Помощь в написании студенческих работ
Антистрессовый сервис

Канцэпцыя сацыякультурнага працэса ў неатамiзме

РефератПомощь в написанииУзнать стоимостьмоей работы

У філасофіі Э. Мунье таксама вылучаюць вучэнне аб каштоўнасці зямнога жыцця і актыўнай уцягнутасці чалавека ў зямныя справы. Асяродкавай у гэтым вучэнні з’яўляецца ідэя аб неабходнасці ўдзелу ўсіх людзей, як веруючых, так і няверуючых, ва ўдасканаленні грамадскіх дачыненняў. Паводле Э. Мунье, не чалавечыя масы робяць гісторыю, а каштоўнасці, якія ўздзейнічаюць на людзей і зыходзяць ад непахіснай… Читать ещё >

Канцэпцыя сацыякультурнага працэса ў неатамiзме (реферат, курсовая, диплом, контрольная)

Iнстытут філасофіі і гісторыі НАН Беларусі.

Кафедра філасофіі.

Iнстытут НАН Беларусі.

Канцэпцыя сацыякультурнага працэса ў неатамiзме.

ЗМЕСТ.

Уводзіны Раздзел 1. Каталіцкі персаналізм Ш. Пэгі, Э. Мунье Раздзел 2. Сацыякультурны працэс у філасофіі Ж. Марытэна Раздзел 3. Грамадства і культура ў сучасным неатамізме. Б. Мандзін, Ладр’ер Заключэнне Літаратура.

УВОДЗІНЫ.

У сучаснай хрысціянскай (каталіцкага накірунку) філасофскай думцы і філасофіі культуры дамінуючай плыняй з’яўляецца неатамізм. Як сучасны этап філасофіі тамізму, неатамізм спазнаў свой уздым у сярэдзіне XX ст. Уздым гэты быў звязаны з імёнамі такіх філосафаў як Э. Жыльсон, Ж. Марытэн, К. Ранэр, К. Вайтыла, Б. Ланэрган і інш. Адной з найважнейшых тэмаў, на якую звярталі ўвагу каталіцкія філосафы, была тэма чалавека, яго існавання ў грамадстве.

Намі ставіцца за мэту паспрабаваць вызначыць разуменне неатамізмам праблемы развіцця чалавечага соцыума і культуры, і месца самога чалавека ў іх. Дзеля дасягнення нашай мэты неабходна адказаць на пытанні: як неатамізм разглядае сацыяльную сутнасць чалавека; якім уяўляе гістарычнае развіццё культуры (і цывілізацыі); што бачыць каранямі крызіса сучаснага грамадства і якія шляхі выйсця прапаноўвае? Асноўная ўвага ў нашай працы надаецца аналізу сацыякультурнага працэса, які быў зроблены прадвеснікам антрапалагічнага павароту неатамізму Ж. Марытэнам. Аднак вывучэнне яго філасофіі немагчыма без разгляду філасофскіх поглядаў пачынальнікаў каталіцкага персаналізму Ш. Пэгі і Э. Мунье. Таксама звернемся да філасофскіх распрацовак Б. Мандзіна і Ладр’ера.

Раздзел 1. Каталіцкі персаналізм Ш. Пэгі, Э. Мунье.

У XX ст. філасофія неатамізму звярнула значную ўвагу на пытанні сацыяльнага жыцця чалавецтва, на праблемы развіцця культуры, маралі і гуманізму. У навуковай літаратуры гэты накірунак неатамізму часам называецца каталіцкім персаналізмам. На яго станаўленне значны ўплыў зрабілі філасофскія антрапалагічныя плыні, якія былі найбольш уплывовымі ў той час, — фенаменалогія, экзістэнцыялізм і марксізм. Персаналізм распрацоўвае такі сацыяльны ідэал, у якім бы грамадскае жыццё індывідаў супала б з іх асабовым жыццём, а людзі ў сваёй дзейнасці кіраваліся б духоўнымі каштоўнасцямі, якія сфармавался ў хрысціянскай традыцыі.

Адным з першых каталіцкіх філосафаў, які вывучаў сацыяльныя аспекты культурнага жыцця, быў Шарль Пэгі (1873−1914). У сваёй філасофіі ён выступіў з ідэяй гарманічнага грамадства [10, 16]. Ш. Пэгі бачыў гармонію не ў індустрыяльным развіцці чалавецтва, а ў існаванні хрысціянскай абшчыны. Крытыкуючы сучаснае яму буржуазнае грамадства, ён бачыў шлях да змянення сацыяльнага ладу праз перабудову маральнага фундаменту свядомасці. Духоўныя і маральныя крытэрыі былі для яго асноўнымі ў разглядзе і ацэнцы сацыяльных катэгорыяў. Ш. Пэгі настойваў на непарыўнай сувязі часовага і вечнага, рэальнага і звышрэальнага, бо духоўнае (вечнае і заўжды першаснае) сілкуецца часовым, а часовае пастаянна асвячаецца духоўным [1, 36]. Непасрэдную сувязь, паводле французскага філосафа, між Боскай звышрэальнасцю і зямной рэальнасцю ажыццяўляе народ, які павінен увасабляць Боскае (дух, творчасць) у зямным. Такім чынам, прызначэнне чалавека — кінуць у зямное, часовае існаванне Боскую іскру, скіраваць яго ўвышыню. Сацыяльныя ператварэнні, як лічыў Ш. Пэгі, могуць засноўвацца толькі на ўнутранай, маральнай рэвалюцыі, на інтэлектуальным самаўдасканаленні чалавецтва [1, 37−38].

Філасофія Ш. Пэгі найбольшы ўплыў аказала на заснавальніка французскага персаналізму Эманюэля Мунье (1905;1950). Э. Мунье ў асяродак сваіх тэарэтычных пошукаў паставіў праблему універсальнага развіцця асобы і ўсебаковай гуманізацыі свету [1, 31]. Яго філасофія — маральна-сацыяльная дактрына, заснаваная на абсалютнай каштоўнасці асобы, на прымаце асобы над матэрыяльнай неабходнасцю і калектыўным пачаткам; прычым падобны персаналізм сутнасна адрозніваецца ад індывідуалізму. Філосаф лічыць свабоду індывідуалізму хлуслівай, бо яна дае палітычныя правы без эканамічнага забеспячэння. У выніку, з’яўляецца эканамічная залежнасць, якая ператвараецца ў глыбокае і поўнае парабашчэнне. Валоданне маёмасцю становіцца абсалютам для грамадства, а сам уласнік — рабом рэчы [5, 349−350; 10, 30]. Трэба звярнуць увагу на два тыпы маральнага адчужэння, якія вылучаў Э. Мунье: адчужэнне Нарцыса (сацыяльнае паразітаванне) і адчужэнне Геркулеса (сітуацыя, калі чалавек стае рабом прадукта ўласнай працы). У грамадстве, працягвае сваю думку французскі філосаф, пераважае дух заспакаення, вузкасці мыслення, індыферэнтнасць да бліжняга, прага да валодання грошамі, рэпутацыяй і г. д. Як рэакцыя на ўсё гэта адбываецца скажэнне сапраўдных духоўных каштоўнасцяў, і нараджаецца пагарда да рацыяналізму, якая перарастае ў фашызм — культ іррацыянальнага, калектыўнага пачатка, якому падпарадкоўваецца і грамадскае, і асабістае жыццё. Адбываецца пераход ад падпарадкавання розуму да падпарадкавання культу натоўпу, які выяўлены ў правадыры. Э. Мунье крытыкуе і марксізм, у чыёй філасофскай сістэме не знаходзіцца месца чалавеку як асобе [10, 32].

Э. Мунье падкрэслівае калектывісцкі характар асобы. Так як станаўленне чалавека асобай ажыццяўляецца толькі праз чалавечае грамадства, то асабовае і грамадскае звязаны непарыўна. Неабходна адзначыць, што філосаф падзяляе чалавека на індывіда і асобу. Iндывід — перамога матэрыі над чалавекам. Крэда асабовага існавання Мунье вызначае так — я існую толькі ў той ступені, у якой я існую для іншага і ў гранічнасці быць азначае любіць (любоў не прыродная, а звышпрыродная). Па-сутнасці, гэтая ісціна і ёсць персаналізм [1,90−98].

У філасофіі Э. Мунье таксама вылучаюць вучэнне аб каштоўнасці зямнога жыцця і актыўнай уцягнутасці чалавека ў зямныя справы. Асяродкавай у гэтым вучэнні з’яўляецца ідэя аб неабходнасці ўдзелу ўсіх людзей, як веруючых, так і няверуючых, ва ўдасканаленні грамадскіх дачыненняў. Паводле Э. Мунье, не чалавечыя масы робяць гісторыю, а каштоўнасці, якія ўздзейнічаюць на людзей і зыходзяць ад непахіснай меншасці. Адмаўляецца неабходнасць рэвалюцыі палітычнай, і сцвярджаецца патрэбнасць рэвалюцыі духоўнай: трэба выявіць духоўныя карані зла, якое ахапіла грамадства, і з гэтага вызначаць накірункі абнаўлення сацыяльнага, эканамічнага і палітычнага жыцця. Тэрмін рэвалюцыя атаесамляецца, як і ў Ш. Пэгі, з маральна-рэлігійным ператварэннем чалавека і чалавецтва. Падобная рэвалюцыя ніколі не скончыцца, бо гэта маральны рух, і шляхі яго бясконцыя ў сэрцы кожнага чалавека [1, 144−148]. Паводле такой рэканструкцыі цывілізацыі, грамадскія інстытуты павінны будавацца так, каб ствараць атмасферу свабоды, у якой бы развівалася асоба і фармавалася персаналісцкае грамадства (яно ўзнікае толькі знутры праз развіццё асобы). Персаналісцкая эканоміка, на думку Э. Мунье, павінна будавацца па наступнай схеме: прыбытак павінен залежыць ад вытворчасці, вытворчасць — ад спажывання, яно, у сваю чаргу, — ад патрэбаў, апошнія — ад этыкі, г. зн. ад асобы. Персаналісцкая дэмакратыя ўяўляе сабой не ўладу большасці і свавольства асобнага грамадзяніна, а павагу да кожнага чалавека. Плюралізм такой формы дэмакратыі павінен засноўвацца на абмежаванні органаў дзяржаўнага кіравання праз звужэнне іх паўнамоцтваў і дэцэнтралізацыю ўлады [5, 350−351].

Раздзел 2. Сацыякультурны працэс у філасофіі Ж. Марытэна.

Асноўнае наданне ў развіццё сацыякультурнай канцэпцыі неатамізму зрабіў выбітны французскі філосаф Жак Марытэн (1882−1973). Аснову яго дактрыны складае меркаванне аб тым, што ў сацыяльным плане чалавек выступае як адзінства асобы і індывідуальнасці [9, 64]. Падобны падзел мы наглядаем і ў філасофіі Э. Мунье. Iндывідуальнасць у чалавеке — гэта тое, што выключае з якога-небудзь суб’екта ўсё, што датычыцца іншых людзей, а асоба — тое, што забяспечвае духоўнае жыццё душы ў яе адзінстве з быццём чалавека, ва ўсёй яго шматвобразнасці. У канкрэтным, зямным жыцці асоба, звязаная з Боскай душой, і індывідуальнасць, якая вызначаецца матэрыяльнасцю цела, злучаюцца і ствараюць чалавека як цэлае [11, 17]. У сацыяльным плане, індывідуальнасць тоесна матэрыяльнай прыродзе чалавека, яна звязвае чалавека з зямным светам. Адпаведна, яна адлюстроўвае ніжэйшы ўзровень чалавечага быцця. У Марытэна, чалавек — сутнасць грамадская, таму індывід, каб рэалізаваць усе свае магчымасці, можа існаваць толькі як частка чалавечага рода (абшчыны) як цэлага. Такім чынам, род — тое цэлае, што адлюстроўвае больш высокае быццё за канцовае існаванне адзінкавага матэрыяльнага індывіда. Згодна з каштоўнаснай іерархіяй быцця ў неатамізме, цэлае валодае большай каштоўнасцю за частку, а мэта існавання цэлага вызначае мэту існавання часткі, значыць чалавек як індывід падпарадкоўваецца грамадству [9, 67−69]. Iндывід і грамадства імкнуцца да агульнага дабра, якое не можа быць канцовай мэтай існавання чалавека як Боскага стварэння. Тут мы звяртаемся да асобы. Чалавек як індывід падобны да іншых індывідаў, жывёлаў, раслінаў і нават да мінералаў, залежыць ад гістарычных і грамадскіх законаў, ад мноства матэрыяльных сілаў і ўплываў. Асоба ж робіць яго самадзейным, незалежным, непадуладным зямным законам. Менавіта праз асобу выяўляецца духоўная прырода чалавека, менавіта асоба звязана з душой (сутнасцю чалавека) і падпарадкоўваецца толькі Богу, які ёсць мэтай яе існавання. Адпаведна, асоба як духоўная сутнасць вышэй за грамадства, а мэты і дзеянні асобы ад грамадства незалежныя [9, 70−71; 10, 25]. Персаналізм Ж. Марытэна падпарадкоўвае індывіда грамадству ў плане дасягнення матэрыяльных дабротаў, вызнавая асобу, у яе скіраваных да вечнасці духоўных імкненнях, ад грамадства незалежнай. Такі падыход дазваляе пазбавіцца як ліберальнага індывідуалізму, так і марксісцкага калектывізму. Такм чынам, можна вызначыць іерархію сацыяльных каштоўнасцяў філасофіі неатамізму, у якой кожная больш высокая каштоўнасць з’яўляецца мэтавай прычынай больш нізкай: індывід — агульнае дабро — асоба — рэлігійныя (маральныя) каштоўнасці — Бог. Згодна з такім падыходам, не чалавек фармуецца грамадствам, а душа чалавека вызначае структуру грамадства [9, 72,76,80; 10, 25]. Паводле Марытэна, грамадства складаецца з абшчыны і культурных, эканамічных, палітычных інстытутаў. Абшчына ствараецца ў асноўным прыродай, звязана з вобласцю біялагічнай, у яе ўваходзяць тэрытарыяльныя, этнічныя, лінгвістычныя групы і сацыяльныя класы. У сваю чаргу, грамадскія інстытуты ствараюцца розумам і больш звязаны з інтэлектуальным і духоўнымі схільнасцямі чалавека. Асновай усіх сацыяльных інстытутаў ёсць асоба, якой, у сваю чаргу, абсалютна неабходна сацыяльнае жыццё [9, 77−78].

Пасля разгляду неатамісцкага падыходу да пытанняў пабудовы грамадства і сутнасці чалавека, неабходна звярнуць увагу на вызначэнне неатамізмам крытэрыя чалавечай дзейнасці ва ўсх сферах яго жыцця. Такім універсальным крытэрыем вылучаецца мараль [9, 84]. Жак Марытэн казаў, што каштоўнасць дзеяння вызначаецца яго мэтай. Значыць, асновай маралі і, адпаведна, мэтай чалавечай дзейнасці ёсць вечныя і нязменныя каштоўнасці звышнатуральнага быцця, якое валодае абсалютным дабром і дасканаласцю. У філасофіі неатамізму існуе падзел на маральны і натуральны законы, якія вызначаюць нормы паводзінаў людзей у грамадстве. Натуральны закон адносіцца да індывіда, гэты закон усталяваны Богам для створанага свету. Усе дзеянні чалавека, скіраваныя на задавальненне патрэбаў, забяспечваючых матэрыяльнае існаванне чалавека, не супярэчаць натуральнаму закона, але падобныя дзеянні могуць супярэчыць закону маральнаму. Маральны закон адносіцца толькі да асобы і вызначае крытэрыі маральнага быцця, адлюстроўвае абсалютны крытэрый ацэнкі дзейнасці ўсіх жывых істотаў (воля Бога, Боскі закон) [9, 85,91−94]. Такім чынам, чалавек як асоба, у адрозненні ад іншых стварэнняў, можа адступаць ад натуральнага закона і выходзіць за межы быцця, якое абмяжоўвае чалавека як матэрыяльную істоту. Чалавек як асоба не залежыць ад маральных крытэрыяў грамадства, якія заснаваны на натуральным законе, грамадства не можа вызначаць крытэрыі маральных паводзінаў асобы. Такія крытэрыі могуць вызначацца, на думку Ж. Марытэна, толькі вечнымі і абсалютнымі рэлігійнымі каштоўнасцямі, незалежнымі ад умоў матэрыяльнага і грамадскага існавання чалавека. «Свет маральных каштоўнасцяў — гэта вобласць аўтаномная, непадзельная і самадастатковая» [9, 92−94,101]. У такім ракурсе, мараль дамінуе над эканомікай, палітыкай, тэхнікай і іншымі сферамі «практычных», навуковых ведаў, якія ёсць толькі сродкі дасягнення чалавекам мэты жыцця. А сацыяльныя праблемы — галоўным чынам праблемы маральныя і рэлігійныя [9, 95−96]. Прапаноўвае Жак Марытэн і варыянт вырашэння такіх праблемаў. Выйсце ён бачыць у інтэгральным гуманізме. Каб дакладна вызначыць сэнс гэтага паняцця, неабходна разгледзіць прапанаваны Марытэнам падзел гісторы еўрапейскай культуры паводле эвалюцыі гуманістычнай свядомасці.

Зараджэнне гуманістычнай свядомасці пачалося яшчэ з Антычнасці, але толькі хрысціянскі гуманізм Сярэднявечча, з яго тэацэнтрычным і сакральным характарам, стварыў перадумовы ўсебаковага развіцця асобы. У час пасля Рэнесансу адбыўся крызіс гуманізму з-за разладу між творчым чалавечым пачаткам і светам хрысціянскіх каштоўнасцяў. Першы этап крызіса (XVI-XVIII стст.) характэрны распаўсюджваннем атэізму, барацьбой навукі і рэлігіі. У аснове гуманізму таго часу палягае антрапацэнтрычная канцэпцыя культуры, г. зн. абвяшчаецца замкнёнасць чалавечай прыроды ў самой сябе і яе самадастатковасць. Замест таго, каб звязваць развіццё гуманнасці і розума чалавека з евангельскай традыцыяй, адбываецца спроба пакласціся толькі на рацыянальнасць і адвергнуць усё іррацыянальнае і звышнатуральнае [11, 26]. Аднак Ж. Марытэн з гэтым катэгарычна не згодны. Ён абвінавачвае эпоху Дэкарта і энцыклапедыстаў у тым, што сваёй верай у прагрэс, звязаны з поспехамі навукі, яна (эпоха) прывяла чалавецтва да ілюзорнага аптымізму, выклікала «эйфарыю ад магчымасці разняволіцца і адпачыць» [11, 27]. Пад крытыку трапляе і Ж. Ж. Русо, які сваім псеўда-хрысціянскім натуралізмам прывёў людзей да таго, што яны пачалі чакаць царства нябеснае на зямлі, усталяванае дзяржавай або рэвалюцыяй, а яго ідэя эгалітарызму прывяла да ўзнікнення дэмакратыі без духоўных прынцыпаў. Галоўным паказчыкам крызісу Марытэн бачыць перамогу веры ў тое, што чалавечая гісторыя адбываецца без удзелу Бога, а вера ў тое, што чалавек ёсць асяродак Сусвету парушыла рэлігійна-мэтафізічнае бачанне свету і выцягнула з яго маральную перспектыву [6, 142−143; 11, 79−80]. Другі этап крызісу (XVIII-XIX стст.) адзначаецца безупыннай пагоняй за прыбыткам, забыццём на хрысціянскія каштоўнасці, небяспечным альянсам навукі і тэхнікі. XX стагоддзе — трэці этап крызісу гуманізму — панаванне бездухоўнай цывілізацыі [6, 167].

Ужо ў XIX ст. з-за незадаволенасці рацыяналізмам адбываецца ўздым іррацыяналізму. Аднак у XX ст. дабрачынны контргуманізм С. К’еркегора, К. Барта, Ф. Ніцшэ (узнік з-за любові да найбольш духоўнага і найбольш свабоднага ў чалавеке), быў падменены ніжэйшымі формамі контргуманізму — фашызмам і расізмам. Фашызм узнік як жудасная рэакцыя на рацыяналістычны аптымізм і лібералізм, якія ўсё XIX ст. абяцалі рай на зямлі, але не мелі спачування ні да прыроды, ні да чалавечай галечы. Пры фашызме людзі вераць у Бога, але не ведаюць Яго, выкарыстоўваюць Боскае імя дзеля задавальнення біялагічных інстынктаў. На самой справе гэта не Бог, а ідал, дух расы. Расізм выступае супраць індывідуалізму, імкнецца да еднасці з іншымі людзьмі, але шукае яе ў жывёльным пачатку. Асоба забываецца дзеля расы [6, 140; 11, 27−34].

У XIX ст. выявіўся і іншы шлях развіцця грамадства — працяг антрапацэнтрычнага гуманізму ў бок рацыяналізму. На такіх пазіцыях знаходзіцца марксізм: розум — усё, чалавек выратуецца сам, без усялякай ролі Бога. Падобнае выратаванне патрабуе арганізацыі чалавецтва ў адзіны арганізм, мэта якога складаецца ў кіраванні гісторыяй. Гэты марксізм ажыццявіўся ў камуністычных краінах. Камунізм, як і фашызм, прывёў да таталітарызму, толькі іншага кшталту — таталітарызму сацыяльнай абшчыны. Камунізм шукаў еднасці між людзьмі ў эканамічнай дзейнасці, у вытворчай сферы, якая ўспрымалася як адзінае сапраўднае поле чалавечай дзейнасці. Камуністычны таталітарызм адкінуў агульнагуманістычныя пачаткі дзеля вяршэнства класавых інтарэсаў [6, 140; 11, 29,35].

Такім чынам, свет шукаў добрае на шляхах злога.

Крытыкуе Ж. Марытэн і ліберальны індывідуалізм XX ст., які ў чалавеке не бачыць асобы, а зважае толькі на індывіда, крытыкуе яго за дух узбагачэння, матэрыялістычную канцэпцыю жыцця, ігнараванне духа хрысціянства. Свет арыентуецца на ўяўны міф аб Градзе чалавека-бога, замест звароту да ідэала Града асобы, створанай па вобразу Боскаму [10, 23; 11, 30].

Выратаванне сучаснай цывілізацыі Жак Марытэн бачыць у інтэгральным гуманізме, які б аб’яднаў хрысціянскія каштоўнасці і гуманізм. Дзеля разгляду і вырашэння сучасных праблемаў неабходна злучыць хрысціянскія і гуманістычныя пачаткі [6, 145,167]. Ж. Марытэн прапаноўвае культурацэнтрычны паварот неатамізму, што азначае стварэнне сітуацыі, у якой шматлікія тэарэтычныя філасофскія праблемы павінны быць пераасэнсаваны ў святле сацыякультурных задачаў. Французскі філосаф імкнуўся пазбегнуць крайнасцяў як пратэстанскай ліберальнай тэалогіі, якая растварыла сакральнае ў мірской гісторыі, так і неартадаксальнага бартыянства, якое сцвярджала поўную несувымеральнасць Бога і культуры. Культура звязана з самаўдасканаленнем суб’екта. Яна таксама натуральна для чалавека, як і праца розума і дабрачыннасцяў, бо культура — іх прадукт і зямное завяршэнне. Таму цалкам магчымы сінтэз хрысціянства з сучаснай культурай, заснаваны на каштоўнасці асобы і яе правоў, прыярытэце дэмакратычных свабодаў, плюралізме ў эканоміцы, палітыцы, духоўным жыцці, прызнанні агульнага дабра як мэты супольнасці, рэлігійнай арыентацыі грамадства і г. д. [6, 145,164,165,168] Паводле Ж. Марытэна, новы гуманізм у сваім імкненні зрабіць чалавека больш чалавечным, абвесціць яго першапачатковую велічнасць, будзе садзейнічаць яму ў рэалізацыі яго творчых сілаў і інтэлектуальнага жыцця, павінен таксама адкрыць чалавека свету Боскаму і звышрацыянальнаму. Такі хрысціянскі (інтэгральны) гуманізм разглядае чалавека ў адзінстве яго прыроднага і звышпрыроднага быцця і забяспечвае арганчную сувязь ды адначасовасць руху да вечнага жыцця з канцовым рухам чалавечай гісторыі. Хрысціянскі гуманізм дае чалавеку магчымасць адкрыць доступ да жыцця і свабоды, сапраўды ўзвялічваючых чалавечую асобу і яе прызначэнне. Такі гуманізм павінен змяніць меркантыльную цывілізацыю і этыку, персаналісцкай, у якой маюць адпаведнае адлюстраванне евангельскія ісціны [11, 25,30,31,36]. Персаналісцкая дэмакратыя мае за асяродкавы момант і найвышэйшую каштоўнасць — чалавека, павагу да правоў асобы, найперш, да яе свабоды (аўтаноміі асобы). Дзяржава павінна даваць магчымасць вольна развівацца асобе праз добраахвотнае і свядомае ўваходжанне ў розныя супольнасці (праз сацыялізацыю) [5, 344].

У рэалізацыі сваіх ідэяў інтэгральнага гуманізму, Жак Марытэн спадзяваўся на палітычныя сілы хрысціянска-дэмакратычнага кірунку, бо лічыў дэмакратыю цалкам зямным выяўленнем духа евангельскага адкрыцця. Менавіта такая палітыка, на яго думку, сапраўды паважае чалавечую годнасць не ў абстрактным, па-за часовым, неіснуючым індывідзе, але ў кожным рэальным чалавеке. Палітыка, заснаваная на хрысціянскіх прынцыпах, будзе супрацьстаяць веры ў сілу і эфектыўнасць нянавісці, створыць палітычны ідэал братніх узаемадачыненняў і зможа дапамагчы пераадолець сапраўдны крызіс цывілізацыі. Надзея на ажыццяўленне закона братэрскай любові надае чалавеку спачуванне і непрыняцце ўсялякіх формаў гвалту і прыгнёту [11, 37−50]. Гэтая надзея, упэўнены Жак Марытэн, з’яўляецца сродкам руху чалавечай гісторыі на шляху сацыяльнага і культурнага прагрэсу.

неатамізм цывілізацыя культура чалавек.

Раздзел 3. Грамадства і культура ў сучасным неатамізме.

Б. Мандзін, Ладр’ер.

Пасля II Ватыканскага сабора (1962;65 гг.), у каталіцкай царкве пачалася эпоха аджарнамэнта (абнаўлення). Энцыкліка Mater et Magistra, на змест якой значна паўплывала творчасць Жака Марытэна, заклікала хрысціянства да сінтэзу рэлігійна-маральных і гуманістычных установак. Менавіта ў гэты час адбываецца антрапацэнтрычная пераарыентацыя сучаснага неатамізму. Ж. Марытэн, па-сутнасці, быў прадвеснікам гэтага павароту. Аднак больш выразна антрапацэнтрызм выявіўся ў творах такіх паслядоўнікаў Ж. Марытэна, як італьянца Б. Мандзіна, француза Ладр’ера і іншых філосафаў.

Філасофія Ладр’ера адчула значны ўплыў французскага структуралізму. Французскі неатаміст падтрымліваў Ж. Марытэна ў вызначэнні культуры як самаўдасканаленай асобы, але дадаваў да такога разумення яшчэ і структурныя ўяўленні. Паводле Ладр’ера, культура — гэта сукупнасць сістэмаў рэпрэзентацыі чалавека, сістэмаў яго стандартаў, сістэмаў выяўлення і сістэмаў дзеянняў [6, 172].

Сістэма рэпрэзентацыі ўяўляе сабой паняцці і сімвалы, з дапамогай якіх сацыяльныя групы ў межах чалавечай супольнасці інтэрпрэтуюць сябе. Акрамя таго, Ладр’ер далучаў да гэтай сістэмы метады пазнання і практычнай дзейнасці. За каштоўнасна-нарматыўны кампанент культуры адказвае сістэма стандартаў. Сістэма выяўлення, у сваю чаргу, адлюстроўвае пачуццёвую значнасць апарату рэпрэзентацыі і стандартаў. Нарэшце, сістэма дзеяння — гэта сродкі ўздзеяння на акаляючае наваколле і сродкі рэгулявання ўласнага грамадскага жыцця [6, 173]. Усё вышэй сказанае датычыць вызначэння культуры ў шырокім сэнсе. Калі ж браць паняцце культура ў вузкім яго сэнсе, то Ладр’ер адасабляе культуру ад палітычнай і эканамічнай сістэмаў, ад навукі, якая аб’ядноўваецца з тэхнікай і тэхналогіяй. У такім разуменні за культурай захоўваецца толькі інфармацыйная функцыя, якая складаецца з каштоўнасцяў, стандартаў і сістэмы рэпрэзентацыі [6, 173].

Аналізуючы гісторыю развіцця чалавечай культуры, Ладр’ер лічыў Антычнасць і Сярэнявечча перыядамі найбольшай блізкасці чалавека да ідэала гарманічнага развіцця. У Новы час, на думку французскага неатаміста, у грамадстве ўсталяваўся прымат мэтарацыянальнага дзеяння, а сучасная эпоха — апафеоз фетышызацыі навуковай рацыянальнасці. Ладр’ер паказвае абмежаванасць навукі і тэхнікі як сродкаў рацыянальнай інтэрпрэтацыі чалавечага жыцця ў параўнанні з цэласнасцю існавання індывіда перад тварам Боскага быцця [6, 174].

Iтальянскі філосаф Мандзін вызначае культуру, як духоўную форму грамадства, а чалавек для яго ёсць не толькі Боскае стварэнне, але таксама творца, стваральнік культуры. Чалавек разумеючы цалкам актыўны ва ўсіх праявах уласнай пазнавальнай і практычнай дзейнасці [6, 169,170]. Аднак Б. Мандзін лічыць, што культура зараз знаходзіцца ў стане крызісу, аб чым гавораць нам існуючыя супрацьлегласці ў сферы каштоўнасных імкненняў людзей. З хрысціянскай культуры Сярэднявечча, якая ўзяла эстафету ад Антычнасці, нарадзіліся еўрапейскія нацыі са сваімі культурамі, якія развіваліся ў эпоху Новага часу. Культура Захаду XVIII-XIX стст. мела ў сваёй аснове хрысціянства і навуковыя веды. Мяжа крызісу — Першая Сусветная вайна. Галоўныя праявы крызісу Мандзін бачыць у светапоглядных устаноўках сцыентызму (які сцвярджаў, што навука — універсальная форма пазнання, на падставе якой можна вырашыць усе праблемы чалавецтва) і лібералізму, якія скіраваны супраць хрысціянскіх духоўна-каштоўнасных асноваў еўрапейскай цывілізацыі. Лібералізм, паводле італьянскага філосафа, як, у пэўнай ступені, наступства сцыентызму, адказны за трагічныя вынікі сучаснай гісторыі. Выйсце ж трэба шукаць у адраджэнні гуманізму і духоўных каштоўнасцяў хрысціянства [6, 175−176].

Сучасныя паслядоўнікі Ж. Марытэна не спрабуюць стварыць глабальны праект будучага. Яны лічаць патрэбным вызначыць універсальны набор каштоўнасцяў, якія з’яўляліся б пазітыўнай асновай жыцця чалавецтва. Так, Б. Мандзін вылучаў сярод такіх стандартаў рэлігійнасць, асобу, ісціну, свабоду, працу, любоў, салідарнасць і інш. [6, 176] Культурацэнтрызм Жака Марытэна стаўся падставай для больш глыбокай антрапалагічнай пераарыентацыі яго паслядоўнікаў-неатамістаў. Яны працягваюць развіваць хрысціянска-гуманістычную скіраванасць яго філасофіі.

Заключэнне.

У XX стагоддзі выразна выявілася антрапацэнтрычная пераарыентацыя неатамізму, яго імкненне да разгляду і абгрунтавання палажэнняў «вечнай філасофіі» праз прызму чалавечага існавання. Філосафы-неатамісты падчас разгляду сацыяльнай сутнасці чалавека вылучаюць дзве яго складовыя часткі — індывідуальнасць і асобу. Такім чынам, яны спрабуюць раскрыць існасць чалавека ў сукупнасці яго як матэрыяльных, так і духоўных якасцяў і ўласцівасцяў. Пры безумоўным першынстве асобы — духоўнага пачатку, які звязвае чалавека з Богам. Разглядаючы гісторыю еўрапейскай культуры і цывілізаці (у неатамізме гэтыя паняцці тоесныя) праз прызму эвалюцыі гуманістычнай свядомасці, неатамісты ўхваляюць Сярэднявечча, як час развіцця гуманізму менавіта на базе хрысціянства, і крытыкуюць наступныя стагоддзі за адыход ад хрысціянскіх нормаў, адмову ад звышрацыянальнага і абсалютны давер да розума. Выратаванне сучаснага чалавецтва, якое, паводле неатамізму, знаходзіцца ў глыбокім духоўным крызісе, ляжыць у актыўнай і стваральнай сацыяльнай дзейнасці чалавека, заснаванай на сукупнасці гуманізму і хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Літаратура.

1. Вдовина И. Французский персонализм. М., 1990.

2. Жильсон Э. Философ и теология. М., 1995.

3. Красников А. Методология современного неотомизма. М., 1993.

4. Лобье П. Социальная доктрина католической церкви. Брюссель, 1989.

5. Майка Ю. Социальное учение католической церкви. Рим-Люблин, 1994.

6. Маритен Ж. Философ в мире. М., 1994.

7. Миллер Р. Личность и общество. К критике неотомистского понимания личности. М., 1965.

8. Овсиенко Ф. Социально-этическое учение современного католицизма / Знание. № 1. 1987.

9. Субботин Ю. Проблема ценности в неотомизме. М., 1980.

10. Ястребов И. Социальная философия католицизма в XX веке. Киев, 1988.

11. Работы Ж. Маритена по культурологии и истории мысли. М., 1990.

12. Работы Э. Жильсона по культурологии и истории мысли. М., 1987.

Показать весь текст
Заполнить форму текущей работой