, для публіцыстычнага тэкста, які напраўлены на шырокую аўдыторыю, выбар варыянта, спробы асвоіць чужое слова вельмі важныя. Тэксты СМІ спрабуюць прымірыць неаднастайныя патэнцыалы, прыстасаваць да сваёй спецыфікі і забяспечыць даступнасць інфармацыі. Тэкст у пошуках яснасць выкладу выкарыстоўвае намінатыўныя цэпочкі з другараднымі паўторнымі намінацыямі. Напрамак пошука — усталяванне адпаведнасці паміж знаёмым, адпрацаваным і новым. Побач апыноўваюцца розныя па сваім патэнцыалам лексічныя адзінкі, як мастацкія, так і прастамоўныя.

У чым жа дакладна праяўляецца ўплыў размоўнай лексікі на сінтаксіс газетнай мовы?

1. З размоўнага маўлення на газетную паласу прыйшлі розныя эліптычныя канструкцыі - бездзеяслоўныя выразы, якія характарызуюцца кароткасцю, энергічнасцю маўлення: «Наш дэвіз — якасць!»

2. Да сродкаў экспрэсіўнага сінтаксісу адносяцца намінатыўныя сказы, якія абазначаюць быццё, існаванне таго, што названа: Яркі свет. Белыя сцены, паталок.

3. Шырока выкарыстоўваюцца ў розных газетных жанрах так называемыя сегментаваныя канструкцыі, ці канструкцыі з «двайным абазначэннем». У розных публіцыстычных жанрах шырокае распаўсюджанне атрымалі далучальныя канструкцыі.

4. Асаблівая выразнасць, якая характэрна для так званай парцэляцыі.

Стылістычныя памылкі, якія час ад часу можна сустрэць у публіцыстычных тэкстах, выклікаюцца нематываваным ужываннем стылістычна афарбаваных лексічных адзінак (слоў). Вядома, што ў адным кантэксце могуць спалучацца, як правіла, стылістычна аднародныя словы, гэта значыць «у тым ці іншым стылі можна ўжываць толькі ўласцівыя яму словы або агульнаўжывальныя» [5, с. 81].

Тыповымі стылістычнымі памылкамі ў мове газет з’яўляюцца неапраўданае ўжыванне гутарковых і кніжных слоў, перыфраз, клішэ і моўных штампаў, а таксама таўталогія.

Нематываванае ўжыванне гутарковых слоў, асабліва вульгарных, надае выказванню непажаданую эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку, выклікае нечаканы, а іншы раз і непажаданы эфект. Напрыклад: «Слесар Чучакін В. А. сцібрыў пластмасавую бочачку, рабочы электрацэха Леўчанка М. С. — 4 кілаграмы поліэтыленавай плёнкі». Па-першае, дзеяслоў сцібрыў - гэта рускае прастамоўнае слова (арфаграфічна стибрил). Па-другое, яго лепш было б замяніць гутарковым словам сцягнуў ці стылістычна нейтральным украў. «За восем месяцаў гэтага года атрымана і перапрацавана 1054 вагоны мінералкі». Назоўнік мінералка са значэннем «мінеральныя ўгнаенні» не падаецца сучаснымі тлумачальнымі і перакладнымі слоўнікамі. Акрамя таго, яно супадае з гутарковым словам мінералка — «мінеральная вада». «Па сяўбе азімых раён не ўбіўся яшчэ і ў палавіну». Гэты сказ можна было перабудаваць так: «Раён не засеяў яшчэ азімых і палавіны палёў». «Не перастаю здзіўляцца, як ён ухітраецца адшукаць у такім гамузе патрэбны ліст?» Замест слова «гамуз» (дарэчы, яно не фіксуецца слоўнікамі літаратурнай мовы і, відаць, дыялектнае) лепей было б ужыць слова «стос».

Гутарковы характар выказванню надаюць таксама дыялектызмы — словы і спалучэнні слоў з мясцовых гаворак. Дыялектызмы ўскладняюць змест сказа, робяць яго менш зразумелым для чытача. Напрыклад: «Яна (свінарка) расказала, што адкормкам выдаюцца штодзень канцэнтраты…» Замест дыялектызма «адкормкі» (адкормленая на забой жывёла) трэба было ўжыць «адкормачнікі» або «кормнікі».

ЗАКЛЮЧЭННЕ У дадзенай рабоце мы разглядалі праблему змяшэння размоўнай лексікі і сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У сувязі з гэтым былі закрануты асноўныя пытанні стылістыкі публікацыі. Аўтары артыкулаў выкарыстоўваюць элементы размоўнай лексікі для таго, каб надаць матэрыялу больш інфарматыўнасці і захапляльнасці. У публіцыстычным стылі побач з кніжнай лексікай шырока выкарыстоўваюцца размоўныя словы з рознымі ступенямі экспрэсіўнасці, элементы рознастылёвай лексікі, а таксама прастамоўныя словы і выразы.

У ходзе даследвання мы прыйшлі да выніку, што мова сродкаў масавай інфармацыі павінна быць зразумелай для ўсіх чытачоў, з розных груп насельніцтва або для тых, хто складае аўдыторыю таго ці іншага выдання. Таму пажадана пазбягаць ужывання элементаў размоўнай лексікі (прастамоўяў, жарганізмаў, аргатызмаў і інш.) ці выкарыстоўваць іх «да месца».

Таксама мы ўбачылі, што размоўная лексіка ў асноўным выкарыстоўваецца ў публіцыстыцы з функцыяй уздзеяння, экспрэсіі і для стварэння своеасаблівага, патрэбнага аўтару каларыту (мясцовасці, традыцый, людзей, сітуацыі, умоў). Элементы размоўнай лексікі могуць сустракацца ці дапушчальна іх ужыванне ў публікацыях наступных жанраў: рэпартаж, нарыс, абразок, фельетон, інтэрв'ю, і інш.

Недапушчальным лічым выкарыстанне элементаў размоўнай лексікі ў такіх жанрах як інфармацыйная заметка, эпітафія, зводка (ДАІ, МУС, МЧС), паведамленне ўлад.

У астатніх жанрах выкарыстанне размоўнай лексікі дапускаецца, але гэта ўсё роўна застаецца непажаданым. Аднак, калі разглядаць гэтую праблему з двух бакоў, то нам адкрываюцца і іншыя, як негатыўныя, так і пазітыўныя моманты ўжывання размоўных слоў у публіцыстычных тэкстах. Так, напрыклад, сярод пазітыўных момантаў можна адзначыць тое, што пранікнавенне слэнгавых слоў або выразаў у публіцыстычны тэкст у некаторых выпадках робіць матэрыял больш жывым, рухомым. Гэта дапамагае мове развівацца, так могуць з’яўляцца новыя лексічныя адзінкі. Але гэта датычыцца не ўсіх размоўных лексічных адзінах. Так, напрыклад, калі жаргон яшчэ неяк можна прапусціць на газетную паласу, то ўжыванне аргатызмаў на наш погляд, увогуле недапушчальна ў прэсе. Як выключэнне — калі вядзецца рэпартаж з месцаў лішэння свабоды. І то, як нам вядома, аргатызмы — словы, якія ўжываюцца вузкім колам людзей, таму калі памясціць такое слова або выраз на газетную паласу, яно можа быць незразумелым для асноўнай аўдыторыі дадзенага сродка масавай інфармацыі.

Сярод негатыўных момантаў варта адзначыць той факт, что некаторыя размоўныя словы або выразы забруджваюць мову і таму з’яўляюцца вельмі непажаданымі для выкарыстання ў публікацыях СМІ. Напрыклад, дыялектызмы. Яны, як гэта вядома, у кожнай мясцовасці свае. І калі жыхары Магілева зразумеюць, аб чым вядзецца гаворка, то, напрыклад, у тым жа Барысаве чытачам будзе незразумела, што хацеў сказаць аўтар публікацыі ці што азначае тое ці іншае слова або выраз.

Як мы ўжо адзначалі, праблему выкарыстання элементаў размоўнай лексікі ў публіцыстычных тэкстах, вывучалі многія навукоўцы і даследчыкі, але гэта тэма наогул спорная і таму застаецца малавывучанай.

Як мы зразумелі ў ходзе правядзення даследвання для напісання дадзенай курсавой работы, ужыванне элементаў размоўнай лексікі ў публіцыстычных тэкстах мае свае плюсы і мінусы. Адно зразумела дакладна: непамернае і нематываванае выкарыстанне гутарковых слоў ці выразаў з’яўляецца негатыўным момантам у публіцыстыцы. Гэта надае ёй пэўную зніжанасць, а публіцыстычныя тэксты, як мы лічым, павінны быць прыкладам літаратурнага маўлення, а не апускацца да масавага ўзроўню. Мова сродкаў масавай інфармацыі павінна быць зразумелай і для прафесара, і для дворніка, але гэтага эфекту можна дасягнуць і не выкарыстоўваючы дыялекты, жарганізмы, слэнгі. Можна, напрыклад, выкарыстоўваць агульнаўжывальныя словы і выразы, а таксама пазбаўляцца ад штампаў і клішэ, што для публіцыстыкі было б вельмі добра.

СПІС ВЫКАРАСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Девкин, В. Д. Разговорная речь / В. Д. Девкин. — Москва: Наука, 1979. — 152 с.

2. Стылістыка тэксту: Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў філалагічнага профілю / М. Я Цікоцкі. — Мн.: Бел. Навука, 2002. — 223 с.

3. Рознастылёвыя тэксты і іх аналіз: вучэбна-метадычны дапаможнік / М. В. Абабурка. — Магілёў: УА «МДУ імя А.А. Куляшова», 2010. — 212 с.

4. Антанюк, Л. А. Беларуская навуковая тэрміналогія: Фарміраванне, структура, упарадкаванне, канструяванне, функцыяніраванне. — Мінск: Навука і тэхніка, 1987. — 240 с.

5. Цікоцкі, М.Я. Стылістыка беларускай мовы. — Мінск: Вышэйшая школа, 1976. — 304 с.

6. Сиротинин, О. Б. Вопросы стилистики устной и письменной речи. / О. Б. Сиротинин. — Саратов, изд-во Сар. Ун-та. — 1989. — 183 с.

7. Скворцова, Л. И. Литературная норма и просторечие. / Л. И. Скворцова; под ред. Скворцова Л. И. — М.: Наука, 1977. — 252 с.

8. Беларуская мова: Энцыклапедыя. — Мінск: БелЭН, 1994. — 538 с.

9. Булыко, А.Н., Полещук, Н.В. Белорусско-русский, русско-белорусский словарь / Авт.-сост. А. Н. Булыко, Н. В. Полещук. — 2-е изд. — Минск: «Попурри», 2008. — 672 с.

10. Грабчиков, С. М. Словарь белорусско-русский, русско-белорусский. — Минск: Парадокс, 2000. — 576 с. — («Эрудит»).

11. Каўрус, А.А. З крыніц народнай мовы. Рэд. Ф. Янкоўскі. — Мінск: «Вышэйшая школа», 1968. — 80 с.

12. Каўрус, А.А. Стылістыка беларускай мовы. — Мінск: Народная асвета, 1980. — 191 с.

13. Ушаков, Д. Н. Большой толковый словарь современного русского языка. — Москва: «Альта-Принт», 2007. — VIII, 1239 с.

14. Справочник школьника; 5 — 11 классы. — Москва: АСТ-ПРЕСС, 2001. — 768 с.

15. Абабурка, М.В., Асновы беларускай лінгвістычнай тэксталогіі: Навучальны дапаможнік для студэнтаў-філолагаў. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2003. — с.

16. Абабурка, М. В. Асновы стылістычнага аналізу літаратурна-мастацкага тэксту: Дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2002. — 29 с.

17. Шакун, Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / Л. М. Шакун. — Мінск: Універсітэцкае, 1984. — 319 с.

18. Юрэвіч, А.К. Стылістыка беларускай мовы / А.К. Юрэвіч. — Мінск; Выш. Школа, 1992. — 288 с.

19. Антанюк, Л. А. Беларуская навуковая тэрміналогія / Л. А. Антанюк. — Мінск: Навука і тэхніка, 1987. — 240 с.

20. Асновы культуры маўлення і стылістыкі / Пад рэд. У.В. Анічэнкі. — Мінск: Універсітэцкае, 1992. — 294 с.

21. Красней, В.П. Грані слова / В. П. Красней. — Мінск: Народная асвета, 1986. — 173 с.

22. Абабурка, М.В. Лінгвістыка тэксту / М. В. Абабурка. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2008. — 140 с.

23. Саверчанка, І.В. Публіцыстычная літаратура Беларусі другой паловы ХVI — XVII стст. Праблемы паэтыкі 10. 01. 01. Аўтарэферат доктарскай дысертацыі. — Мінск: БДУ, 2000. — 41 с.

24. Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я Міхневіча. — Мінск: БелЭН, 1994. — 655 с.

25. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5-ці т. — Т. 5. — Мінск: БелСЭ, 1987. — 703 с.

26. Литературная норма и просторечие / Под ред. Л. И. Скворцова. — Москва: Наука, 1977. — 254 с.

27. Кузнецов, И. Н. Риторика. — Минск, 2000.

28. Костомаров, В. Г. Языковой курс эпохи. Из наблюдений над речевой практикой масс-медиа. — Санкт-Петербург, 2006.

29. Экспрессивность текста. / Под ред. Козыревой М. А. — Казань.: Изд-во Казанского Ун-та, 1991. — 126 с.

30. Земская, Е. А. Русская разговорная речь. / Под ред. М. В. Китайгородской, Е. Н. Ширяева. — М.: Наука, 1981. С. 112.

31. Майданова, Л. М. Очерки по практической стилистике для студентов-журналистов. — Свердловск.: Изд-во Урал. ун-та, 1987. — 182 с.

32. Магілёўская праўда. — 1984, 2011.

33. Men’s Health. — 2010;2011.

34. Волшебный. — 2011.

35. Веснік Магілёва. — 2009;2011.

Показать весь текст
Заполнить форму текущей работой