Беларуская перакладная літаратура XV—XVII стст
Каля 1580 г. у асяроддзі беларускай шляхты была перакладзена з польскага друкаванага выдання 1574 г. «Гісторыя пра Атылу, караля ўгорскага» венгерскага пісьменніка-гуманіста Міклаша Олаха. Вобраз Атылы (памёр у 453 г.) — правадыра ваяўнічых гунаў, якія ў эпоху вялікага перасялення народаў наводзілі жах на цэлыя народы і, быццам смерч, разбуралі і нішчылі ўсё на сваім шляху, адлюстраваны ў… Читать ещё >
Беларуская перакладная літаратура XV—XVII стст (реферат, курсовая, диплом, контрольная)
1. Царкоўна-рэлігійная літаратура
Здаўна на Беларусі мовай царкоўна-рэлігійнага пісьменства была малазразумелая шырокаму чытачу стараславянская мова ў мясцовай рэдакцыі. У XVI-XVIII ст. пэўнае пашырэнне атрымала і зусім далёкая ад жывой беларускай лацінская мова, якая таксама часткова служыла мовай асветы і навукі. Заўзятым хавальнікам гэтых кніжных, мёртвых моў было найперш духавенства. Аднак ужо ў XV ст. у асяроддзі свецкіх слаёў беларускага грамадства, шляхты і гараджан пачалі з’яўляцца пераклады асобных твораў царкоўна-рэлігійнага зместу на тагачасную беларускую літаратурную мову. Гэтай тэндэнцыі дэмакратызацыі мовы царкоўна-рэлігійнага пісьменства на Беларусі спрыялі агульная атмасфера эпохі, зараджэнне гуманістычных і рэфармацыйных ідэй, падрыў манаполіі духавенства на асвету народа, рост нацыянальнай самасвядомасці і іншыя фактары.
У ліку першых старабеларускіх перакладаў твораў царкоўна-рэлігійнага пісьменства былі асобныя кнігі Бібліі. Дзесьці ў другой палове XV ст. на беларускую мову са стараяўрэйскай былі перакладзены біблейскія кнігі Старога Запавету «Іоў», «Данііл», «Прытчы Саламона», «Эклезіяст», «Песня песняў». У пачатку XVII ст. з’явіўся няпоўны беларускі пераклад Бібліі, галоўным чынам кніг так званага гістарычнага зместу (Пяцікніжжа Майсея, «Ісус Навін», кнігі Царстваў), крыніцай для якога паслужыў тэкст польскай друкаванай Бібліі. Захавалася таксама некалькі перакладаў Псалтыра, найболып папулярнай у даўнія часы біблейскай кнігі, па якой раней вучыліся элементарнай грамаце. Усе гэтыя розныя па якасці пераклады, зробленыя невядомымі асобамі, распаўсюджваліся ў адзінкавых экземплярах, у рукапісах, таму кола іх чытачоў было вельмі абмежаваным. Тым не менш іх з’яўленне — надзвычай важны і знамянальны факт.
Вялікае культурна-гістарычнае значэнне мела перакладчыцкая дзейнасць выдатнага беларускага гуманіста-асветніка, першадрукара ўсходніх славян Францыска Скарыны. Ён першы ва Усходняй Еўропе выдаў друкарскім спосабам для шырокага чытача большую частку Бібліі ва ўласным перакладзе на зразумелую народу мову, што было для таго часу сапраўдным грамадзянскім подзвігам.
З лёгкай рукі Скарыны на працягу XVI ст. на беларускую мову было перакладзена нямала твораў царкоўна-рэлігійнага і свецкага характару, некаторыя з іх былі надрукаваны. Тут яшчэ раз трэба ўспомніць Васіля Цяпінскага і яго пераклад на беларускую мову Евангелля, апублікаваны ім ва ўласнай друкарні ў 70-х гг. XVI ст. У 1616 г. у Іўі (ля Вільні) быў апублікаваны яшчэ адзін пераклад Евангелля, зроблены ў асяроддзі праваслаўнага духавенства, з прадмовай М. Сматрыцкага.
Адукаваныя колы беларускага грамадства маглі непасрэдна знаёміцца са зместам Бібліі і па тых шматлікіх яе друкаваных выданнях на польскай мове, што распаўсюджваліся на Беларусі ў XVI-XVII ст. Характэрна, што гэта былі выданні не толькі кракаўскіх, але і мясцовых друкарняў. Менавіта на беларускіх землях убачылі свет першыя польскія пратэстанцкія Бібліі: у 1563 г. у Брэсце была надрукавана так званая Радзівілаўская Біблія, а ў 1572 г. у Нясвіжы свой уласны пераклад Бібліі на польскую мову апублікаваў адзін з ідэолагаў польска-беларускай рэфармацыі Сымон Будны.
Тэматычна блізкімі да біблейскіх кніг былі апокрыфы. У цэлым не супярэчачы царкоўна-рэлігійнай ідэалогіі, апокрыфы адлюстроўвалі больш дэмакратычны, неафіцыйны погляд на шмат якія з’явы грамадскага жыцця і на хрысціянскую міфалогію. Некаторыя з іх былі прасякнуты злабадзённымі сацыяльнымі матывамі, антыфеадальнымі і антыклерыкальнымі ідэямі. Нездарма ўзнікненне шэрага апакрыфічных твораў было непасрэдна звязана з ерасямі.
Адным з найбольш вядомых яшчэ з часоў Старажытнай Русі быў на Беларусі апокрыф «Пра дванаццаць пакут» (інакш — «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»), час і месца ўзнікнення якога дакладна не вызначаны. Асноўны змест твора — апісанне падарожжа Багародзіцы па замагільным свеце. Жыва і каларытна, з яркімі натуралістычнымі дэталямі расказваецца ў апокрыфе пра тыя страшныя пакаранні, якія быццам бы адбываюць у пекле душы нябожчыкаў за іх зямныя грахі.
Багаты змест Бібліі даў матэрыял для самых разнастайных апакрыфічных твораў літаратурнага і фальклорнага паходжання: аповесцей і апавяданняў, рэлігійных вершаў, народных казак і інш. Так, біблейская легенда пра сусветны патоп непасрэдна выкарыстана ў беларускай казцы пра гордую Страцім-птушку, якая адмовілася ратавацца ў караблі Ноя, смела кінула выклік стыхіі і загінула ў няроўнай барацьбе. Гераічны вобраз гэтай мужнай птушкі натхніў М. Багдановіча на стварэнне вядомай паэмы «Страцім-лебедзь». Розныя сюжэты і матывы Свяшчэннага Пісання, асобныя моманты з жыцця біблейскіх герояў распрацоўваліся таксама ў апокрыфах пра святога Георгія, «Сон Багародзіцы», «Ліст Ісуса Хрыста», «Слова пра дрэва святога крыжа» і інш. Большасць з іх захавалася ў адносна позніх рукапісах XVII-XVIII стст., а векаторыя былі апублікававы фалькларыстамі паводле вусных пераказаў.
Сярод царкоўна-рэлігійных твораў буйных форм віднае месца пасля Бібліі займаюць аповесці. Некаторыя з іх маюць выразна апакрыфічны характар. Так, напрыклад, на аснове евангельскіх паданняў пра Ісуса Хрыста яшчэ ў эпоху ранняга Сярэднявечча былі створаны на лацінскай мове «Аповесць пра трох каралёў» і «Пакуты Хрыста», якія ў XV ст. трапілі на Беларусь. Пераклады гзтых твораў на беларускую мову вылучаюцца чысцінёй і багаццем мовы, вольнай ад царкоўнаславянскіх уплываў. Непасрэднай іх крыніцай, відаць, паслужыў, як паказваюць асобныя паланізмы ў беларускім перакладзе, польскі тэкст. Праўда, не выключана магчымасць, што гэты пераклад мог быць зроблены, як лічыў Я. Карскі (Карский Е. Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962. С. 288.), і з лацінскага арыгінала.
У «Аповесці пра трох каралёў» апавядаецца пра з’яўленне на свет пры незвычайных абставінах у горадзе Віфлееме, што ў Палесціне, бога-чалавека Ісуса Хрыста, нараджэнне якога было прадказана прарокамі. Даведаўшыся пра гэта, тры ўсходнія цары-язычнікі Мельхіёр, Бальтазар і Яспер дзівосным чынам здзяйсняюць першае хаджэнне ў «святую зямлю», наведваюць нованароджанага і падносяць яму свае падарункі. Вярнуўшыся на радзіму, яны з цягам часу прынялі хрышчэнне, актыўна садзейнічалі хрысціянізацыі сваіх краін і памерлі ў глыбокай старасці як благаверныя.
Вядомая легендарная гісторыя пакутніцкай смерці прапаведніка Ісуса Хрыста выкладзена ў аповесці «Пакуты Хрыста» («Страсти Христовы»). Асноўнай літаратурнай крыніцай твора паслужыла апакрыфічнае Евангелле Мікодыма, дзе гэтая легенда раскрыта болып падрабязна, чым у кананічных евангеллях. Галоўнага героя па-здрадніцку выдаў за 30 сярэбранікаў яго вучань Іуда мясцовым уладам і па патрабаванні раз’юшанага натоўпу яго распялі як злачынцу на крыжы салдаты Пілата, рымскага намесніка ў Ерусаліме. Ён, сын божы, усё ведаў і ўсё мог, мог лёгка абараніцца ад любой напасці, але свядома аддаў сябе на здзек і пакуты, гераічна ахвяраваў сваім жыццём дзеля збавення ўсяго чалавецтва, як тлумачыцца ў Бібліі. Яркае, драматычна напружанае апісанне гэтай узнёслай трагедыі рабіла на сярэдневяковых чытачоў, якія верылі ў гістарычную сапраўднасць евангельскіх паданняў пра Хрыста, надзвычай моцнае ўражанне і выклікала ў іх глыбокія эмацыянальныя перажыванні.
Дзве невялікія рэлігійныя аповесці былі перакладзены ў першай палове XVI ст. на беларускую мову з чэшскай — «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і «Кніга пра Таўдала-рыцара». У першай з іх, заснаванай на біблейскіх і апакрыфічных апавяданнях, расказваецца пра жанчыну Сівілу, якая была «вельми мудра, иже в звездах многыи вещи в будущих речах провидела», пра яе сустрэчу з царом Саламонам і своеасаблівае іх спаборніцтва ў мудрасці, а таксама выкладаюцца яе прадказанні пра нараджэнне богачалавека Ісуса Хрыста, канец свету і інш.
Апісанне падарожжа душы галоўнага героя па замагільным свеце складае аснову сюжэта «Кнігі пра Таўдала-рыцара». Калі з перапою рыцар на тры дні страціў прытомнасць, яго душа за гэты час пабыла ў пекле і раі і, пакаяўшыся, вярнулася на зямлю. Такім дзівосным чынам грэшны герой быў перавыхаваны і стаў на праведны шлях жыцця.
У 1637 г. у Куцейне (ля Оршы) была надрукавана «Гісторыя жыцця Варлаама і Іасафа», перакладзеная са стараславянскай на беларускую мову манахамі мясцовага праваслаўнага манастыра. Сюжэт гэтай жыційнай аповесці, тыповага помніка царкоўна-рэлігійнай белетрыстыкі, узнік у Індыі, пасля ў працэсе доўгага бытавання быў сур’ёзна перапрацаваны і дапоўнены ў адпаведнасці з ідэйнымі канцэпцыямі хрысціянства. Павучальная гісторыя індыйскага царэвіча Іасафа, які насуперак усім перашкодам прыняў хрысціянства, пакінуўшы веру сваіх продкаў, і яго духоўнага настаўніка пустэльніка Варлаама прызначалася «для утехи и пользы христианской», для ўмацавання хрысціянскага веравучэння. Беларускі друкаваны пераклад «Гісторыі жыцця Варлаама і Іасафа» паслужыў непасрэднай крыніцай рускага, выдадзенага ў 1680 г. у Маскве.
У ліку найбольш папулярных твораў царкоўна-рэлігійнай літаратуры былі ў даўнія часы павучальныя гісторыі жыцця хрысціянскіх герояў, прызнаных царквою святымі за розныя ўчынкі і падзвіжніцтва ў імя хрысціянскай веры. Сярод гэтых рэлігійных фанатыкаў, дзівакоў-аскетаў і пакутнікаў, што выклікаюць у нас сёння не столькі захапленне, колькі спачуванне, былі і высакародныя людзі, якія прывабліваюць сваёй мужнасцю, мэтаімкнёнасцю, нязломнаю сілай волі, самаахвярным імкненнем аддаць усё, нават сваё жыццё, дзеля вялікай ідэі. Стварэннем і распаўсюджаннем жыцій святых старанна займалася духавенства, якое прыкладам ідэалізаваных герояў імкнулася ў патрэбным кірунку ўздзейнічаць на розум і сэрцы веруючых, сцвердзіць хрысціянскія ідэалы.
Хоць агіяграфічны жанр не атрымаў у Вялікім княстве Літоўскім прыкметнага развіцця, аднак у XV-XVII стст. ён яшчэ карыстаўся на Беларусі значнай папулярнасцю. Мастацкія біяграфіі шматлікіх хрысціянскіх герояў, сярод якіх былі і жыціі мясцовых, старажытнарускіх святых (Барыса і Глеба, Феадосія Пячорскага і інш.), перапісваліся і размнажаліся ў розных зборніках рэлііійнага характару. Яны складаліся спачатку пераважна на царкоўнаславянскай, а пазней і на польскай мове. Першыя пераклады помнікаў жыційнай літаратуры на старабеларускую мову з’явіліся дзесьці ў другой палове XV ст.
Адным з найбольш ранніх беларускіх перакладаў твораў аііяграфічнага жанру было «Жыццё Аляксея», якое разам з «Аповесцю пра трох каралёў» і «Пакутамі Хрыста» захавалася ў рукапісным зборніку канца XV ст. Сюжэт жыція нескладаны. Сын багатых рымлян Аляксей, пранікнуўшыся верай у Бога і хрысціянскія ідэалы, кідае сваіх бацькоў, маладую жонку і выпраўляецца ў падарожжа на Блізкі Усход. Пражыўшы шмат гадоў у Сірыі аскетам-падзвіжнікам, Аляксей як жабрак-пілігрым вяртаецца дамоў. Семнаццаць гадоў ён правёў у родным доме не пазнаны бацькамі, якія толькі пасля яго смерці ў роспачы даведваюцца, што гэта быў іх сын. Займальны сюжэт, напружаны драматызм дзеяння, высокія духоўныя якасці галоўнага героя, яго мужнасць і самаахвярнасць, агульны лірычны тон апавядання садзейнічалі шырокай папулярнасці «Жыцця Аляксея» сярод хрысціянскіх народаў.
У 1579 г. у Вільні выйшаў на польскай мове вялікі зборнік «Жыцці святых», складзены Пятром Скаргам. У гэтай кнізе змешчана звыш чатырохсот апавяданняў і невялікіх аповесцей пра жыццё хрысціянскіх святых, размешчаных, як і ў старажытнарускіх чэццях мінеях, па месяцах года. Цэлы натоўп розных герояў праходзіць перад чытачом — ад біблейскіх Адама і Евы да рэальных гістарычных асоб XV-XVI стст. Тут першыя прарокі і хрысціянскія апосталы, папы і «айцы царквы», біскупы і радавыя манахі-падзвіжнікі, каралі і каралевы, місіянеры і заснавальнікі каталіцкіх ордэнаў, змагары супраць язычніцтва і ерасей, пакутнікі і аскеты і іншыя незвычайныя героі, якія, паводле прызнання хрысціянскай царквы, заслужылі назву святых і адпаведна ўшаноўваліся. Цікавасць на беларускіх землях да гэтага зборніка жыцій падтрымлівалася дзвюма акалічнасцямі. Па-першае, значная доля тагачаснага насельніцтва Беларусі, асабліва яе найбольш адукаваныя слаі, феадалы і інтэлігенцыя, была каталіцкага веравызнання. Па-другое, у кнізе П. Скаргі былі змешчаны і жыццяпісы мясцовых польскіх і літоўска-беларускіх святых каталіцкай царквы, напрыклад польскага місіянера XIII ст. Яцка (інакш Іакінфа), які падарожнічаў па Русі. Мікола Гусоўскі прысвяціў яму цэлую паэму на лацінскай мове. У больш позніх выданнях «Жыццяў святых» можна было прачытаць таксама каталіцкую версію біяграфіі вядомага рэлігійнага фанатыка XVII ст., «душахвата» Іясафата Кунцэвіча, які ў 1623 г. быў пакараны смерцю паўстаўшымі віцяблянамі. Найбольш поўны беларускі пераклад «Жыццяў святых» быў зроблены ў другой палове XVII ст., відаць, у Магілёве ў праваслаўным асяроддзі. Ён налічвае 141 жыціе, тэкст якіх перададзены вельмі блізка да польскага арыгінала. Са аборніка П. Скаргі былі выбраны творы пра найбольш вядомых і аўтарытэтных хрысціянскіх святых, прызнаных і праваслаўнай царквою.
Своеасаблівым відам пісьменства, блізкім паводле свайго характару да царкоўна-рэлігійнай літаратуры, былі ў даўнія часы розныя прыродазнаўчыя, астралагічныя, філасофскія зборнікі. У XV-XVII стст. на Беларусі чыталіся, перапісваліся і перакладаліся «Загадкі цара Давыда», «Тайная тайных, або Арыстоцелевы вароты», «Шасцікрыл», «Лапатачнік», «Луцыдарый» і іншыя кнігі. У іх адлюстраваны раннесярэдневяковыя, вельмі наіўныя і шмат у чым памылковыя ўяўленні пра акаляючы свет, прыроду і чалавека. Асобае месца сярод зборнікаў займаюць кітабы — кнігі, пісаныя беларускімі татарамі па-беларуску, але арабскім пісьмом.
Творы, перакладзеныя на беларускую мову, складалі толькі невялікую частку таго агромністага фонду пераважна іншаземнага па паходжанні царкоўна-рэлігійнага пісьменства, што бытавала на Беларусі ў эпоху феадалізму. Асноўную ж яго масу складалі творы на царкоўнаславянскай, лацінскай і польскай мовах, якія па традыцыі былі на беларускіх землях мовамі богаслужэння і кананічнай хрысціянскай літаратуры. Гэтая шматмоўная царкоўна-рэлігійная літаратура распаўсюджвалася як рукапісным, так і друкарскім спосабам, і мела ў свой час немалы попыт у чытачоў.
2. Свецкая літаратура
Вельмі цікавую і важную частку беларускай перакладной літаратуры складаюць творы, якія бытавалі пераважна ў свецкім асяроддзі. Хоць свецкая літаратура не такая разнастайная і багатая ў жанравых адносінах, як царкоўна-рэлігійная, аднак яна вельмі значная сваім зместам і мастацкімі вартасцямі. Вядучае месца ў ёй займаюць творы гістарычнага характару, у якіх апавядаецца пра выдатныя падзеі далёкай мінуўшчыны, пра ваенныя паходы і бітвы, апісваюцца велічныя справы славутых гістарычных асоб, праслаўляюцца рыцарскія подзвігі легендарных герояў. Важная асаблівасць гістарычных аповесцей і раманаў - не дакладнае, заснаванае на дакументальным матэрыяле адлюстраванне мінулага, а яго мастацкае асваенне з мэтай эмацыянальнага ўздзеяння на чытачоў, выхавання іх у духу гераізму і патрыятызму. Блізкія да гэтых твораў перакладныя хронікі і хранографы, што змяшчаюць нямала матэрыялу літаратурнага паходжання, белетрызаваных апавяданняў і аповесцей пра цікавыя і значныя падзеі з мінулага розных народаў свету.
Яшчэ з часоў Старажытнай Русі вялікай папулярнасцю карысталіся на Беларусі гістарычныя раманы і аповесці аб Траянскай вайне і Аляксандры Македонскім. На пачатку XVI ст. іх згадвае Францыск Скарына. Ёсць падставы меркаваць, што першыя пераклады гэтых твораў на старабеларускую мову з’явіліся ўжо ў XV ст.
Першым беларускім перакладам твора пра легендарныя і гераічныя падзеі Траянскай вайны, апетыя ў класічнай паэме Гамера «Іліяда», была, напэўна, так званая «Прытча пра каралёў», што прыйшла на Русь у XV ст. праз паўднёваславянскае пасрэдніцтва ў складзе візантыйскай хронікі XII ст. Канстанціна Манасіі. У гэтай невялікай аповесці коратка расказваецца пра нараджэнне ў траянскага цара Прыяма сына Парыса (у беларускай рэдакцыі - Фарыжа), з-за якога, як прадказалі прарокі, павінна была загінуць Троя, пра яго жыццёвы лёс і выкладаецца традыцыйная фальклорна-паэтычная версія прычын Траянскай вайны: грэкі выступаюць супраць траянцаў таму, што Парыс выкраў у іх цара Менелая жонку — прыгажуню Алену. Гэтак жа сцісла, але дынамічна апісваюцца ў творы падзеі апошняга года вайвы, якая скончылася смерцю яе галоўных герояў (Гектара, Ахіла, Парыса і інш.) і поўным разбурэннем Троі.
У XVI-XVIII стст. на Беларусі быў вядомы і іншы твор аб Траянскай вайне — «Гісторыя разбурэння Троі» (інакш «Гісторыя Траянскай вайны», «Траянская гісторыя»), напісаная ў ХІІІ ст. італьянцам Гвіда дэ Калона. У параўнанні з папярэднім творам гэты раман вылучаецца не толькі большым аб’ёмам, але і шматпланавасцю, багаццем зместу, новых сюжэтных ліній і эпізодаў, грунтоўнасцю і дэталёвасцю апісання падзей, спробамі псіхалагічна матываваць учынкі герояў, раскрыць іх душэўны стан і інш. Дзеянне ў «Траянскай гісторыі» больш расцягнута ў часе і прасторы: пачынаецца з апісання падарожжа грэчаскіх арганаўтаў у далёкую Калхіду па залатое руно і канчаецца апісаннем лёсу некаторых траянскіх герояў (Агамемнана, Уліса — Адысея), што засталіся жывымі пасля вайны.
Вялікай і заслужанай папулярнасцю ў чытачоў эпохі Сярэднявечча карысталіся творы пра Аляксандра Македонскага, які жыў у IV ст. да н.э. Яркая асоба гэтага легендарнага палкаводца старажытнасці, які змог падпарадкаваць сваёй уладзе амаль паўсвету, на працягу многіх стагоддзяў прыцягвала і захапляла людзей. Пісьменнікі розных эпох і народаў звярталіся да яго вобраза, бачылі ў ім рысы ідэальнага цара і военачальніка. Галоўнай крыніцай болыпасці сярэдневяковых твораў пра Аляксандра Македонскага быў грэчаскі раман, напісаны ў Егіпце ў II-III стст. У Еўропе гэты раман бытаваў у дзвюх рэдакцыях, лацінскай і сербскай. Асноўны змест «Александрыі» — гісторыя жыцця, воінскіх подзвігаў і прыгод яе галоўнага героя. Аляксандр Македонскі паўстае перад намі як незвычайная асоба з багатай і складанай натурай. Ён не толькі выдатны палкаводзец і мудры правіцель, але і чалавек высокіх духоўных якасцей, вялікай сілы волі, моцнага характару і глыбокага розуму. Ён хітры і цікаўны, бязлітасны і велікадушны, мужны воін і прыкладны сын. Ён усемагутны валадар, цар над царамі, які вырашае лёс цэлых краін і народаў, і адначасова звычайны чалавек, бяссільны перад сваім уласным лёсам, што наканаваў яму памерці ў маладыя гады. Наяўнасць цэнтральнага героя і адзінства тэмы прыдаюць раману цэласны характар, нягледзячы на ўсю складанасць яго сюжэтнай будовы і разнастайнасць зместу.
Каля 1580 г. у асяроддзі беларускай шляхты была перакладзена з польскага друкаванага выдання 1574 г. «Гісторыя пра Атылу, караля ўгорскага» венгерскага пісьменніка-гуманіста Міклаша Олаха. Вобраз Атылы (памёр у 453 г.) — правадыра ваяўнічых гунаў, якія ў эпоху вялікага перасялення народаў наводзілі жах на цэлыя народы і, быццам смерч, разбуралі і нішчылі ўсё на сваім шляху, адлюстраваны ў шматлікіх помніках фальклору і літаратуры сярэдневяковай Еўропы, у эпічных паэмах і песнях, у гістарычных паданнях і хроніках. У творах, што ўзніклі ў лаціна-хрысціянскім асяроддзі, Атыла паказаны як носьбіт грубай варварскай сілы, бязлітасны заваёўнік, «біч божы». У гуна-гоцкіх паданнях ён апеты як магутны валадар, народны правадыр і выдатны палкаводзец. Погляд на Атылу як на станоўчага ў цэлым героя еўрапейскай гісторыі быў падхоплены і пераасэнсаваны ў эпоху Адраджэння ў нацыянальна-патрыятычных колах Венгрыі, якія перад тварам турэцкай небяспекі марылі аб моцным і мудрым кіраўніку дзяржавы і лічылі гунаў сваімі продкамі. Гэта і знайшло яркі адбітак у творы Міклаша Олаха.
У XV-XVII ст., у эпоху станаўлення і актыўнага развіцця культуры беларускай народнасці на Беларусі была добра вядома і літаратура рускага народа. Аднак шматлікія яе помнікі (жыціі і гістарычныя сказанні, летапісы і воінскія аповесці і інш.), як правіла, бытавалі на беларускіх землях у арыгінале, бо руская мова і ў тыя часы была лёгказразумелай для большасці беларускага насельніцтва. Невыпадкова нават значныя тэкставыя запазычанні з рускіх летапісаў уключаліся ў беларускія летапісныя зводы без перакладу.
Адным з рэдкіх перакладаў твораў рускай гістарычнай белетрыстыкі на беларускую мову з’яўляецца аповесць «Пра пабоішча Мамая». Беларускі пераклад — гэта скарочаная рэдакцыя вядомага помніка Кулікоўскага цыкла — «Сказання пра Мамаева пабоішча» (пачатак XV ст.), прысвечанага выдатнай перамозе рускіх аб’яднаных сіл над татарамі ў 1380 г. на полі Куліковым. Галоўны герой аповесці - вялікі князь маскоўскі Дзмітрый Іванавіч. Ён паказаны не толькі як лепшы прадстаўнік найвышэйшай свецкай улады і выдатны арганізатар гістарычнай перамогі, але і як прыкладны хрысціянін. Яго вобраз месцамі пададзены ў агіяграфічным стылі, падобна ідэальнаму герою жыційнай літаратуры.
Некаторыя буйныя празаічныя творы на гістарычную тэматыку («Александрыя», «Гісторыя Траянскай вайны» Гвіда дэ Калоны) па характары блізкія да рыцарскага рамана. Аднак авантурна-прыгодніцкая фабула ў гэтых творах трымаецца не на любоўнай інтрызе, што з’яўляецца адной з важнейшых асаблівасцей рыцарскага рамана. У іх няма таксама паэтызацыі прыгожай дамы, у імя якой галоўны герой пераадольвае розныя перашкоды, здзяйсняе рыцарскія подзвігі.
Да жанру рыцарскага рамана ў поўным сэнсе гэтага слова можна аднесці аповесці пра Трыстана і Баву, перакладзеныя на беларускую мову ў другой палове XVI ст.
Асноўны змест «Аповесці пра Баву» — незвычайныя прыгоды і гераічныя ўчынкі галоўнага героя, сына цара Гвідона і царыцы Мілітрысы (у беларускай рэдакцыі - Мератрысы), якая з-за каханага Дадона вырашыла загубіць нялюбага мужа і свайго сына. Бава ўцякае з роднага краю і трапляе ў Арменію. Там ён сустракае прыгажуню Дружнену, дачку мясцовага цара. У імя кахання да яе герой праходзіць самыя цяжкія выпрабаванні і здзяйсняе багатырскія подзвігі (забівае асілка Лукапёра, змагаецца з Палканам і Маркабрунам, які хацеў сілаю ўзяць Дружнену сабе за жонку, і інш.). Перамогшы войска Маркабруна, Бава са сваёй каханаю шчасліва вярнуўся на радзіму і пакараў смерцю Мілітрысу і Дадона, забойцаў свайго бацькі.
Класічны ўзор рыцарскага рамана — «Аповесць пра Трышчана». Яна адкрывае выдатны помнік беларускага пісьменства і літаратурнай мовы XVI ст. Пазнанскі рукапіс, у якім тэкст усіх змешчаных аповесцей мае агульны загаловак: «Повесть о витязех с книг сэрбских, а звлашча о славном рыцэры Трысчане, о Анцалоте и о Бове и о иншых многих витезех добрых». Паколькі сербскі пераклад гэтага твора не захаваўся, то беларускі пераклад мае асаблівую каштоўнасць як адзіны прадстаўнік славянскай беларуска-сербскай рэдакцыі славутага заходнееўрапейскага рамана эпохі Сярэднявечча.
Паэтычная легенда аб прыгожым каханні рыцара Трыстана і каралевы Ізольды належыць да найболып папулярных і даўгавечных сюжэтаў у сусветнай літаратуры. Яна ўзнікла больш за тысячу гадоў таму назад на тэрыторыі сучаснай Вялікабрытаніі ў асяроддзі кельтаў - індаеўрапейскіх плямёнаў, якія да прыходу англасаксаў засялялі брытанскія астравы. Пранікнуўшы пасля ў Францыю, легенда была літаратурна замацавана і разышлася па краінах Еўропы, выклікаўшы шматлікія вершаваныя і празаічныя апрацоўкі. На працягу стагоддзяў яна захапляла і хвалявала чытачоў.
Найболып тыповай формай бытавання літаратурных твораў у эпоху Сярэднявечча былі зборнікі невялікіх апавяданняў з напружаным драматычным сюжэтам і нечаканай развязкай (навел). Яны сталі вядомы ўсходнім славянам яшчэ ў часы Старажытнай Русі (Супрасльскі зборнік, «Изборник» 1073 г. і інш.). Адметная іх асаблівасць — няўстойлівасць, рухомасць літаратурнага складу. У працэсе перапіскі тэкст іх скарачаўся і дапаўняўся новымі матэрыяламі і, такім чынам, пастаянна мяняўся змест.
На раннім этапе станаўлення ўласна беларускай літа-ратуры, у XIV-XV стст., на Беларусі бытавалі зборнікі пераважна з творамі балгара-візантыйскага і старажытнарускага паходжання. Пасля, з канца XV ст., у сувязі з пашырэннем культурных кантактаў беларусаў з краінамі Заходняй Еўропы, сталі з’яўляцца беларускія пераклады асобных твораў і нават цэлых зборнікаў з лацінскай і польскай моў. Сярод апошніх найболыпай папулярнасцю тады карысталіся ў беларускіх чытачоў вядомыя зборнікі сярэдневяковых навел і прытчаў «Вялікае люстра» («Великое зерцало») і «Рымскія дзеі» («Римские деяния»).
У «Вялікім люстры» навелы згрупаваны па раздзелах у адпаведнасці са зместам маральных правіл, мастацкаю ілюстрацыяй якіх яны служылі. У зборніку выкладаюцца розныя незвычайныя і павучальныя гісторыі, асуджаюцца адмоўныя з пункту погляду этычных прынцыпаў Сярэднявечча бакі характару чалавека, яго недахопы. У некаторых апавяданнях выкрываюцца амаральныя паводзіны прадстаўнікоў пануючых класаў, свецкіх феадалаў і вышэйшага духавенства. Для ўзмацнення эмацыянальнага, больш эфектыўнага ўздзеяння на чытачоў у творах шырока выкарыстоўваецца хрысціянская міфалоіія і фантастыка, штучна драматызуецца сюжэт, уводзяцца розныя цуды і жахі.
Блізкі да «Вялікага люстра» паводле зместу, характару выкладу і агульнай маралізатарскай накіраванасці і зборнік «Рымскія дзеі», пераважная большасць апавяданняў якога не мае ніякай сувязі з Рымам, з яго гісторыяй. Адны сюжэты грунтуюцца на сярэдневяковых легендах і анекдотах, другія ўзыходзяць да фальклору ўсходніх народаў, трэція запазычаны ў антычных пісьменнікаў.
Апрача гістарычных аповесцей і раманаў, на Беларусі ў эпоху позняга феадалізму бытавала нямала розных летапісных кампіляцый, хронік і хранографаў, якія задавальнялі ўзросшую цікавасць беларускіх чытачоў да гісторыі роднай зямлі і іншых краін. У гэтых творах побач з дакументальнымі, гістарычна дакладнымі звесткамі змешчаны і матэрыялы літаратурнага паходжання, розныя белетрызаваныя апавяданні і аповесці пра мінулае, што дае ўсе падставы разглядаць гэтыя помнікі ў гісторыі беларускай літаратуры.
У 60-я гг. XVI ст. на беларускую мову была перакладзена «Хроніка ўсяго свету» польскага храніста Марціна Бельскага, якая неаднаразова друкавалася на польскай мове (першае выданне выйшла ў Кракаве ў 1551 г.). Дзякуючы гэтай сусветнай гісторыі беларускі чытач мог пазнаёміцца не толькі з многімі невядомымі яму фактамі і падзеямі далёкай мінуўшчыны іншых народаў, але і з асобнымі творамі зарубежнай літаратуры, якія былі змешчаны ў хроніцы: «Трояй», «Александрыяй» і інш.
У першай палове XVII ст. з’явіўся пераклад на беларускую мову «Хронікі еўрапейскай Сарматыі» італьянца Аляксандра Гваніні, які значны час жыў на Беларусі. Яго «Хроніка» ўпершыню была надрукавана ў 1578 г. у Германіі на лацінскай мове, а ў 1611 г. у дапоўненым варыянце ў Кракаве на польскай. Даволі шырока прадстаўлена ў гэтым помніку геаграфія і гісторыя еўрапейскіх краін, у тым ліку і Вялікага княства Літоўскага.
Своеасаблівай гістарычна-белетрыстычнай энцыклапедыяй свайго часу, зборам разнастайных звестак і літаратурных твораў пераважна іншаземнага паходжання была вялікая хранаграфічная кампіляцыя, складзеная ў XVII ст. на беларускай мове і назвавая ў адным са спісаў: «Летапис, то ест Кройника великая з розных многих кройникаров диалектом руским написана». Гэты помнік вылучаецца вельмі шырокім геаграфічным і часавым ахопам сусветнай гісторыі, ад антычнай гісторыі Грэцыі і Рыма да сярэдневяковай Польшчы і Русі, ад біблейскіх часоў і да эпохі еўрапейскай Контррэфармацыі. Аб багацці літаратурнага складу «Вялікай хронікі» красамоўна сведчыць яе змест: «Гисторыя о золотом руне и о войне Троянской», «Александрыя», «Гисторыя Иосифа Жыдовина» (гэта значыць Іосіфа Флавія), «О поражце великой московской над татарами» («Сказание о Мамаевом побоище») і інш. Апісанню мінулага Літвы і Беларусі ў гэтым хранографе прысвечана асобная частка — «Хроніка літоўская і жамойцкая».
Спіс выкарыстаных крыніц
рэлігійны літаратура свецкы апокрыф
1. Мальдзіс А.I. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна XVII-XVIII ст.). Мн., 1980.
2. Саверчанка I.В. Старажытная паэзія Беларусі: XVI — першая палова XVII ст. Мн., 1992.
3. Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры: У 2 т. Т. 1: З старажытных часоў да канца XVIII ст. Мн., 1968.
4. Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд / Пад рэд. М. А. Лазарука і А.А. Семяновіча. Мн., 1985; 4-е выд., 1998.
5. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ-ХІХ стагоддзяў: У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: ХІ - першая палова ХVІІІ стагоддзя. Мн., 2006.