Персанаж ў мастацкім творы
РефератПомощь в написанииУзнать стоимостьмоей работы
Месца і роля партрэта ў творы, як і прыёмы яго стварэння, розняцца ў залежнасці ад роду, жанру літаратуры. Аўтар драмы, як правіла, абмяжоўваецца ўказаннем на ўзрост персанажаў і агульнымі характарыстыкамі ўласцівасцей паводзін, што даюцца ў рэмарках; усё астатняе ён вымушаны прадставіць клопатам акцёраў і рэжысёра. … У вершаванай лірыцы важным з’яўляецца не столькі ўзнаўленне партрэтуемага твару… Читать ещё >
Персанаж ў мастацкім творы (реферат, курсовая, диплом, контрольная)
ЗМЕСТ
- 1. Персанаж ў мастацкім творы
- 1.1 Агульнае паняцце аб персанажы
- 1.2 Персанаж і аўтар
- 1.3 Унутраны свет персанажа. Псіхалагізм
- 1.4 Партрэт персанажа
- 1.5 Формы паводзін персанажа
- 1.6 Персанаж як носьбіт мовы. Дыялог і маналог
- СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
- 1. Персанаж ў мастацкім творы
- 1.1 Агульнае паняцце аб персанажы
- Тэрмін «персанаж» запазычаны з французскай мовы (personnage), а сваю этымалогію вядзе з лацінскай мовы (persona — асоба, твар, маска). Старажытныя рымляне словам «персанаж» абазначалі спачатку маску, якую надзяваў акцёр, а пазней асобу, абмаляваную ў творы.
- Побач з тэрмінам «персанаж» у літаратуразнаўстве даволі часта ўжываюцца ў якасці сінанімічных тэрміны «літаратурны герой» і «дзеючая асоба». Разам з тым паміж імі нельга паставіць знак поўнай тоеснасці. Слова «герой» падкрэслівае пазітыўную ролю, яркасць, незвычайнасць, выключнасць чалавека, які пададзены ў творы. Словазлучэнне ж «дзеючая асоба» ўказвае перш за ўсё на факт здзяйснення персанажам нейкіх учынкаў.
- Паняцце «персанаж» знаходзіць найпярвейшае і асноўнае выкарыстанне пры аналізе эпічных і драматычных твораў. Тут яны складаюць аснову прадметнага свету і сваімі дзеяннямі ўтвараюць сюжэт. «У лірыцы ж, якая ўзнаўляе перш за ўсё ўнутраны свет чалавека, персанажы (калі яны ёсць) абмалёўваюцца пункцірна, фрагментарна, а галоўнае — у непарыўнай сувязі з перажываннямі лірычнага суб’екта».
- Паводле сваёй прыроды, паходжання персанаж можа быць плёнам фантазіі, чыстага вымыслу пісьменніка (напрыклад, ліліпуты Гулівера); вынікам дадумвання аблічча рэальна існаваўшага чалавека; альбо, урэшце, вынікам дапрацоўкі, дабудовы вядомага літаратурнага героя (Праметэй, Дон Жуан, Фауст і інш.).
- Побач з людзьмі (а часам і асобна ад іх ці наогул без іх) у творы могуць дзейнічаць і размаўляць жывёлы, расліны, рэчы, фантастычныя істоты, робаты і г. д. Ёсць цэлы шэраг жанраў (казка, байка, балада, творы анімалістычнай літаратуры, навуковай фантастыкі і інш.), у якіх «падобныя персанажы абавязковыя альбо вельмі верагодныя». Разам з тым — і гэта аксіёма — усе «нечалавечыя» індывідуальнасці з іх паводзінамі, унутраным светам і г. д. так ці інакш праецыруюцца на чалавека, на яго сацыяльна-асабовую сутнасць.
- Нярэдка ў літаратуры побач з персанажамі як абасобленымі індывідуальнасцямі выступаюць таксама і «зборныя персанажы» — група, калектыў, грамада, чалавечы натоўп, гурт, (чалавечы натоўп у «Саборы Парыжскай Божай Маці» В. Гюго, грамада ў «Досвітках» Л. Родзевіча і інш.). Такая традыцыя, відаць, бярэ свой пачатак яшчэ ў антычнай драме, дзе паўнапраўнай дзеючай асобай з’яўляўся хор.
- Даволі своеасаблівыя і не заўсёды адназначныя суадносіны персанажа з характарам і тыпам. Лік (колькасць) характараў і персанажаў у творы, як правіла, не супадаюць: апошніх болей. Не ўсе персанажы перарастаюць у характары, а тым болей у тыпы; гэта ўдаецца, і часам незалежна ад аўтарскай волі, толькі невялікай іх частцы.
- Паводле ступені ўдзелу ў дзеянні персанажы падзяляюцца на цэнтральныя альбо галоўныя, другарадныя і эпізадычныя. Прычым апошнія не толькі з’яўляюцца своеасаблівым фонам дзеяння, але і характарызуюць часам галоўных персанажаў сваімі выказваннямі, заўвагамі аб іх учынках і г. д.
- Мастацкія творы з адным ці двума персанажамі сустракаюцца ў мастацкай літаратуры не тое, каб надта ўжо і рэдка, але і не вельмі часта. Гэта характарызуе ў першую чаргу творы малой формы. У сярэдніх і буйных (з пункту гледжання формы і аб’ёму наогул) мастацкіх творах прысутнічае многа, а часам і вельмі шмат персанажаў. Тут яны ўтвараюць пэўную сістэму, у якой існуе свая, вызначаная аўтарам іерархія.
- Персанажы не дзейнічаюць у мастацкім творы ў нейкім, скажам так, вакууме. Яны ставяцца аўтарам у пэўныя абставіны. Існуе цесная ўзаемаабумоўленасць персанажаў (асабліва персанажаў-характараў) і абставін. Прычым пад апошнімі трэба разумець не толькі знешнія асаблівасці асяроддзя, у якім ці на фоне якога разгортваецца дзеянне, але і ўнутраны стан гэтага асяроддзя: яго псіхалагічны клімат, маральную атмасферу, ступень грамадскай актыўнасці прадстаўнікоў і г. д. І яшчэ адзін важны момант: меркаваць аб персанажах мастацкага твора, інтэрпрэтаваць іх дзеянні, учынкі, паводзіны, даваць усяму гэтаму пэўную характарыстыку і ацэнку неабходна толькі з улікам канкрэтных сацыяльна-гістарычных рэалій часу, калі працякае дзеянне твора.
- Персанаж — галоўны аб’ект літаратуразнаўчага даследавання. Таму існуе цэлы шэраг тэарэтычных аспектаў-накірункаў вывучэння гэтага асноўнага звяна мастацкага твора: персанаж і пісьменнік (герой і аўтар), асаблівасці ўзаемадачыненняў паміж імі; свядомасць і самасвядомасць персанажа, асаблівасці псіхалагічнай матывіроўкі паводзін персанажа; найбольш важныя моманты і асаблівасці партрэтнай характарыстыкі персанажа; формы паводзін персанажа; персанаж як носьбіт мовы (маўлення). Адным з першых у айчыннай вучэбна-дапаможнай літаратуры звярнуў увагу на дадзеныя моманты і пастараўся сістэматызавана падаць іх В. Халізеў у сваім падручніку «Тэорыя літаратуры». Таму далей пры разглядзе вылучаных вышэй аспектаў характарыстыкі персанажа мы і будзем больш за ўсё абапірацца на меркаванні і высновы гэтага расійскага вучонага і выкладчыка.
- 1.2 Персанаж і аўтар
- персанаж аўтар твор
- Адносіны аўтара да свайго героя могуць быць ці адчужанымі (у пераважнай большасці выпадкаў), ці мець прыкметы пэўнай унутранай роднаснасці. Аўтар (хоча ён таго ці не) заўсёды выражае праз мастацкую тканіну твора свае адносіны да персанажа: да яго пазіцыі, светапогляду, каштоўнасных арыентацый і г. д. Нейтральным аўтар, нават у сітуацыях, калі падкрэсліваецца непрадузятасць і аб’ектыўнасць абмалёўкі персанажаў (асабліва гэта практыкавалі пісьменнікі-натуралісты другой паловы ХІХ ст. — Э. Заля, Г. Флабэр, Г. дэ Мапасан і інш.), быць не можа.
- Паміж пісьменнікам і яго персанажамі заўсёды існуе пэўная дыстанцыя, нават у творах аўтабіяграфічнага жанру, таму што пісьменнік асэнсоўвае ўласны жыццёвы вопыт, як правіла, з пэўнай часавай адлегласці.
- Персанажы знаходзяцца і дзейнічаюць у мастацкіх творах «па законах жыцця» пад непасрэдным «наглядам» аўтара. Яны — аўтарскія стварэнні. Разам з тым некаторыя героі пры ўсёй цеснай сувязі з творамі, дзе яны «нарадзіліся», і адпаведна з аўтарам, што вывеў іх на свет, здольныя пакідаць гэтыя творы і пачынаць жыць самастойным жыццём, непадуладным аўтарскай волі. Яны набываюць статут свайго роду сімвалаў пэўнага светасузірання, застаючыся пры гэтым непаўторнымі як індывідуальнасці. Такімі героямі з’яўляюцца, напрыклад, Гамлет, Дон Кіхот, Тарцюф, Фауст і некат. інш. для культуры сусветнай; Чацкі, Таццяна Ларына, Наталля Растова, Абломаў і інш. для культуры рускай; Паўлінка, Пісарэвіч («Жартаўлівы Пісарэвіч» М. Гарэцкага), Саўка («Збянтэжаны Саўка» Л. Родзевіча) і некат. інш. для беларускай культуры.
- Папулярнасць і высокі сацыяльны статут такога роду персанажаў часам падштурхоўваюць некаторых пісьменнікаў унесці сваю ўласную лепту ў грамадска-культурнае «жыццё» чужых славутых літаратурных герояў. Ёсць такія факты і беларускай літаратуры. Так, у пачатку 1920;х гг. вядомы беларускі драматург Ф. Аляхновіч узяўся «дапрацаваць» быццам бы сюжэтна незавершаную «Паўлінку» Я. Купалы і напісаў аднаактоўку «Заручыны Паўлінкі», у якой усё-такі намеціў шлях да шлюбу галоўнай гераіні з яе каханым — Якімам Сарокам.
- Знакамітыя літаратурныя персанажы могуць жыць самастойным жыццём, незалежна ад іх стваральнікаў, не толькі ў літаратурных тэкстах (маюцца на ўвазе творы-наследаванні, дапрацоўкі, рэмінісцэнцыі і г. д.) і публіцыстыцы, але і ў творах іншых відаў мастацтва: у музыцы, жывапісе, скульптуры і г. д. У свеце існуе нават практыка ўзвядзення помнікаў літаратурным героям (напрыклад, помнік Дон Кіхоту і Санча Пансе ў Мадрыдзе).
- 1.3 Унутраны свет персанажа. Псіхалагізм
- У персанажы, як і наогул у любой з’яве, рэчы і г. д., вылучаецца ўнутранае і знешняе.
- Унутраны свет персанажа, які ўключае ў сябе памкненні, думкі, усвядомленыя пачуцці, а таксама сферу падсвядомага, адлюстроўваецца ў літаратурных творах па-рознаму.
- На ранніх этапах развіцця літаратуры (старажытнасць, сярэднявечча) унутраны стан персанажа перадаецца больш апасродкавана, ускосна, а не прама і адкрыта. Творы гэтага часу ўзнаўляюць пераважна ўчынкі персанажаў і толькі ў вельмі нязначнай ступені ўнутраныя, псіхалагічныя матывы гэтых учынкаў. Перажыванні героя амаль што поўнасцю залежаць ад разгортвання падзей і падаюцца галоўным чынам праз знешнія праявы. Прычым пісьменік акцэнтуе ўвагу, як правіла, на адным якім-небудзь пачуцці, што запаланяе ўсю душу персанажа.
- Пэўныя зрухі ў адлюстраванні літаратурай унутранага свету персанажаў (як у плане ўзбагачэння непасрэднай гамы перажыванняў, так і ў прыёмах і сродках яе перадачы) прынесла эпоха Адраджэння. Асабліва неабходна адзначыць тут творчасць У. Шэкспіра, персанажы п’ес якога надзвычай багатыя сваім душэўным жыццём. Менавіта да іх ужо можна з поўным правам прымяняць тэрмін-азначэнне «псіхалагічна напоўненыя».
- Пасля некаторага перапынку ў класіцыстычную эпоху псіхалагізм актывізаваўся ў еўрапейскай літаратуры к другой палове ХVІІІ ст. у творчасці пісьменнікаў-сентыменталістаў («Юлія, ці Новая Элаіза» Ж.-Ж. Русо, «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л. Стэрна і інш.).
- Яшчэ большы імпульс развіццю псіхалагізму ў літаратуры надаў рамантызм. Пісьменнікі-рамантыкі імкнуліся ўзнаўляць складаныя, часам надзвычай супярэчлівыя перажыванні сваіх герояў. Аднак і на іх творчасці яшчэ ляжыць пэўны адбітак адналінейнасці пачуццяў (героі паэм Дж. Байрана, А. Пушкіна, М. Лермантава і інш.).
- Аб ХІХ жа стагоддзі, і асабліва аб другой яго палове, можна ўжо весці гаворку як аб часе поўнага і ўсебаковага ўсталявання псіхалагізму ў літаратуры. Асабліва шмат у мастацкае даследаванне «дыялектыкі душы» сваіх персанажаў унеслі Л. Талстой і Ф. Дастаеўскі. У іх раманах і аповесцях з небывалымі да гэтага паўнатой і канкрэтнасцю ўзноўлены працэсы фарміравання думак, пачуццяў, намераў чалавека, іх перапляценне і ўзаемадзеянне, часам надзвычай складанае і супярэчлівае. Менавіта ў гэты час у літаратуры замацавалася «рэфлексуючая» асоба (В. Халізеў), якую можна знайсці практычна ў любым буйным рэалістычным творы.
- Пра ХХ ст., пры ўсім тым, што псіхалагізм к гэтаму часу ўжо стала ўвайшоў у сусветную літаратуру і замацаваўся ў ёй, нельга гаварыць як аб часе яго поўнага і непадзельнага панавання. Справа ў тым, што спачатку еўрапейская мадэрнісцкая эстэтыка (асабліва ў гэтым плане вызначыліся футурысты), а затым і радыкальная савецкая (А. Луначарскі, пралеткультаўцы і інш.) з рэзкай крытыкай пачалі адносіцца да перадачы пісьменнікамі нюансаў складанага духоўнага стану асобы, прызываючы звяртаць больш увагі на адлюстраванне матэрыяльнага свету.
- Псіхалагізм, для перадачы якога ў літаратуры намнога болей магчымасцей у параўнанні з астатнімі відамі мастацтва з-за слоўнай вобразнасці прыгожага пісьменства, апеліруючай не толькі да пачуццяў, але і непасрэдна да розуму чалавека, яго інтэлекту, — шматстайны ў сваіх прыёмах і сродках выяўлення ў творах. Абазначым яго найбольш важныя разнавіднасці і формы выяўлення.
- Па-першае, псіхалагізм, па В. Халізеву, можа быць яўным, адкрытым, «дэманстратыўным» і прыхаваным, «тайным», «падтэкставым». Першую разнавіднасць прадстаўляюць творы Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога, У. Фолкнера, К. Чорнага, І. Мележа і інш; другую — І. Тургенева, А. Чэхава і некат. інш. аўтараў.
- Калі браць формы псіхалагічнага адлюстравання, то іх адзін з вядучых сучасных рускіх даследчыкаў псіхалагічнага пісьма А. Есін вылучае тры: прамую, ускосную і сумарна-абазначальную. Першая з іх перадае ўнутраны свет персанажаў шляхам непасрэднай аўтарскай перадачы-расповеду аб тым, што творыцца ў душах герояў. Другая адлюстроўвае ўнутраны свет персанажаў «праз знешнія сімптомы», г. зн. праз перадачу мімікі, жэстаў, асаблівасцей рухаў і інш. І трэцяя паведамляе аб думках і пачуццях герояў «з дапамогай называння, гранічна сціслага абазначэння тых працэсаў, што працякаюць ва ўнутраным свеце».
- У межах названых форм існуе шмат канкрэтных сродкаў, прыёмаў і спосабаў псіхалагічнага пісьма. Да найбольш распаўсюджаных адносяцца:
- 1) апавяданне ад першай асобы;
- 2) апавяданне ад трэцяй асобы;
- 3) няўласна-простая ўнутраная мова;
- 4) сумеснае ўжыванне апавядання ад першай асобы і апавядання ад трэцяй асобы з іх чаргаваннем, а таксама паралельным выкарыстаннем няўласна-простай унутранай мовы;
- 5) псіхалагічны аналіз і самааналіз (раздзяленне складанага душэўнага стану на пэўныя элементы-часцінкі);
- 6) унутраны маналог (пры ўмове давядзення яго да сваёй лагічнай мяжы ён можа перарастаць у «плынь свядомасці»);
- 7) «дыялектыка душы»;
- 8) «мэтавае» псіхалачна-адцяняючае і параўнальнае выкарыстанне партрэтных і пейзажных дэталей, а таксама дэталей рэчыўнага свету.
- Як бачна, канкрэтных сродкаў, прыёмаў і спосабаў адлюстравання душэўнага стану персанажа, стварэння яго ўнутранай псіхалагічнай карціны даволі многа. Галоўнае, каб пісьменнік творча, умела і па прызначэнню карыстаўся імі.
- Наогул жа практыка выкарыстання ўсяго арсеналу сродкаў, прыёмаў і спосабаў псіхалагічнага пісьма досыць індывідуальная.
- 1.4 Партрэт персанажа
- Пад партрэтам персанажа падразумяваецца апісанне яго знешнасці (рысаў твару, фігуры, позы, мімікі, асаблівасцей жэстыкуляцыі, адзення і г. д.). Частка пералічаных партрэтных дэталей (твар, фігура, міміка, жэстыкуляцыя) мае ўласна антрапалагічную прыроду. Іншыя ж (адзенне альбо касцюм, упрыгожванні, прычоска) абумоўлены сацыяльным асяроддзем, культурнай традыцыяй.
- «Месца і роля партрэта ў творы, як і прыёмы яго стварэння, розняцца ў залежнасці ад роду, жанру літаратуры. Аўтар драмы, як правіла, абмяжоўваецца ўказаннем на ўзрост персанажаў і агульнымі характарыстыкамі ўласцівасцей паводзін, што даюцца ў рэмарках; усё астатняе ён вымушаны прадставіць клопатам акцёраў і рэжысёра. … У вершаванай лірыцы важным з’яўляецца не столькі ўзнаўленне партрэтуемага твару ў канкрэтнасці яго рысаў, колькі паэтычна абагуленае ўражанне аўтара. … Лірыка максімальна выкарыстоўвае прыём замены апісання знешнасці ўражаннем ад яе». У эпічным родзе таксама ёсць свае нюансы партрэтнай характарыстыкі. Самае ж галоўнае, што партрэт персанажа ў творах гэтага роду можна абмаляваць надзвычай шматпланава і ўсебакова.
- Для «высокіх» жанраў, і ў першую чаргу для твораў народна-гераічнага эпасу, з’яўляюцца характэрнымі ідэалізуючыя партрэты, у якіх абмалёўка знешнасці персанажаў надзвычай моцна працуе на выяўленне іх духоўнай сутнасці. У такіх творах, як правіла, вельмі многа метафар, параўнанняў, эпітэтаў, узятых з арсенала фальклорнай паэтыкі.
- У гратэскавых партрэтах, уласцівых творам камедыйна-фарсавага характару, асноўная ўвага скіроўваецца на перадачу не духоўнага, а матэрыяльна-цялеснага пачатку ў чалавеку.
- Як зазначае В. Халізеў, «пры ўсёй іх супрацьлегласці ідэалізуючыя і гратэскавыя партрэты валодаюць агульнай уласцівасцю: у іх гіпербалічна адлюстравана адна чалавечая якасць: у першым выпадку — цялесна-духоўная дасканаласць, у другім — матэрыяльна-цялесны пачатак у яго магутнасці, кажучы сучаснай мовай — вітальная энергія».
- Хоць гратэскавыя партрэты знаходзяць выкарыстанне і ў новай літаратуры, у тым ліку і сучаснай, вытокі і асноўнае месца іх прымянення (як, дарэчы, і ідэалізуючых партрэтаў) — творы ранніх этапаў і стадый у развіцці сусветнага прыгожага пісьменства. З цягам часу «ў літаратуры сталі пераважаць партрэты, што раскрываюць складанасць і шматпланавасць аблічча персанажаў. Тут жывапісанне знешнасці нярэдка спалучаецца з пранікненнем пісьменніка ў душу героя і псіхалагічным аналізам». У такіх партрэтных характарыстыках увага аўтара больш сканцэнтроўваецца на тым, «што выражаюць фігуры ці твары, якое ўражанне яны пакідаюць, якія пачуцці і думкі вызываюць, чым на іх саміх як жывапісуемай данасці».
- Партрэт персанажа падаецца, як правіла, у адным месцы ў творы. Часцей за ўсё ён малюецца тады, калі герой з’яўляецца ў першы раз. Такая падача партрэта называецца экспазіцыйнай. Выкарыстоўваецца ў літаратуры і лейтматыўны прыём партрэтнай характарыстыкі, пры якім на адну з рысаў знешнасці персанажа, што перадае важную ўнутраную якасць яго характару, неаднаразова звяртаецца ўвага ў творы.
- 1.5 Формы паводзін персанажа
- Як зазначае С. Марцьянава, «аўтар мастацкага твора звяртае чытацкую ўвагу не толькі на сутнасць учынкаў, слоў, перажыванняў, думак персанажа, але і на манеру здзяйснення дзеянняў, г. зн. на формы паводзін. Пад тэрмінам паводзіны персанажаў разумеецца ўвасабленне яго ўнутранага жыцця ў сукупнасці знешніх рысаў: у жэстах, міміцы, манеры гаварыць, інтанацыі, у становішчах цела (позах), а таксама — у адзенні і прычосцы (у гэтым радзе і касметыка). Форма паводзін — гэта не проста набор знешніх падрабязнасцей здзяйснення ўчынка, а нейкае адзінства, сукупнасць, цэласнасць. Формы паводзін надаюць унутранай сутнасці чалавека (устаноўкам, светаадносінам, перажыванням) выразнасць, пэўнасць, закончанасць».
- Формы паводзін персанажаў узнаўляюцца, асэнсоўваюцца і ацэньваюцца пісьменнікамі даволі актыўна, складаючы не менш важную частку мастацкага свету твора, чым уласна партрэты. Гэтыя два бакі мастацкай данасці персанажа ўвесь час паміж сабой узаемадзейнічаюць. Разам з тым яны знаходзяць у творах рознае ўвасабленне. Партрэтныя характарыстыкі выступаюць, як правіла, аднаразовымі і вычарпальнымі: пры з’яўленні персанажа на старонках кнігі аўтар апісвае яго знешнасць, каб больш да яе не вяртацца. Характарыстыкі ж паводзін звычайна раскіданы па тэксце і валодаюць пэўнай разнастайнасцю з элементамі варыятыўнасці.
- Мастацкая літаратура нязменна адлюстроўвае культурна-гістарычную спецыфіку форм паводзін.
- Так, на ранніх этапах развіцця прыгожага пісьменства, а таксама ў літаратуры сярэднявечча ўзнаўляліся пераважна паводзіны, абумоўленыя звычаямі і традыцыямі. Іх можна назваць рытуальнымі. Такія формы паводзін з’яўляюцца характэрнымі ў першую чаргу для гераічных паэм, трагедый, рыцарскіх раманаў. Разам з тым у літаратуры старажытнасці і сярэднявечча бытавалі і іншыя формы паводзін персанажаў, больш блізкія да паўсядзённай жыццёвай плыні. Яны адлюстраваліся ў «нізкіх» жанрах (камедыях, фарсах, навелах).
- Літаратура Новага часу характарызуецца ўзбагачэннем форм паводзін персанажаў. Наступіла эпоха інтэнсіўнага абнаўлення, свабоднага выбару і самастойнага тварэння форм паводзін.
- Так, у эпоху Адраджэння быў выпрацаваны этыкет вольнага, нязмушанага субяседавання («Дон Кіхот» М. Сервантэса, «Вопыты» М. Мантэня і інш.).
- Класіцызм вывеў на авансцэну паводзіны мараліста-рэзанёра — прыхільніка грамадзянскіх дабрачыннасцей (трагедыі П. Карнеля і Ж. Расіна, байкі Ж. Лафантэна, творы павучальнай прозы Ф. Ларашфуко і інш.).
- Своеасаблівыя формы паводзін персанажаў выпрацаваліся ў русле сентыменталізму: жыццё па законах уласнага сэрца і «канон пачуццёвасці» параджалі меланхалічныя ўздыханні і шчодрыя слёзы, часам перарастаўшыя ў экзальтацыю і манернічанне.
- У літаратуры рамантызму палітра форм паводзін персанажаў наогул пашырылася. Разам з тым пры імкненні рамантызму да свабодных форм выяўлення ва ўсім, у тым ліку і ў персанажнай сферы, ён не да канца пазбавіўся пэўнай штучнасці, зададзенасці, «тэатральнасці» сваіх герояў. Гэта канчаткова было выцеснена з прыгожага пісьменства (але, заўважым, ненадоўга) толькі ў час ўмацавання ў ім рэалістычнага метаду. Справа ў тым, што на мяжы ХІХ-ХХ стст. у творчасці сімвалістаў, неарамантыкаў, прадстаўнікоў шэрагу мадэрнісцкіх плыней адбылося пэўнае адраджэнне паводзін персанажаў, уласцівае рамантызму, а менавіта погляд героя на свет як бы звысоку, зверху, з позы прарока-месіі і выратавальніка чалавецтва. Некаторая зададзенасць і штучнасць форм паводзін персанажаў, асабліва ярка выяўленая ў поўным ігнараванні героямі асабістага жыцця дзеля агульнага грамадскага дабрабыту, характарызуе таксама даволі вялікую колькасць твораў савецкай літаратуры.
- 1.6 Персанаж як носьбіт мовы. Дыялог і маналог
- У многіх літаратурных творах персанаж паўстае ў якасці носьбіта мовы і такім чынам выяўляе сябе ў словах, што гаворацца ім услых альбо пра сябе.
- Гаворачы персанаж у літаратуры апошніх двух стагоддзяў - гэта адна з вышэйшых стадый у яго развіцці. На ранніх жа этапах функцыянавання слоўнага мастацтва аблічча гаворачага персанажа было іншым. Тут ён выступаў як суб’ект, за якога гаварыў аўтар сваім уласным голасам, сваёй мовай і стылем. Аднак ад эпохі да эпохі персанажы сталі ўсё болей і болей атрымліваць права на свой голас, на ўласную моўную характарыстыку і ў выніку набылі новы, больш важны статут у агульнай мастацка-выяўленчай сістэме твора.
- Гаворачы персанаж праяўляе сябе ў дыялагічнай і маналагічнай мове. Дыялогі (ад ст.-грэч. dialogos — размова, бяседа двух асоб) і маналогі (ад ст.-грэч. monologos — адпаведна словы, размова аднаго чалавека) «складаюць найбольш спецыфічнае звяно славесна-мастацкай вобразнасці. Яны з’яўляюцца свайго роду сувязным звяном паміж светам твора і яго моўнай тканінай. Як акты паводзін і як асноўны цэнтр думкі, пачуццяў, волі персанажа яны належаць прадметнаму слою твора; узятыя ж з боку слоўнай тканіны, складаюць феномен мастацкай мовы».
- Дыялог складваецца з выказванняў розных асоб (як правіла, двух; размова трох і болей персанажаў звычайна імянуецца палілогам) і ажыццяўляе ў выніку зносіны людзей. Удзельнікі камунікацыі ў дыялогу пастаянна мяняюцца ролямі, становячыся на пэўны час (не надта працяглы) то гаворачымі (г. зн. актыўнымі), то слухаючымі (г. зн. пасіўнымі). У час працякання дыялога асобныя выказванні ўзнікаюць імгненна. Кожная наступная рэпліка (надта кароткае і лаканічнае выказванне) залежыць ад папярэдняй, будучы непасрэдным водгукам на яе.
- Паводле сваёй будовы і змястоўна-функцыянальных асаблівасцей дыялогі, што знаходзяць выяўленне ў творах мастацкай літаратуры, можна ўмоўна падзяліць на рытуальна строгія (іх яшчэ можна імянаваць этыкетна ўпарадкаванымі ці цэрыманіяльнымі) і звычайныя. Першыя з’яўляюцца характэрнымі для традыцыйных фальклорных і ранніх літаратурных жанраў. Сфера ж прымянення другіх — уся сусветная літаратура Новага часу.
- Для дыялога найбольш благапрыемнай і пажаданай з’яўляецца атмасфера нязмушанасці і адсутнасці якой-бы то ні было дыстанцыі (прасторавай, сацыяльнай, разумова-інтэлектуальнай і інш.) паміж удзельнікамі, у выніку чаго рэплікі як быццам бы самі «ільюцца» з вуснаў дзеючых асоб. Прычым наяўнасць у складзе дыялагічнага маўлення сказаў, словазлучэнняў і фраз, не зусім правільных з пункту гледжання сінтаксісу, а таксама лексіка-граматычных адзнак, выступае не тое, каб у якасці нормы, але і не з’яўляецца, скажам так, істотным парушэннем.
- Наогул дыялогі адыгрываюць вельмі важную ролю ў мастацкай літаратуры. У эпічных (апавядальных) жанрах узаемаадносіны персанажаў без дыялога наўрад ці змогуць выявіцца канкрэтна, поўна і ярка. Драматычныя ж творы, дзе дыялог ёсць «найважнейшы выяўленчы сродак, пры дапамозе якога фарміруецца і развіваецца дзея, выяўляюцца характары», па-за дыялогам зусім уявіць нельга.
- Побач з дыялогам у творах мастацкай літаратуры «сваёй сферай, сваімі магчымасцямі і асаблівай, не меншай значнасцю валодае і маналагічная мова».
- Адрозніваюць маналогі накіраваныя (на рускай мове — обращенные) і адасобленыя (на рускай мове — уединенные).
- Накіраваныя маналогі прызначаны пэўным чынам уздзейнічаць на адрасата, але ні ў якім разе не патрабуюць ад яго імгненнага і абавязковага водгуку. У дадзенай форме маналога адзін з удзельнікаў камунікацыі з’яўляецца актыўным (увесь час гаворыць), а ўсе астатнія пасіўнымі (слухаюць). Пры гэтым адрасатам накіраванага маналога можа быць і адзін чалавек, і некалькі, а часам і надта шмат (публічныя выступленні палітычных дзеячаў, прапаведнікаў, лектараў і інш.). Накіраваныя маналогі (у адрозненне ад рэплік дыялога) не абмежаваныя ў сваім аб’ёме і, як правіла, папярэдне абдуманыя і дакладна вызначаныя паводле структуры. Яны могуць узнаўляцца ў самых розных жыццёвых сітуацыях. Накіраваныя маналогі выкарыстоўваюць як вусную, так і пісьмовую мовы. Такім чынам, маналог «намнога меней, чым дыялагічная мова, абмежаваны месцам і часам маўлення, ён лёгка распаўсюджваецца ў прасторы чалавечага быцця. Пагэтаму маналагічная мова здольная выступаць у якасці цэнтру збірання пазасітуатыўных сэнсаў, устойлівых і глыбокіх. Тут — яе несумненная перавага над рэплікамі дыялогаў».
- Адасобленыя маналогі - гэта выказванні, якія ажыццяўляюцца чалавекам у адзіноце (літаральнай) альбо ў псіхалагічнай ізаляцыі ад іншых. Да адасобленых маналогаў можна аднесці дзённікавыя запісы, што не прызначаны для чытача, а таксама «маўленне» для самога сябе: ці ўслых, ці (што назіраецца часцей) «пра сябе». Маўленне «пра сябе» звычайна імянуецца ў літаратурнай навуцы ўнутраным маналогам.
- Маналогі, як ужо адзначалася вышэй, шырока выкарыстоўваюцца ў творах мастацкай літаратуры. Ёсць яны і ў празаічных жанрах, і ў драматургіі. Найбольш жа шырока маналог прымяняецца ў лірыцы: яна практычна поўнасцю пабудавана на маналогу лірычнага героя.
- Своеасаблівым маналогам можна лічыць таксама мастацкі твор у цэлым. «Маналог гэты прынцыпова адрозніваецца ад аратарскіх выступленняў, публіцыстычных артыкулаў, эсэ, філасофскіх трактатаў, дзе безумоўна і неабходна дамінуе прамое аўтарскае слова. Ён уяўляе сабой своеасаблівае надмоўнае ўтварэнне — як бы „звышманалог“, кампанентамі якога служаць дыялогі і маналогі асоб, што адлюстроўваюцца».
- Акрамя таго, што словы-тэрміны «дыялог» і «маналог» ужываюцца ў літаратуразнаўстве як назвы мастацка-маўленчых форм, імі зараз спрабуюць абазначаць таксама і «якасці свядомасці аўтараў і асоб, што імі малююцца. Літаратуразнаўства апошніх дзесяцігоддзяў настойліва звяртаецца да тэрмінаў „дыялагічнасць“ („дыялагізм“) і „маналагічнасць“ (маналагізм»), якія ўвайшлі ў навуковы ўжытак дзякуючы М.М. Бахціну. Гэтыя паняцці належаць тэорыі зносін, культуралогіі, а ў значнай меры і філасофіі. Яны характарызуюць далучанасць (ці, наадварот, недалучанасць) свядомасці, паводзін, выказванняў чалавека да працэсу міжасабовых зносін.
- Дыялагічнасць мае месца там, дзе выказванні з’яўляюцца звеннямі жывых і плённых зносін людзей і ўзбагачаюць іх духоўны вопыт. … Маналагічнасць жа — гэта перш за ўсё сфера негуманітарных ведаў, куды адносяцца прыродазнаўчыя і дакладныя навукі: мысленне і мова накіраваны на бязмоўную рэч ці нейкую адцягненасць (абстракцыю). І галоўным крытэрыем іх ацэнкі становяцца дакладнасць і завершанасць".
- Маналагічны характар літаратурна-мастацкая творчасць у многім насіла на ранніх этапах свайго развіцця. З цягам жа часу ў ёй усё болей і болей усталёўвалася дыялагічнасць, якая выяўлялася перш за ўсё праз імкненне аўтара да дыялогу са сваімі папярэднікамі, затым героямі і, урэшце, чытачом. Дыялогу аўтара з апошнім «садзейнічае запытальная, правакуючая актыўнасць аўтара, які апелюе да індывідуальнага водгуку чытача, да яго духоўнай і разумовай ініцыятывы».
- На аснове вылучаных М. Бахціным і атрымаўшых шырокае прызнанне катэгорый «дыялагічнасць» і «маналагічнасць» можна весці гаворку аб адпаведнай свядомасці персанажа. «Здольны да дыялагічных адносін герой нават у рамках маналагічнай мовы звяртаецца да іншай свядомасці і адкрыты ёй. … Дыялагічная свядомасць звязана з пэўнага роду паводзінамі, якія выражаюцца ў імкненні асобы да добрага ўдзелу ў лёсе іншага». Маналагічны ж герой — «гэта пераважна персанаж, замкнёны, засяроджаны на сабе. … Яго паводзіны вельмі часта звязаны з разбуральным пачаткам».
- СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
- 1. Гинзбург Л. Я. О литературном герое / Гинзбург Л. Я. — Л., 1979.
- 2. Гніламёдаў У.В. Літаратурны герой // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.- Мн., 1986. Т. 3.
- 3. Суслова Н. В., Усольцева Т. Н. Персонаж; Характер литературный // Суслова Н. В., Усольцева Т. Н. Новейший литературоведческий словарь-справочник для ученика и учителя.- Мозырь, 2003.
- 4. Энциклопедия литературных героев. Русская литература второй половины ХІХ века / Под общ. ред. Е. А. Шкловского.- М., 1997.
- 5. Мартьянова С. А. Образ человека в литературе: От типа к индивидуальности и личности.- Владимир, 1997.
- 6. Персонаж // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В. М. Кожевникова, П. А. Николаева.- М., 1987.
- 7. Рагойша В. Вобраз літаратурны // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.- Мн., 2001.
- 8. Хализев В. Е. Теория литературы / Хализев В. Е. — 2-е изд.- М., 2000.
- 9. Прозоров В. В. Автор // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л. В. Чернец.- М., 2000.
- 10. Чернец Л. В. Персонаж // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л. В. Чернец.- М., 2000.
- 11. Чернец Л. В. Персонажей система // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л. В. Чернец.- М., 2000.
- 12. Бахтин М. М. Автор и герой в эстетической деятельности // Бахтин М. М. Литературно-критические статьи.- М., 1986.
Заполнить форму текущей работой