К пачатку першай пяцігодкі аснову сельскай гаспадаркі Беларусі складалі індывідуальныя сялянскія гаспадаркі.
Больш за 60% з іх было аб’яднана спажывецкай і вытворчай кааперацыяй, грамадскі сектар быў невялікі - 213 саўгасаў і каля 400 калектыўных гаспадарак. Адносіны горада і вёскі будаваліся ў асноўным на эканамічных прынцыпах. Але «крызіс хлебанарыхтовак» 1927;1928 гг., дакладней, шляхі выхаду з яго, узятыя кіраўніцтвам краіны, стваралі прынцыпова новае становішча.
Яшчэ ўвосень 1928 г. набываюць моц надзвычайныя метады — за ўтойванне хлебных лішкаў кулакоў і частку сераднякоў прыцягвалі да суда, хлеб канфіскоўвалі, прычым ¼ яго частка аддаалася вясковай беднаце. Адраджаўся абшчынны прынцып кругавой парукі - сялянам самім давалася права размяркоўваць хлебанарыхтоўкі паміж асобнымі гаспадаркамі. Пры гэтым нарыхтоўчыя цэны на збожжа заставаліся на ўзроўні сярэдзіны 20-х гг., а цэны на прамысловую прадукцыю хутка раслі. Дзяржаўныя нарыхтоўкі фактычна ператварыліся з добраахвотных, аб’ём якіх рэгуляваўся эканамічнымі рычагамі, у неэканамічную канфіскацыю вырабленага прадукту.
Летам 1929 г. абвяшчаецца лозунг суцэльнай калектывізацыі і ліквідацыі кулацтва як класа. Каб узяць збожжа у селяніна-аднаасобніка, трэба было аднавіць узброенную сілу тыпу харчатрадаў часу грамадзянскай вайны. Найбольш зручнай формай канфіскацыі збожжа ў вёсцы былі калгасы, дзе збожжа адразу засыпалася ў агульны свіран і яго вываз ужо не выклікаў супраціўлення.
«Тэарэтычным абгрунтаваннем» фарсіравання калектывізацыі з’явіўся артыкул Сталіна «Год вялікага пералому», апублікавваны 7 лістапада 1929 г. у «Правде». У ім сцвярджалася, што ў калгасы нібыта пайшлі серадняцкія масы сялянства, што ў сацыялістычным пераўтварэнні сельскай гаспадаркі ўжо атрымана «рашаючая перамога» (на самай справе ў калгасах знаходзілася 6−7% сялянскіх гаспадарак).