Помощь в написании студенческих работ
Антистрессовый сервис

Жыццевы i творчы шлях Янкi Нёманскага

РефератПомощь в написанииУзнать стоимостьмоей работы

Некаторыя апавяданні з шырока разгорнутым сюжэтам, а затым аповесць былі для Я. Нёманскага своеасаблівым подступам да рамана. Пісьменнік задумаў вялікае эпічнае палатно пра жыццё ўсіх слаёў насельніцтва Беларусі ў пераломныя, бурныя гады гісторыі пачатку XX ст. Раман «Драпежнікі» стаў адным з лепшых твораў беларускай раманістыкі, у якім эпічная шырыня спалучаецца з глыбокім аналізам падзей… Читать ещё >

Жыццевы i творчы шлях Янкi Нёманскага (реферат, курсовая, диплом, контрольная)

Жыццевы i творчы шлях Янкi Нёманскага (1890—1936)

янка нёманскі пісьменнік беларускі

Янка Нёманскі — літаратурны псеўданім таленавітага пісьменніка, вучонага і грамадскага дзеяча Івана Андрэевіча Пятровіча. Ён належыць да таго трагічнага пакалення творчай беларускай інтэлігенцыі, цвету нацыі 20—30-х гадоў XX ст., якое было заўчасна і беспадстаўна загублена бязлітаснымі сталінскімі рэпрэсіямі.

Іван Андрэевіч нарадзіўся 12 красавіка 1890 г. у вёсцы Шчорсы на Наваградчыне ў беднай сялянскай сям'і.

Шчорсы славіліся вялікай царквою, прыгожым палацам і багатай бібліятэкй графа Храптовіча, у якой былі сабраны кнігі па розных галінах ведаў. З дзіцячых гадоў запалі ў душу Янкі гэтыя гістарычныя мясціны, маляўнічыя краявіды родных ваколіц, паўнаводны Нёман, казачнай прыгажосці азёры Свіцязь і Кромань. Пра іх хадзілі шматлікія паданні, якія ён пазней выкарыстае і ўславіць у сваіх творах. Жыццё яго, аднак, складвалася нялёгка. Ён рана застаўся без маці, жыў з бацькам Андрэем Мікалаевічам і дзедам. Як і ўсе вясковыя падлеткі, рана далучыўся да сялянскай працы, клопатаў сям'і. Вучыцца пачаў дома і даволі рана — ва ўзросце каля шасці гадоў. Настаўнікамі былі блізкія, родныя людзі — бацька, дзед, дзядзька Астап. Пасля заканчэння школы ў Шчорсах Янка вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, затым працаваў вясковым настаўнікам. Адначасова настойліва займаўся самаадукацыяй, каб здзейсніць даўнюю мару — паступіць у Пецярбургскі універсітэт. Ужо тое, што ён, сялянскі сын, спадзеючыся толькі на свае сілы, змог у 1914 г. стаць студэнтам імператарскага Пецярбургскага універсітэта, сведчыла пра яго вялікія здольнасці і незвычайную прагу ведаў.

Знаходжанне ў Пецярбурзе, у самым цэнтры сталічнага культурнага жыцця, шмат дало юнаку ў сэнсе агульнага пашырэння ведаў, культурнага ўзроўню, выпрацоўкі светапогляду. Ён многа чытае, вывучае замежныя мовы. Аднак лекцыі ва універсітэце давялося слухаць нядоўга: пачалася імперыялістычная вайна.

З другой паловы 1916 г. I.А. Пятровіч быў мабілізаваны ў армію і пасля школы прапаршчыкаў трапіў на фронт. У сувязі з бальшавіцкім кастрычніцкім пераваротам ён вярнуўся ў Петраград і працягваў заняткі ва універсітэце. Актыўна ўключыўшыся ў грамадскую дзейнасць, ён уступіў у партыю левых эсэраў. Некаторы час працаваў сакратаром культурна-асветнага аддзела Белнацкома, які ўзначальваў тады Браніслаў Тарашкевіч, а пасля загадчыкам выдавецкага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята.

На працягу 1918—1920 гг. I.А. Пятровіч з’яўляўся членам Беларускага вольна-эканамічнага таварыства, створанага ў Петраградзе з мэтай развіцця навукі, культуры, народнай гаспадаркі Беларусі. Членамі гэтага таварыства былі Я. Карскі, А. Сержпутоўскі, А. Шахматаў і іншыя вядомыя вучоныя і грамадскія дзеячы. Разам з Ц. Гартным ён пачынае выдаваць першую савецкую газету на беларускай мове «Дзянніца» (1918—1919). На яе старонках друкаваліся творы Я. Коласа, Ц. Гартнага, А. Гурло, М. Гарэцкага, многіх іншых пісьменнікаў. I.А. Пятровіч таксама змяшчае тут шмат сваіх артыкулаў, прасякнутых шчырай зацікаўленасцю лёсам роднай Беларусі. I ўпершыню падпісваецца літаратурным псеўданімам — Янка Нёманскі.

У гады грамадзянскай вайны ён знаходзіўся на Заходнім фронце, прайшоў усю Беларусь, удзельнічаў у баях за вызваленне Мінска ад белапалякаў. Ваенная служба прымусіла яго пабываць там, куды ніколі не спадзяваўся трапіць: на Карэльскім, Петраградскім, Польскім франтах, пад Нарвай і Варшавай, у Сібіры і на Далёкім Усходзе. Пасля гэтых падзей ён вяртаецца на Беларусь.

I.А. Пятровіч адразу актыўна ўключаецца ў работу, усе свае веды, практычны вопыт аддае справе аднаўлення народнай гаспадаркі, развіцця нацыянальнай культуры, адукацыі. Яго накіроўваюць у планава-эканамічныя органы рэспублікі. I.А. Пятровіч становіцца членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларусі, адказным сакратаром Эканамічнага савета, затым намеснікам старшыні дзяржплана рэспублікі, абіраецца дэлегатам VIII Усебеларускага з’езда Саветаў. Прымаючы неспасрэдны ўдзел у рабоце Інбелкульта, I.А. Пятровіч пасля заснавання Беларускай Акадэміі навук абіраецца яе правадзейным членам, пазней — неадменным сакратаром. Адначасова з ім першымі акадэмікамі нацыянальнай акадэміі сталі вядомыя пісьменнікі, вучоныя, грамадскія дзеячы Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Максім Гарэцкі, У. Ігнатоўскі, В. Пічэта, С. Вальфсон, С. Некрашэвіч, I. Замоцін. 1 студзеня 1929 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускай Акадэміі навук, а ў 1931 г. быў абраны новы Прэзідыум. I. Пятровіч становіцца членам Прэзідыума акадэміі, вучоным сакратаром Інстытута эканомікі. У гэты час ён актыўна выступае ў перыядычным друку з артыкуламі па пытаннях гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі.

Яшчэ ў 1928 г. у Маскве быў выдадзены першы зборнік твораў беларускіх пісьменнікаў, «выйшаўшых з сям'і працоўнага народа», дзе Янка Нёманскі змяшчае свой артыкул «К культурна-прасветным задачам Беларусі». Нягледзячы на вялікую загружанасць у дзяржплане, абавязкамі акадэміка, грамадскай, пісьменніцкай дзейнасцю, Янка Нёманскі прымае непасрэдны ўдзел у навучанні студэнтаў. З 1933 па 1936 г. ён чытае лекцыі ў Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі, які быў заснаваны пры яго садзеянні, загадвае тут кафедрай фінансавых дысцыплін. У 20—30-я гады Янка Нёманскі напісаў шмат навукова-папулярных прац, якія б маглі скласці не адзін том. Асаблівую цікасвасць выклікаюць яго артыкулы, прысвечаныя эканамічнаму становішчу Беларусі, развіццю яе гісторыі, культуры. У шматлікіх артыкулах Янка Нёманскі як бы назапашваў назіранні, розныя факты жыцця народа, якія потым будуць выкарыстаны ім у мастацкіх творах. Ужо ў гэтых публіцыстычных нарысах, дакладных замалёўках акрэсліваюцца важныя для пісьменніка думкі, ідэі, асабістае стаўленне да многіх надзённых праблем тагачаснай рэчаіснасці. Разнастайная навуковая, дзяржаўная і грамадская дзейнасць не перашкаджала яму, аднак, займацца і мастацкай творчасцю, удзельнічаць у літаратурным жыцці рэспублікі. Ён быў членам праўлення аб’яднання «Полымя» (1927—1932). Блізкія, сяброўскія ўзаемаадносіны складваюцца ў яго з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Цішкам Гартным. Як пісьменнік Я. Нёманскі стаў вядомым з 1922 г., калі ў першым нумары часопіса «Полымя», які пачаў выходзіць з гэтага года, было надрукавана яго першае апавяданне «Над Кроманню». Затым амаль штогод мастацкія творы пісьменніка друкуюцца ў перыядычных выданнях, выходзяць асобнымі кніжкамі, перакладаюцца на рускую, украінскую, польскую мовы. Першы зборнік Я. Нёманскага «Апавяданні» выйшаў у 1925 г., а ў 1928 г. ён быў перавыдадзены пад назвай «На зломе». Гэты зборнік ў перакладзе К. Якоўчыка на рускую мову апублікаваны ў Ленінградзе пад назвай «На изломе» (1930) з уступным артыкулам С. Замбржыцкага. Аповесць «Партызан» і раман «Драпежнікі» друкаваліся на старонках часопіса «Полымя» ў 1926—1930 гг.

Мастацкая спадчына Я. Нёманскага з’яўляецца адной з яркіх і цікавых старонак беларускай літаратуры. З першых пісьменніцкіх крокаў ён заявіў аб сабе як празік самабытны, арыгінальны, таленавіты. У яго не было доўгага вучнёўскага перыяду — мастацкай школай для пісьменніка было само жыццё. Ён адразу ўвайшоў у літаратуру сваімі апавяданнямі. Усе яны — «Над Кроманню» (1922), «Рамэа і Джульета на Беларусі», «Дэзерцір» (абодва — 1923), «Маці» (1924,) «Зварот», «Тодар Базылёнак», «Абмылка» (усе — 1925) — былі напісаны ў першай палове 20-х гадоў. Янка Нёманскі, як і Якуб Колас, Цішка Гартны, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, раскрываў лёс простага чалавека, а праз яго і лёс беларускага народа на цяжкіх і супярэчлівых перакрыжаваннях гісторыі.

Апавяданне «Над Кроманню» мае падзагаловак «З часоў 1905 года», які гаворыць аб тэматычнай скіраванасці твора. Галоўныя героі апавядання «Над Кроманню» — простыя людзі, сялянская грамада, з якой вылучаюцца многія індывідуальнасці з розным узроўнем нацыянальнай свядомасці. Аўтар апісвае падзеі, што на самай справе мелі месца на Наваградчыне, пераказвае народнае паданне пра дзіўнае возера Кромань. Твор моцны грунтоўным, дэталёвым раскрыццём побыту і працы сялян, смалакураў, уменнем пісьменніка дасканала апісаць прыгажосць роднай прыроды, цудоўнага, казачна-маляўнічага возера, як жывой істоты, якая дапамагае і спачувае людзям.

«Рамэа і Джульета на Беларусі» сваім зместам звернута ў яшчэ больш аддаленае мінулае. Пісьменнік, па-свойму распрацоўваючы адвечны класічны сюжэт, сцвярджае ідэю, што і сярод беларусаў ёсць свае Рамэа і Джульеты, якія жывуць моцнымі, высокімі пачуццямі. Беларускі аўтар па-мастацку адметна і глыбока, на спецыфічна нацыянальным матэрыяле паказаў, што трагедыя кахання Яся і Алесі не толькі ў прыватных нядобразычлівых узаемаадносінах дзвюх сем’яў (адна з якіх належала да каталіцкага, другая да праваслаўнага веравызнання), але і ў агульнасацыяльным ладзе жыцця.

Апавяданні «Дэзерцір», «Маці» прыкметныя цікавымі характарамі, здольнасцю пісьменніка перадаць найбольш тыповыя адзнакі эпохі, высветліць унутраную сутнасць герояў, іх пачуцці, перажыванні. Раскрыццё духоўнага свету чалавека, яго жыцця наогул у гэтых творах ідзе па лініі суадносін з падзеямі часу. Яны, як і папярэднія — «Над Кроманню», «Рамэа і Джульета на Беларусі», — маюць трагічную развязку. Жыццё сваіх герояў пісьменнік даследуе на мяжы барацьбы паміж двума светамі — старым і новым, на мяжы паміж быццём і смерцю. Героі ідуць шляхам цяжкіх выпрабаванняў, драматызм якіх быў не толькі ў рэвалюцыйных катаклізмах эпохі, але і ў асабістых, сямейных узаемаадносінах, у душах людзей, якія імкнуліся дайсці да сутнасці падзей, зразумець, на чыім баку праўда. Гэтая праблема стала галоўнай у апавяданні «Маці». Шчырымі, пранікнёнымі словамі апавядае аўтар пра тое, як простая, неадукаваная жанчына, маці двух дарослых сыноў, абуджаецца да свядомага ўспрыняцця таго, што адбываецца ў цяжкім і супярэчлівым жыцці.

У апавяданнях пісьменніка, прысвечаных паслякастрычніцкай рэчаіснасці, прыкметна жаданне выявіць і паказаць змены ў побыце, свядомасці людзей гарадскога («Зварот», «Абмылка») і вясковага («Тодар Базылёнак») асяроддзя. Наватарства Я. Нёманскага ў беларускай прозе вызначалася вострым адчуваннем праблем сучаснасці. У гэтым была яго значнасць і сіла як мастака.

Эмацыянальнасць, драматычная, у многіх выпадках трагічная напружанасць сюжэта, удумлівы аналіз грамадскага жыцця сведчаць пра тое, што пісьменнік імкнуўся не толькі да простай канстатацыі фактаў, з’яў, пачуццяў сваіх герояў, але і да псіхалагічнай напоўненасці твораў. У гэтым сэнсе апавядальнае майстэрства Я. Нёманскага мела немалое значэнне для распрацоўкі прыёмаў псіхалагізму ў беларускай прозе. Яго творы напісаны ў традыцыйнай апавядальнай манеры, з павольным развіццём падзей, абавязковай завершанасцю сюжэта, што выклікала часам залішнюю замаруджанасць дзеяння, падрабязную апісальнасць.

Майстэрства Я. Нёманскага-мастака асабліва праявілася ў стварэнні побытавых, батальных сцэн, у апісанні працы сялян і фабрычных рабочых, што было надзвычай каштоўным вопытам для развіцця беларускай прозы.

Яркія карціны роднай прыроды сустракаюцца амаль у кожным творы пісьменніка. Маляўнічыя пейзажы з’яўляюцца пастаянным акампанементам падзей, пачуццяў, перажыванняў, роздуму герояў. Своеасаблівая, цудоўная прырода Беларусі выступае паўнапраўным героем апавяданняў.

Падзеі амаль ва ўсіх творах адбываюцца на тэрыторыі Беларусі. Кожнае апавяданне мае канкрэтнае месца дзеяння, якое называецца дакладна (Кромань, Мінск, Лепель, Бярэзіна, Барысаў, Докшыцы, Петрыкаў, Тураўскія лясы, Віцебск). Апавяданні Я. Нёманскага надзвычайна вялікія сваім аб’ёмам, значныя глыбінёй раскрыцця пастаўленых праблем. Яны высока ацэньваліся ў крытыцы 20-х і 30-х гадоў.

Унутраны лад апавяданняў Я. Нёманскага сведчыў, што далейшае развіццё яго творчай індывідуальнасці пойдзе ў напрамку буйных празаічных жанраў. I сапраўды, у другой палове 20-х і пачатку 30-х гадоў выходзяць з друку аповесць «Партызан» (1927) і раман «Драпежнікі» (1928—1930). У гэты час у беларускай прозе ўзнікла тэндэнцыя да шырокага ахопу падзей рэчаіснасці.

Аповесць Я. Нёманскага «Партызан» давала чытачу ўяўленне аб чалавеку-барацьбіту. Празаік апісвае гісторыю подзвігаў беларускага юнака, які з невялікім атрадам адважных партызан выступае сураць белапалякаў. Імкненне паказаць гераічны характар народнай барацьбы з акупантамі вызначыла рамантычны пафас аповесці. Створана яна ў неарганічнай для таленту празаіка «бурапеннай традыцыі» маладнякоўскай прозы. Але, як і іншыя падобныя творы, аповесць набыла вялікую папулярнасць у тагачаснага чытача, ды і сёння дзякуючы свайму імкліваму, захапляючаму сюжэту чытаецца з цікавасцю.

Некаторыя апавяданні з шырока разгорнутым сюжэтам, а затым аповесць былі для Я. Нёманскага своеасаблівым подступам да рамана. Пісьменнік задумаў вялікае эпічнае палатно пра жыццё ўсіх слаёў насельніцтва Беларусі ў пераломныя, бурныя гады гісторыі пачатку XX ст. Раман «Драпежнікі» стаў адным з лепшых твораў беларускай раманістыкі, у якім эпічная шырыня спалучаецца з глыбокім аналізам падзей. Адлюстроўваючы лёсы асобных людзей, шматлікія сцэны і сітуацыі прыватнага побыту, Я. Нёманскі імкнуўся даць аналіз асноўных заканамернасцей гістарычнага развіцця беларускага грамадства напярэдадні першай сусветнай вайны, стварыць сацыяльна-палітычны воблік эпохі. Усё гэта абумовіла шматпланавую структуру, асаблівасці сюжэтнай і кампазіцыйнай пабудовы рамана. Як і ў папярэдніх творах, у рамане пісьменнік актыўна выкарыстоўвае прынцып кантрастнага супастаўлення, на якім засноўваецца глыбокі драматызм у перадачы знешніх падзей, унутранага жыцця герояў, антаганізму характараў. Драматызм твора абумоўлены таксама палярна супрацьлеглымі дзеяннямі, поглядамі, жыццём дзвюх сацыяльных груп: з аднаго боку — лагера «драпежнікаў», пануючай вярхушкі, з другога — рабочых, сялян, прадстаўнікоў бяднейшай інтэлігенцыі. Храналагічна раман прывязаны да самага пачатку XX ст., падзеі разгортваюцца і ў Мінску, і ў беларускіх вёсках, і ў багатых родавых маёнтках князёў Друцкіх, паноў Ляскоўскіх. У беларускай літаратуры гэта быў першы значны празаічны твор, дзе пісьменіку ўдалося шырока разгарнуць жыццё беларускага грамадства, усіх яго слаёў напярэдадні тых катаклізмаў, што пачаліся з 1917 г. Тут і вобразы багатых паноў Ляскоўскіх, і князя Друцкага, як сімвалічныя, яскравыя адзнакі часу, і не менш каларытныя фігуры гандляра Масея Ліўшыца, губернатара Курлава, кола яго падначаленых, розных чыноўнікаў, паліцэйскіх, дробных памешчыкаў, шляхты. Апісваючы іх ўзаемаадносіны, пераплеценасць інтарэсаў, аўтар дае цікавыя падрабязнасці, сцэны асабістага жыцця арыстакратаў, падкрэсліваючы іх адмежаванасць, аддаленасць ад народа. Побач з гэтай раскошай, бестурботным існаваннем, свецкімі прыёмамі, балямі, багатымі палацамі паўстае жыццё працоўнага люду — галеча, бяспраўе, невыносныя побытавыя ўмовы, смурод гарбарняў, сялянскія бедныя хаты, жабрацкая аплата цяжкай паўсядзённай працы. Пісьменнік не мог не заўважыць, вядома ж, і такую з’яву ў тагачасным жыцці, як нарастанне бальшавіцкай прапаганды ў сялянскім і асабліва ў рабочым асяроддзі. Аднак паколькі сам Я. Нёманскі спавядаў леваэсэраўскія ідэі, якія істотна разыходзіліся з поглядамі бальшавікоў на многія праблемы рэвалюцыйнай дзейнасці, то вобраз Зыкава-Росяка — бальшавіцкага падпольшчыка-рэвалюцыянера — атрымаўся даволі невыразным і павярхоўным. Аўтар імкнуўся паказаць пачаткі пранікнення рэвалюцыйных ідэй у сялянскія масы, наладжванне сувязей рабочых з сялянствам, але падкрэсліваў, што тыя метады, якія выкарыстоўвалі бальшавікі, не маглі даць станоўчых вынікаў, яны разбуральныя. I сапраўды, усе тыя людзі, з якімі сутыкаўся Зыкаў-Росяк, станавіліся ахвярамі ягонай дзейнасці. У адзіны кампазіцыйны план уведзены і шматлікія іншыя персанажы рамана. Гэта прывабны вобраз Зосі, дзявочую прыгажосць і рамантычную ўзнёсласць летуценняў якой груба і бязлітасна растаптаў пан Ляскоўскі. Антыпод Зосі — разбэшчаная князёўна Друцкая, што шукае вострых прыгод сярод сваіх шматлікіх палюбоўнікаў. Азначаны, але не завершаны сюжэтныя лініі прадстаўнікоў рэвалюцыйна настроенай моладзі — сына настаўніка Тодара Крэпчука, рабочага Сёмы Каца, сялянскай дзяўчыны Ганулі Кавальчык. Больш грунтоўна і шматгранна раскрыты вобраз вясковага настаўніка Петруся Мікалаевіча. Праз яго асобу пісьменнік адлюстроўваў не толькі становішча вясковага настаўніцтва, але і выявіў трагедыю інтэлігентаў, якія, прыняўшы ідэі народніцтва, ішлі ў народ «сеяць разумнае, добрае, вечнае», аднак з-за неспрыяльных абставін гублялі ідэалы сваёй маладосці. Акрамя псіхалагічных, духоўных рыс характару героя, яго пачуццяў, перажыванняў, адносін з людзьмі пісьменніка цікавяць і побытавыя ўмовы настаўніцкай сям'і, праца Петруся Мікалаевіча. Добрае веданне настаўніцкага асяроддзя дазволіла Янку Нёманскаму, які сам прыкладна ў гэты час працаваў вясковым настаўнікам, стварыць сапраўдны тыповы вобраз беларускага настаўніка, паказаць яго добрую спагадлівую душу, любоў да дзяцей, якім ён імкнуўся аддаць цеплыню свайго сэрца, перадаць свае веды, давер да яго вяскоўцаў.

Раман наогул вылучаецца мастацкай апрацаванасцю ўсіх вобразаў, выразнай акрэсленасцю асноўных сюжэтных ліній, хоць твор і не завершаны. Тут прыкметны свой вобразны свет, арыгінальная мастакоўская думка, глыбока індывідуальная страснасць і рашучы настрой душы аўтара, імкненне выказаць свае погляды, меркаванні адносна грамадскага жыцця краіны. У параўнанні з аповесцю, некаторымі апавяданнямі ў ім значна ўзраслі пісьменніцкая культура, апавядальнае майстэрства.

Дзеянне рамана абрываецца на самым цікавым месцы, калі застаюцца невядомымі лёсы герояў твора. Другая частка «Драпежнікаў», якая мела назву «У віры», не пабачыла свету. Пісьменнік працаваў над ёй больш за пяць гадоў. Яна была ўжо падрыхтаваная асобнай кнігай, надрукавана і збрашуравана, але не паспела выйсці з-за арышту аўтара. Іван Андрэевіч Пятровіч быў арыштаваны 26 красавіка 1937 г. Яго, як і многіх іншых беларускіх пісьменнікаў, абвінавачвалі ў нацдэмаўшчыне, імкнуліся даказаць, што ён «польскі шпіён», але галоўная яго віна была, аказваецца, у тым, што ён быў некалі левым эсэрам. Пры арышце ў Я. Нёманскага былі забраны ўсе рукапісы, перапіска, запісныя блакноты, уласныя кнігі і кнігі пад яго рэдакцыяй, у тым ліку і другая частка рамана. Усе гэтыя рукапісы, кнігі «ворагаў народа» спальваліся, як стала цяпер вядома, па «Акту о сожжения», як «не имеющие литературной ценности». Іх літаратурную значнасць і каштоўнасць устанаўлівалі напаўадукаваныя следчыя, падпарадкоўваючыся загадам зверху. Сам Янка Нёманскі быў расстраляны 30 кастрычніка 1937 г. у Мінску. Дзе магіла гэтага таленавітага сына беларускага народа, невядома.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Савік Л. С. Янка Нёманскі // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 615−631.

2. Уводзіны ў літаратуразнаўства. Хрэстаматыя / Пад рэд. М. А. Лазарука.- 2-е выд., дапр. і дап.- Мн., 1991.

3. Хрестоматия по теории литературы / Составитель Л. Н. Осьмакова.- М., 1982.

4. Нёманскі Я. Творы. Мн., 1984.

5. Яцухна В.І. Тэорыя літаратуры / Яцухна В.І., г. Гомель, 2002. — 147 с.

Показать весь текст
Заполнить форму текущей работой